СКАЛАЛА́ЖАННЕ спартыўнае,
праходжанне скальных маршрутаў з улікам хуткасці і складанасці пад’ёму; від альпінізму. Уключае індывід. ўзыходжанні без прыстасаванняў і камандныя — двух спартсменаў, якія ўзаемадзейнічаюць у звязцы пры выкарыстанні спец. прылад і рыштунку. Спаборніцтвы праводзяцца на крутых скалах выш. каля 100 м. Узнікла С. ў СССР у 1930-я г. На Беларусі Федэрацыя альпінізму і скалалажання існуе з 1955. Чэмпіянаты рэспублікі па С. праводзяцца з 1973. Найб. актыўна развіваецца С. ў гарадах Бабруйск, Барысаў, Гомель, Жлобін, Ліда, Магілёў, Мінск, Пінск. Штучныя скаладромы пабудаваны ў Гомелі і Мінску. У міжнар. спаборніцтвах найб. вызначыліся Дз.Бычкоў, А.Дыбанаў, В.Хананаў, С.Шафераў (1999—2001) і інш.
В.С.Кахнепка.
т. 14, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)