МАДУ́РА (Madura),
востраў у Малайскім архіпелагу, каля паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Явы, паміж морамі Балі і Яванскім. Тэр. Інданезіі. Пл. каля 4,5 тыс. км². Берагі расчлянёны слаба, месцамі акаймаваны каралавымі рыфамі і водмелямі. Рэльеф узгорысты, выш. да 471 м. Складзены пераважна з мергеляў і вапнякоў, пашыраны карст. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Лістападныя трапічныя лясы, саванны, зараснікі хмызнякоў. Плантацыі рысу, кукурузы, тытуню. Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Рамёствы. Радовішчы нафты, газу. На М. гарады Сампанг, Суменеп.
т. 9, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)