РАТЧ (Васіль Фёдаравіч) (28.10.1816—14.1.1870),
ваенны дзеяч, гісторык. Ген.-маёр (1860). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1837), дзе пазней выкладаў. З 1860 загадваў палігоннымі заняткамі артылерыі Асобнага гвардз. корпуса. З 1864 пам. нач. артылерыі Віленскай ваен. акругі; па даручэнні М.М.Мураўёва складаў «Звесткі пра польскі мяцеж 1863 г. ў Паўночна-Заходняй Расіі». Меў доступ да ўсіх сакрэтных следчых матэрыялаў і мог сам распытваць вязняў. У 1869 выйшаў у адстаўку і праца засталася незавершанай. У 1867—68 надрукаваны «Уводзіны» і 2 першыя тамы. Праца напісана ў афіцыёзным духу, змяшчала каштоўныя матэрыялы пра рэв. светапогляд і паліт. праграму К.Каліноўскага. Архіў Р., у т. л. неапублікаваныя фрагменты «Звестак...», захоўваецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Тв.:
Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т 1—2. Вильна, 1867—68;
З «Сведений» В.Ф.Ратча // Каліноўскі К. За нашую вольнасць: Тв., дак. Мн., 1999.
Г.В.Кісялёў.
т. 13, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)