Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МА́ЙНІНГЕ́НСКІ ТЭА́ТР,

нямецкі драм. т-р 19 ст. ў г. Майнінген. Будынак т-ра ўзведзены ў 1831. Першапачаткова працавалі оперная і драм. трупы, з 1861 — драматычная. З 1860 прыдворны т-р, з 1871 — гарадскі. Перыяд найвышэйшага творчага ўздыму звязаны з дзейнасцю герцага Георга II і рэж. Л.​Кронека (1871—91). У рэпертуары т-ра п’есы ням. і замежных драматургаў: Ф.​Шылера, Г.​Лесінга, У.​Шэкспіра, Дж.​Байрана, Мальера, Г.​Ібсена і інш. Развіваў традыцыі т.зв. маляўнічай рэжысуры Ф.Дзінгельштэта і Л.Дэўрыента. Пастаноўкі вызначаліся зладжанасцю ўсіх элементаў спектакля, гіст. дакладнасцю вобразаў, дэкарацый, касцюмаў. З сярэдзіны 1890-х г. т-р страціў сваю значнасць.

т. 9, с. 520

МАЙНЦ (Mainz),

горад на З Германіі. Адм. ц. зямлі Рэйнланд-Пфальц. 185,5 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Рэйн. Прам-сць: трансп. машынабудаванне (вагона-, аўта- і суднабудаванне), радыёэлектронная, хім., інструментальная, буд. матэрыялаў, паліграфічная, тэкст., абутковая, гарбарная, харчасмакавая, у т. л. вінаробства. Акадэмія навук і л-ры. Ун-т. Рымска-германскі цэнтр. Музей сусв. друкарства. Арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. раманскі сабор Санкт-Марцін-унд-Саніст-Штэфан, капэла, гатычныя цэрквы, барочныя цэйхгаўз і палац курфюрстаў.

У старажытнасці на месцы М. існавала паселішча кельтаў, з канца 1 ст. да н.э. — умацаваны лагер рымлян, з канца 1 ст. н.э. цэнтр пагран. рымскай прав. Верхняя Германія. У 297 упершыню згадваецца як горад. У 8 ст. — 1798 рэзідэнцыя архіепіскапаў, у 13 — пач. 19 ст. цэнтр Майнцкага курфюрства. У 1244—1462 самакіравальны горад, у 1254—57 узначальваў Рэйнскі саюз гарадоў. Каля 1450 тут пачаў друкаваць кнігі І.Гутэнберг. У 1477 засн. ун-т. У аўстра-пруска-франц. вайну 1792—95 акупіраваны франц. войскамі (1792—93 і з 1794), цэнтр Майнцкай камуны. У 1797 далучаны да Францыі, у 1801—14 адм. ц. франц. дэпартамента Донерсберг. З 1816 у складзе ням. Вял. герцагства Гесен-Дармштат (гл. Гесен), крэпасць Герм. саюза, з 1866 у Прусіі. Пасля 1-й сусв. вайны акупіраваны франц. войскамі (1918—30), пасля 2-й сусв. вайны ў складзе франц. акупац. зоны. З 1949 у складзе ФРГ, з 1950 адм. ц. зямлі Рэйнланд-Пфальц.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 9, с. 521

МА́ЙНЦКАЯ КАМУ́НА Майнцкая рэспубліка,

першая рэспубліка на тэр. Германіі, якая існавала ў час акупацыі Рэйнскай вобл. войскамі рэв. Францыі ў аўстра-пруска-франц. вайну 1792—95. Абвешчана 18.3.1793 у г. Майнц Рэйнска-нямецкім нац. канвентам (першы дэмакр. парламент у герм. гісторыі), скліканым 17 сак. ням. якабінцамі (пераважна студэнты і прафесары) на чале з А.​Гофманам і Г.​Форстэрам, якія гуртаваліся ў засн. імі на ўзор франц. Якабінскага клуба «Т-ве сяброў свабоды і роўнасці» (вядомы як Майнцкі клуб; «клубісты» лічацца пачынальнікамі рэсп. традыцыі ў Германіі). Канвент скасаваў феад. парадкі і прыняў рашэнне аб далучэнні М.к. да Францыі. Ліквідавана ў выніку заняцця Майнца 23.7.1793 прускімі і аўстр. войскамі і аднаўлення Майнцкага курфюрства.

Літ.:

Мошковская Ю.Я. Г.​Форстер — немецкий просветитель и революционер XVIII в. М., 1961;

Die Mainzer Republik. Protokolle des Jakobinerklubs. Berlin, 1975.

т. 9, с. 521

МАЙН РЫД (Mayne Reid) Томас, гл. Рыд Томас Майн.

