РАТЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. ratificatio вырашаны, зацверджаны + facere рабіць). 1) зацвярджэнне вярх. органам улады пэўнай краіны дагавора міжнароднага. заключанага яе ўпаўнаважаным. Р. падлягаюць звычайна найб. важныя міжнар. дагаворы. Канстытуцыі большасці дзяржаў адносяць права Р. міжнар. дагавораў да кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы (з санкцыі вышэйшага заканад. органа або без яе) або непасрэдна да кампетэнцыі вышэйшага заканад. органа. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права Р. міжнар. дагавораў належыць Палаце прадстаўнікоў Нац. сходу.
2) У некаторых краінах (напр., ЗША, Расія і інш.) зацвярджэнне суб’ектамі федэрацыі, рэферэндумам або спецыяльна скліканымі органамі змен ці дапаўненняў да тэксту канстытуцыі, прынятых парламентам краіны.
т. 13, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)