Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПО́РТМАН ((Portman) Джон Кальвін) (н. 4.12.1924, Валхала, ЗША),

амерыканскі архітэктар. Аўтар шматлікіх вышынных дзелавых, гандл., высокакамфартабельных гасцінічных будынкаў з рысамі еўрап. пасажаў 19 ст. Сярод твораў: Пічтры-цэнтр у Атланце (1961—85), Рэнесансавы цэнтр у Дэтройце (1971—77), атэлі Хает Рыджэнсі Кет у Сан-Францыска (1974, самы вялікі), Банавентура ў Лос-Анджэлесе (1976) і інш.

т. 12, с. 514

ПО́РТСМУТ (Portsmouth),

горад на Пд Вялікабрытаніі, на ўзбярэжжы Ла-Манша. Засн. ў канцы 12 ст. Каля 200 тыс. ж. (2000). Марскі порт, вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: суднабуд. і суднарамонтная, авіяц., радыёэлектронная, швейная. Ваен.-марская база. Арх. помнікі 12—17 ст.

т. 12, с. 514

ПО́РТСМУТ (Portsmouth),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Гэмпшыр. Засн. ў 1653. 25,4 тыс. ж., з гарадамі Довер, Рочэстэр і агульнымі прыгарадамі больш за 250 тыс. ж. (2000, частка прыгарадаў у штаце Мэн). Марскі порт, трансп. вузел. Прам-сць: вытв-сць ЭВМ, кантрольна-вымяральных прылад, стралк. зброі, суднарамонтная, гарбарна-абутковая, гумавая, шкляная. Музейныя кварталы будынкаў 17 і 18 ст. У 1905 у П. падпісаны Портсмуцкі мірны дагавор 1905 паміж Расіяй і Японіяй.

т. 12, с. 514

ПО́РТСМУЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1905.

Завяршыў руска-японскую вайну 1904—05. Падпісаны 5 вер. ў Портсмуце (ЗША) старшынёй кабінета міністраў Расіі С.Ю.Вітэ і міністрам замежных спраў Японіі Д.​Камура пры пасрэдніцтве прэзідэнта ЗША Т.Рузвельта. Паводле дагавора Расія ўступала Японіі арэндныя правы на Ляадунскі п-аў з гарадамі Порт-Артур і Дальні, Паўд.-маньчжурскую чыгунку ад Порт-Артура да Чанчуня; паўд. ч. в-ва Сахалін (да 50-й паралелі), Карэя прызнавалася сферай яп. ўплыву. Бакі абавязаліся вывесці свае войскі з Маньчжурыі, Расія згаджалася заключыць з Японіяй канвенцыю па рыбнай лоўлі.

т. 12, с. 514

ПО́РТУ, Апорта (Porto, Oporto),

горад на ПнЗ Партугаліі. Адм. ц. акругі Порту. 302,5 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1,5 млн. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт пры ўпадзенні р. Дуэра ў Атлантычны ак. Міжнар. аэрапорт. Другі па эканам. значэнні і насельніцтве (пасля Лісабона) цэнтр краіны. Прам-сць: нафтаперапр., тэкст., маш.-буд. (суднабуд., эл.-тэхн. і інш.), вінаробная, рыбакансервавая, хім., шкляная, папяровая, гарбарна-абутковая, швейная. Каляровая металургія, апрацоўка кары коркавага дубу. Ун-т. Сабор (1113—36, перабудаваны ў 17—18 ст.), шматлікія гатычныя рэнесансавыя і барочныя будынкі. Турызм.

У 1 ст. да н.э. на тэр. сучаснага П. існавала рым. калонія пад назвай Портус-Кале (адсюль назва Партугаліі). У канцы 5 ст. н.э. ўладанне свеўскіх каралёў, з 540 — вестготаў, у 716—997 — арабаў. У час Рэканкісты шмат разоў пераходзіў з рук у рукі. У 1095 цэнтр Партугальскага графства. З 12 ст. П. — адзін з найважнейшых партоў краіны і цэнтр гандлю вінамі. Пасля заключэння ў 1703 англа-партуг. Метуэнскага дагавора П. — калонія брыт. маракоў і гандляроў вінамі. У 1820 адзін з цэнтраў антыбрыт. паўстання. У 1832 гараджане падтрымалі Педру IV і Марыю II да Глорыя (гл. Мігелісцкія войны). У 1891 у П. адбылося рэсп. паўстанне, у 1927 — паўстанне супраць ваен. дыктатуры.

