Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАДРЫ́ДСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

найбуйнейшая вышэйшая навуч ўстанова Іспаніі. Створаны ў 1836 аб’яднаннем ун-та ў г. Алькала-дэ-Энарэс (засн. ў 1508 у правінцыі Мадрыд) і Цэнтр. ун-та ў Мадрыдзе (з 1821). Меў назву Цэнтр. ун-т Мадрыда. З 1850 — М.у. Дзярж. навуч. ўстанова. У 1994/95 навуч. г. больш за 127 тыс. студэнтаў; ф-ты: філасофіі і адукац. навук. геаграфіі і гісторыі, філал., матэм., фіз., геал., біял., права, мед., вет. навук, фармацэўтычны, эканомікі і кіравання, паліт. навук і сацыялогіі, інфарматыкі, выяўл. мастацтва, аданталогіі. Пры ун-це працуюць: ін-ты прыкладнога магнетызму, навук аб навакольным асяроддзі, эмбрыялогіі, судовай анатоміі, крыміналогіі, астраноміі і геадэзіі, пед. навук, сучасных моў і перакладу, правоў чалавека, наркалогіі, кампаратыўнага права, феміністычных праблем, патэнцыялу чалавека і інш.; Цэнтр еўрап. дакументацыі, 4 каледжы, 7 школ, 7 клінічных шпіталяў. Мае б-ку (больш за 1,5 млн. тамоў), музей, бат. сад.

В.М.Навумчык.

т. 9, с. 491

МАДРЫ́Д УРТА́ДА ((Madrid Hurtado) Мігель дэла) (н. 12.12.1934, г. Каліма, Мексіка),

дзяржаўны дзеяч Мексікі. Скончыў Нац. аўт. ун-т Мексікі, Політэхнічны ін-т у Мехіка, Гарвардскі ун-т (ЗША). З 1960 на кіруючых пасадах у вышэйшых фін. установах і дзярж. апараце, у т.л. нам. міністра фінансаў (1972—73 і 1978), міністр па праграміраванні і бюджэце (1979—81). Прэзідэнт Мексікі ў 1982—88. Праводзіў палітыку аздараўлення нац. эканомікі, стрымлівання інфляцыі, барацьбы з беспрацоўем; у знешняй палітыцы выступаў супраць іншаземнага ўмяшання ў справы лац.-амер. краін. Пры ім Мексіка ўваходзіла (з 1983) у «Кантадорскую групу» па мірным урэгуляванні ў Цэнтр. Амерыцы.

т. 9, с. 492

МАДУЛЬЁН, мадыльён (франц. modillon ад італьян. modiglione),

архітэктурная дэталь тыпу кранштэйна, якая падтрымлівае вынасную пліту ўвянчальнага карніза, пераважна ў ордэрнай архітэктуры (гл. Ордэр архітэктурны). Часам адыгрывае дэкар. ролю.

Мадульён.

т. 9, с. 492

МАДУЛЯ́ТАР у радыётэхніцы і электрасувязі,

складальная частка перадавальнай апаратуры, якая ажыццяўляе кіраванне якім-н. параметрам вагальнага працэсу ў адпаведнасці з сігналам перададзенага паведамлення (гл. Мадуляцыя ваганняў). Мае нелінейныя эл. ланцугі на электронных лямпах, паўправадніковых прыладах, ячэйках Кера ці інш., здольныя змяняць які-н. з параметраў вагальнага працэсу і выбраныя ў адпаведнасці з прынцыпам дзеяння перадатчыка. Выкарыстоўваецца ў апаратуры радыёсувязі, тэлебачання, радыёвяшчання, аптычных гуказапісвальных, оптаэлектронных і інш. прыладах.

т. 9, с. 492

МАДУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. modulatio мернасць) у музыцы, змена танальнасці з перамяшчэннем танальнага цэнтра — тонікі. Паняцце М. найб. часта звязваюць з гукавышыннымі адносінамі. Асн. віды М. — танальная (змена вышыннага становішча тонікі) і ладавая (змена нахілення). Сярод разнавіднасцей танальнай М. найб. пашырана функцыянальная М., калі пераход у новую танальнасць адбываецца праз пераасэнсаванне ступеневага значэння прамежкавага (агульнага) акорда, выбар якога рэгулюецца гарманічнай роднасцю танальнасцей. Новая танальнасць устанаўліваецца характэрным для яе гарманічным зваротам, які ўключае мадулюючы акорд з альтэрацыяй, адпаведнай новай танальнасці. У залежнасці ад месца ў форме і ступені замацавання новай тонікі вылучаюць М. дасканалую (з канчатковым ці адносным замацаваннем новай танальнасці) і недасканалую (замацоўваецца менш устойліва). Да недасканалай М. адносяцца адхіленне (са зваротам у асн. танальнасць) і праходная М. (з далейшым мадуляцыйным рухам). Спецыфічную выразнасць мае энгарманічная М., звязаная з лаканізмам мадуляцыйнага моманту і раптоўнасцю пераключэння ў новую танальнасць; пераход пры ёй адбываецца за кошт энгарманічнага пераасэнсавання структуры агульнага акорда. Для мелодыка-гарманічнай М. характэрна сувязь танальнасцей з дапамогай плаўнага голасавядзення без агульнага акорда, для меладычнай М. — праз аднагалосую звязку. Увядзенне новай танальнасці без падрыхтоўкі, непасрэдным зацвярджэннем тонікі — якасць М.-супастаўлення. М. можна лічыць і ўсякую змену структуры сродкаў муз. выразнасці, у т.л. формы, жанру, фактуры, метра і інш. М. — важны формаўтваральны сродак, які ўплывае на дынамічныя працэсы і цэласнасць формы, узбагачае маляўніча-выразны бок гармоніі.

