РАТЧ (Васіль Фёдаравіч) (28.10.1816—14.1.1870),
ваенны дзеяч, гісторык. Ген.-маёр (1860). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1837), дзе пазней выкладаў. З 1860 загадваў палігоннымі заняткамі артылерыі Асобнага гвардз. корпуса. З 1864 пам. нач. артылерыі Віленскай ваен. акругі; па даручэнні М.М.Мураўёва складаў «Звесткі пра польскі мяцеж 1863 г. ў Паўночна-Заходняй Расіі». Меў доступ да ўсіх сакрэтных следчых матэрыялаў і мог сам распытваць вязняў. У 1869 выйшаў у адстаўку і праца засталася незавершанай. У 1867—68 надрукаваны «Уводзіны» і 2 першыя тамы. Праца напісана ў афіцыёзным духу, змяшчала каштоўныя матэрыялы пра рэв. светапогляд і паліт. праграму К.Каліноўскага. Архіў Р., у т. л. неапублікаваныя фрагменты «Звестак...», захоўваецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Тв.:
Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т 1—2. Вильна, 1867—68;
З «Сведений» В.Ф.Ратча // Каліноўскі К. За нашую вольнасць: Тв., дак. Мн., 1999.
Г.В.Кісялёў.
т. 13, с. 372
РАТШТЭ́ЙН (Фёдар Аронавіч) (26.2.1871, г. Каўнас, Літва — 30.8.1953),
савецкі гісторык, дыпламат. Акад. АН СССР (1939). У 1890—1920 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. З 1895 чл. англ. С.-д. федэрацыі, з 1911 адзін з лідэраў левага крыла Брыт. сацыяліст. партыі. Удзельнічаў у стварэнні кампартыі Вялікабрытаніі (1920). У 1920—23 паўнамоцны прадстаўнік РСФСР у Іране. У 1922—26 правадз. чл. Сацыялістычнай (з 1924 — Камуніст.) акадэміі. У 1923—30 адказны рэд. час. «Международная жизнь». У 1924—25 дырэктар Ін-та сусв. гаспадаркі і сусв. палітыкі. У 1927—45 чл. гал. рэдакцыі Вял. Сав. Энцыклапедыі. Працы па гісторыі рабочага руху, каланіяльнай палітыкі і міжнар. адносін: «З гісторыі пруска-германскай імперыі» (1948), «Захоп і закабаленне Егіпта» (2-е выд. 1959).
т. 13, с. 372
РАТЫФІКАЦЫ́ЙНАЯ ГРА́МАТА,
дакумент, які пацвярджае ратыфікацыю міжнар. дагавора правамоцным органам дзяржавы. Звычайна падпісваецца кіраўніком дзяржавы (урада) і змацоўваецца подпісам міністра замежных спраў. Можа здавацца на захоўванне (дэпаніравацца) дэпазітарыю шматбаковага дагавора. Пры заключэнні двухбаковага дагавора яго ўдзельнікі могуць абменьвацца Р.г.
т. 13, с. 373
РАТЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. ratificatio вырашаны, зацверджаны + facere рабіць). 1) зацвярджэнне вярх. органам улады пэўнай краіны дагавора міжнароднага. заключанага яе ўпаўнаважаным. Р. падлягаюць звычайна найб. важныя міжнар. дагаворы. Канстытуцыі большасці дзяржаў адносяць права Р. міжнар. дагавораў да кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы (з санкцыі вышэйшага заканад. органа або без яе) або непасрэдна да кампетэнцыі вышэйшага заканад. органа. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права Р. міжнар. дагавораў належыць Палаце прадстаўнікоў Нац. сходу.
2) У некаторых краінах (напр., ЗША, Расія і інш.) зацвярджэнне суб’ектамі федэрацыі, рэферэндумам або спецыяльна скліканымі органамі змен ці дапаўненняў да тэксту канстытуцыі, прынятых парламентам краіны.
т. 13, с. 373
РАТЫЦЫ́ДЫ [ад франц. rat пацук + ...цыд(ы)],
хімічныя сродкі групы заацыдаў, якія выкарыстоўваюцца для знішчэння пацукоў. Разнастайныя па хім. будове і біял. уздзеянні. Найб. часта выкарыстоўваюць некат. антыкаагулянты (рэчывы, якія памяншаюць скорасць згусання крыві), асабліва вытворныя кумарыну (зоакумарын, фумарын, ратындан). Дабаўляюць у прынады.
т. 13, с. 373
РА́ТЭНАЎ ((Rathenau) Вальтэр) (29.9.1867, Берлін —24.6.1922),
германскі прамысловец, дзярж. дзеяч, публіцыст. Д-р фіз. н. (1889). Сын яўр. прамыслоўца Эміля Р. (1838—1915), які ў 1880-я г. засн. у Германіі Усеагульную эл. кампанію (УЭК). Вучыўся ў Страсбургскім і Берлінскім ун-тах (1886—89). У 1893—99 дырэктар т-ва «Электрахімічныя заводы» ў г. Бітэрфельд. З 1899 чл. праўлення, з 1915 старшыня назіральнага савета УЭК. У 1902—07 уладальнік Берлінскага гандл. т-ва. У 1914—15 кіраўнік аддзела сыравіны Ваен. мін-ва Прусіі. У 1921 міністр аднаўлення. Прыхільнік палітыкі выканання Германіяй умоў Версальскага мірнага дагавора 1919. З лют. 1922 міністр замежных спраў; у час Генуэзскай канферэнцыі 1922 разам з К.А.Віртам падпісаў Рапальскі дагавор 1922 з РСФСР. Аўтар сац. і культ.-філас. артыкулаў (друкаваўся з 1897) і кніг «Да крытыкі часу» (1912), «Да механікі духу» (1913), «Пра будучыя рэчы» (1917), «Новая гаспадарка» (1918). Забіты членамі антысеміцка-праваэкстрэмісцкай арг-цыі.
т. 13, с. 373