СКАЛАПЕ́НДРАВЫЯ (Scolopendromorpha, або Scolopendrida),

атрад беспазваночных жывёл кл. губаногіх. 2 сям.: крыптапіды (Cryptopidae) і скалапендры (Scolopendridae). Каля 900 відаў. Большасць пашыраны ў тропіках і субтропіках, глебавыя С. трапляюцца ў стэпавай і лясной зонах Усх. Еўропы. Жывуць пад камянямі, бярвёнамі, у расколінах скал, глебы і інш.

Даўж. да 30 см. Цела пляскатае ў спінна-брушным напрамку, складаецца з членікаў, на большасці якіх ёсць дыхальцы. Спіна скурыстая, звычайна цямнейшая за брушка. Скалапендры па баках галавы маюць вочы, якія складаюцца са скопішчаў простых вочак, крыптапіды — сляпыя. Развіццё з эпімарфозам. Кормяцца ў асн. беспазваночнымі, буйныя — і дробнымі пазваночнымі. Многія ядавітыя, ядомыя.

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)