т. 9, с. 520

МАЙРО́НІС (Maironis; сапр. Мачуліс Іонас; 2.11.1862, Пасандравіс Каўнаскага пав., Літва — 28.6.1932),

літоўскі паэт; прадстаўнік рамантызму. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1892), у 1894—1909 праф. гэтай акадэміі. Друкаваўся з 1885. У зб. вершаў «Галасы вясны» (1895) — гіст. мінулае Літвы, хараство роднага краю, нац.-вызв. матывы, ідэі нац. адраджэння. Аўтар вершаў, паэм філас., інтымнай тэматыкі, вершаванай гіст. драм. трылогіі «Смерць Кейстута» (1921), «Вітаўт у крыжакоў» (паст. 1925), «Вітаўт — кароль» (паст. 1930). Лірыка М. адметная эмацыянальнай напружанасцю, рамантычнай узнёсласцю, маст. завершанасцю вобразаў. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў Р.​Барадулін.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1962.

т. 9, с. 521

МАЙСЕ́ЕВА (Вольга Мікалаеўна) (н. 25.12.1928, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. Расіі (1973). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава). У 1947—72 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Яе творчасці характэрна экспрэсіўна-графічная манера выканання. Сярод партый: Нікія, Кітры і Вулічная танцоўшчыца («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Адэта—Адылія, прынцэса Фларына («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Эгіна, Гаянэ («Спартак», «Гаянэ» А.​Хачатурана), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева), Крыўляка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Вакханка («Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.​Гуно), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.​Мелікава). Яе творчасці прысвечаны тэлефільм-канцэрт «Танцуе Вольга Майсеева» (1971).

т. 9, с. 521

МАЙСЕ́ЕНКА (Мікалай Сяргеевіч) (н. 28.10.1941, г. Гомель),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Расіі (1979). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас С.​Асколкава). З 1972 выкладаў у Гомельскім муз. вучылішчы. З 1974 саліст Свярдлоўскага, з 1981 — Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Яго творчасці ўласцівы драм. асэнсаванасць сцэн. паводзін, вял. ўнутр. экспрэсія пры стрыманасці вонкавага сцэн. малюнка. Сярод партый: Міхал («Новая зямля» Ю.​Семянякі), Вял. князь Міндоўг («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі), Мастак («Візіт дамы» С.​Картэса), князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Анегін, Томскі, Эбн Хакія («Яўген Ансгін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Бартала («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Рыгалета, Жэрмон, Аманасра, Макбет і Яга («Рыгалета», «Травіята», «Аіда», «Шэкспір і Вердзі» паводле опер «Макбет», «Фальстаф» і «Атэла» Дж.​Вердзі), Альфіо («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Ліндорф («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), граф Альмавіва, Папагена («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» ВА.Моцарта), Дзянісаў і Напалеон, Стэньё («Вайна і мір», «Мадалена» С.​Пракоф’ева). Удзельнічаў у радыёзапісах опер «Матухна Кураж» Картэса, «Францыск Скарына» Дз.​Смольскага.

В.​І.​Скорабагатаў.

т. 9, с. 521

МАЙСЕ́ЕНКА (Фёдар Патапавіч) (20.2.1894, в. Кругавец-Калініна Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 9.12.1979),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Д-р с.-г. н. (1966), праф. (1968). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (1925). У 1939—71 заг. лабараторыі Бел. НДІ лясной гаспадаркі. Навук. працы па лясной таксацыі. Прапанаваў метад таксацыі лесасечнага фонду, склаў сартыментныя табліцы для лясгасаў.

Тв.:

Таблицы для сортиментного учета леса на корню. 4 изд. Мн., 1972.

т. 9, с. 521

МАЙСЕ́ЕНКА (Яўсей Яўсеевіч) (28.8.1916, г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.11.1988),

расійскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1970). Правадз. чл. АМ СССР (1973). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1936—47). З 1958 выкладаў у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (з 1963 праф.). Працаваў пераважна ў батальным, пейзажным, партрэтным жанрах. Найб. значныя работы прысвечаны грамадз. і Вял. Айч. войнам: «Чырвоныя прыйшлі» (1961), «Таварышы» (1964), «Чарэшня», «Камісар» (абедзве 1969), «Перамога» (1972). Жывапіс адметны шырокай, экспрэсіўнай манерай пісьма, дынамікай кампазіцыйных рытмаў. Беларусі прысвяціў карціны «З дзяцінства» (1977), «У вайну», «Жанчына ў чорным» (абедзве 1978). Дзярж. прэмія Расіі імя Рэпіна 1966. Ленінская прэмія 1974. Дзярж. прэмія СССР 1983.

Літ.:

Кривенко И.А. Е.​Е.​Моисеенко. Л., 1960;

Кекушева Г.В. Евсей Моисеенко: Живопись: [Альбом]. М., 1981.

В.​Я.​Буйвал.

Я.Майсеенка. Камісар. 1969.

т. 9, с. 521

Майсеенка Уладзімір Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 424