т. 12, с. 514

ПО́РТУ-АЛЕ́ГРЫ (Porto Alegre),

горад на Пд Бразіліі. Адм. ц. штата Рыу-Гранды-ду-Сул. Засн. ў 1742. Каля 1,5 млн. ж., у агламерацыі больш за 3 млн. ж. (2000). Порт на беразе возера-лагуны Патус Атлантычнага ак., вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны эканам. цэнтр Пд краіны. Прам-сць: харч. (у т. л. мясахладабойная, масларобчая, мукамольная), тэкст., нафтаперапр., хім., маш.-буд., гарбарна-абутковая, тытунёвая, дрэваапр., чорная металургія. Ун-ты. Музей мастацтва штата.

т. 12, с. 514

ПО́РТЭР ((Porter) Джордж) (н. 6.12.1920, г. Стэйнфарт, Вялікабрытанія),

англійскі фізікахімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1960). Замежны чл. Рас. АН (1988). Вучыўся ва ун-це г. Лідс і Кембрыджскім ун-це (1938—41). З 1945 у Кембрыджскім, з 1955 у Шэфілдскім ун-тах. З 1963 праф., у 1966—85 дырэктар Каралеўскага ін-та Вялікабрытаніі, адначасова ў 1968—72 прэзідэнт Міжнар. к-та па фотабіялогіі. Навук. працы па даследаванні быстрых фотахім. рэакцый у газавай і кандэнсаванай фазах. Стварыў устаноўку імпульснага фатолізу (разам з Р.​Дж.Р.Норышам;1950) і адну з першых установак імпульснага лазернага фатолізу. Даследаваў механізм першасных фотахім. рэакцый на мадэльных сістэмах фотасінтэзу. Устаноўлены медаль імя П. (1986) за лепшыя працы па фотахіміі. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Норышам і М.Эйгенам).

Дж.Портэр.

т. 12, с. 514

ПО́РТЭР ((Porter) Коўл) (9.6.1891, г. Перу, штат Індыяна, ЗША — 15.10.1964),

амерыканскі кампазітар. Скончыў Іельскі ун-т (1913). Вучань В. д’Эндзі. Аўтар мюзіклаў «Цалуй мяне, Кэт» (паводле камедыі У.​Шэкспіра «Утаймаванне свавольніцы», 1948), «Пастка» (1953) і інш., шматлікія з якіх экранізаваны. Пісаў музыку да кінафільмаў і тэлевізійных пастановак, музыку і тэксты папулярных песень. П. прысвечаны біягр. кінафільм «Ноч і дзень».

т. 12, с. 514

ПО́РТЭР ((Porter) Родні Роберт) (8.10.1917, г. Ньютан-ле-Уілаўс, Вялікабрытанія — 7.9.1985),

англійскі імунолаг і біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1964). Ганаровы замежны чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Адукацыю атрымаў ва ун-тах Ліверпуля і Кембрыджа. З 1949 у Нац. ін-це мед. даследаванняў у Лондане, з 1960 праф. мед. школы пры бальніцы Сент-Мэры ў Лондане, з 1967 праф. Оксфардскага ун-та, з 1970 чл. Савета мед. даследаванняў. Навук. працы па хім. структуры антыцел. Высветліў першасную структуру нармальных і анамальных гамаглабулінаў, распрацаваў метад расшчаплення малекул антыцел на фрагменты, прапанаваў схему іх будовы і гіпотэзу аб трацічнай структуры іх актыўнага цэнтра. Нобелеўская прэмія 1972 (разам з Дж.М.Эдэльманам).

Р.Портэр.

т. 12, с. 515

ПОРТ-АРТУ́Р,

руская назва ў 1895—1955 г. Люйшунь у Кітаі.

т. 12, с. 513