Літ.:

Римский-Корсаков Н.А. Практический учебник гармонии (1886, 1893) // Полн. собр. соч. М., 1960. Т. 4;

Бершадская Т.С. Лекции по гармонии. 2 изд. Л., 1985.

Т.С.Ляшчэня.

т. 9, с. 492

МАДУЛЯ́ЦЫЯ у фізіцы,

змена ў часе па зададзеным законе параметраў, якія характарызуюць пэўны стацыянарны фіз. працэс. Выклікаецца знешнімі ўздзеяннямі, напр., М. гарманічнага вагання з мэтай унясення ў вагальны працэс пэўнай інфармацыі (гл. Мадуляцыя ваганняў). М. інтэнсіўнасці электроннага пучка ў кінескопе ў адпаведнасці з пададзеным на кіравальны электрод (мадулятар) відэасігналам дазваляе ўзнавіць на экране перададзены відарыс. М. электронных патокаў па скарасцях у клістроне прыводзіць да групавання электронаў у згусткі з наступным пераўтварэннем іх кінетычнай энергіі ў энергію ЗВЧ-ваганняў.

т. 9, с. 492

МАДУЛЯ́ЦЫЯ ВАГА́ННЯЎ змена амплітуды, частаты ці інш. параметраў ваганняў па зададзеным законе, павольная ў параўнанні з перыядам гэтых ваганняў. У тэхн. прыладах і сістэмах мадуляцыя эл.-магн. ваганняў радыё- і аптычнага дыяпазонаў, а таксама акустычных хваль выкарыстоўваецца для трансфармацыі частотнага спектра зыходнага вагання з мэтай павышэння эфектыўнасці перадачы інфармацыі, для частотнага раздзялення розных сістэм і прылад, для забеспячэння іх адначасовай работы на розных нясучых частотах, змены часавых параметраў сігналаў і інш.

Найб. пашыраны амплітудная мадуляцыя, фазавая мадуляцыя, частотная мадуляцыя, розныя віды імпульснай мадуляцыі, а таксама іх камбінацыі, напр., амплітудна-фазавая. У залежнасці ад віду мадуляцыі амплітуда, частата ці фаза высокачастотных ваганняў («носьбіт» інфармацыі), а таксама палярызацыя (у выпадку святла; гл. Мадуляцыя святла) змяняецца (мадулюецца) у адпаведнасці з нізкачастотным сігналам, што перадаецца. Выкарыстанне канкрэтнага віду М.в. залежыць ад параметраў ліній сувязі, патрабаванняў да якасці перададзенай інфармацыі, характарыстык прыёмнай апаратуры і інш. Працэс, адваротны М.в., наз. дэмадуляцыяй і ажыццяўляецца ў прыёмнай апаратуры (гл. Дэтэктыраванне).

Амплітудная (б) і частотная (в) мадуляцыя ваганняў пры пілападобнай мадулюючай функцыі (а).

т. 9, с. 492

МАДУЛЯ́ЦЫЯ СВЯТЛА́,

змена ў часе паводле зададзенага закону інтэнсіўнасці светлавога патоку. Неабходна для перадачы па светлавым прамяні інфармацыі (тэлевізійнага адлюстравання, гаворкі), для аптычнай лакацыі і далёкаметрыі.

Бывае ўнутраная (ажыццяўляецца ўздзеяннем на крыніцу святла) і знешняя (уздзеяннем на светлавы паток). Для знешняй М.с. выкарыстоўваюць мадулятары, пераважна электрааптычныя (ячэйкі Кера, элементы Покельса). З паяўленнем магутных кагерэнтных патокаў святла ад лазераў пачала ажыццяўляцца фазавая М.с., пры якой паводле зададзенага закону зменьваецца зрух фазы светлавых ваганняў.

т. 9, с. 492

МАДУ́РА (Madura),

востраў у Малайскім архіпелагу, каля паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Явы, паміж морамі Балі і Яванскім. Тэр. Інданезіі. Пл. каля 4,5 тыс. км². Берагі расчлянёны слаба, месцамі акаймаваны каралавымі рыфамі і водмелямі. Рэльеф узгорысты, выш. да 471 м. Складзены пераважна з мергеляў і вапнякоў, пашыраны карст. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Лістападныя трапічныя лясы, саванны, зараснікі хмызнякоў. Плантацыі рысу, кукурузы, тытуню. Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Рамёствы. Радовішчы нафты, газу. На М. гарады Сампанг, Суменеп.

т. 9, с. 493

МА́ДУРАЙ, Мадура,

горад на Пд Індыі, на р. Вайгаі, у штаце Тамілнад. Вядомы з 2 ст. Каля 1,2 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, у т.л. чыг. сувязь з Шры-Ланкой. Аэрапорт. Адзін з буйнейшых тэкст. (баваўняная, шаўковая) цэнтраў краіны. Развіты металаапр., харч. (цукровая, тытунёвая, рысаачышчальная), цэм. прам-сць. Стараж. саматужнае ткацтва, разьбярства па дрэве. Ун-т. Грандыёзны комплекс храмаў Шывы (12—17 ст.) і інш. арх. помнікі. Цэнтр турызму.

т. 9, с. 493