Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КО́ПЦКАЯ МО́ВА,

апошні этап развіцця егіпецкай мовы, з алфавітнай сістэмай пісьма (гл. Копцкае пісьмо). У 11—12 ст. выцеснена араб. мовай. Захавалася як культавая ў коптаў. 5 асн. дыялектаў: саідскі, ахімімскі, субахімскі, бахайрскі (паўн.), файюмскі (паўд.). Для К.м. характэрны: 23 зычныя гукі, 7 асн. галосных, сілавы націск, рэдукцыя ненаціскных галосных, нязменнасць імён у родзе і ліку, 6 тыпаў артыкля, значнае развіццё складаных прыназоўнікаў, злучальныя злучнікі, запазычанне грэч. лексікі. Пісьменства з 2 ст. Літ. мова ў 4—11 ст. на саідскім дыялекце, з 11 ст. — бахайрскім.

Літ.:

Еланская А.И. Коптский язык. М., 1964;

Ернштедт П.В. Исследования по грамматике коптского языка. М., 1986.

т. 8, с. 414

КО́ПЫСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў 1941—44 у г. п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Складалася з 3 груп (кіраўнікі Я.А.Точын, Ц.Р.Марозаў, А.М. і З.М.Шэвень), аб’ядноўвала больш за 40 чал. Падпольшчыкі запісвалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі звесткі аб праціўніку для партызан, выводзілі са строю сельгастэхніку, учынялі дыверсіі (спалілі маслазавод, паліцэйскі ўчастак і інш.). Фашысты высачылі падпольшчыкаў, арыштавалі і закатавалі.

т. 8, с. 415

КО́ПЫСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўныя вырабы канца 15 — пач. 20 ст. з мясц. гліны ў г. п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Выраблялі пліткі, вуглы, часткі карніза. У канцы 15—17 ст. была пашырана тэракотавая кафля з рэльефным геам. арнаментам, тэракотавая і зялёная паліваная з рэльефным раслінным і геральдычным (выявы конніка, арла з гербам Радзівілаў) арнаментамі. Аналагічная арнаментыка сустракаецца ў польскай, літоўскай (геральдычнай выявы) і мінскай (раслінныя матывы) кафлі. У 2-й пал. 17 ст. выхадцы з Копысі Я.Андрэеў, С.Аляксееў, П.Будкееў, С.Грыгор’еў, В.Дарафееў, І.Максімаў, П.Фёдараў выраблялі шматколерную паліваную кафлю і аздаблялі ёй палацы і храмы ў Рус. дзяржаве. Найб. пашырыўся выраб кафлі ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў Копысі працавала каля 20 заводаў. Тагачасная кафля вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў), якімі абліцоўвалі печы; пераважала ружова-бэзавая, зялёна-блакітная, белая з золатам расфарбоўка; узор — найчасцей кветкі рамонка, сланечніку, паслёну (многія ўзоры выконваліся па малюнках замежных каталогаў). К.к. вывозілі за межы Беларусі. З пач. 1980-х г. К.к., упрыгожаную традыц. бел. арнаментам, вырабляе Копыскі кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў.

Да арт. Копыская кафля. Фрагмент печы з кафлі, маляванай каляровымі палівамі. Канец 19 — пач. 20 ст.

т. 8, с. 415

КО́ПЫСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы канца 15—20 ст. з г. п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 16—18 ст. рабілі гасп. посуд, кафлю (гл. Копыская кафля). Асаблівага развіцця К.к. дасягнула ў 19—1-й пал. 20 ст. У Копысі працавала каля 20 ганчарных заводаў, дзе выраблялі белагліняны паліваны посуд (збаны, гаршкі, слоікі, міскі і інш.) мяккіх акруглых форм. Вырабы аздаблялі прамымі і хвалістымі ціснёнымі паяскамі на плечуках пасудзін, налепамі, зашчыпамі па краях, падцёкамі карычневай або зялёнай палівы. Выраблялі таксама талеркі, вазы, кубкі, хлебніцы, чарніліцы, шкатулкі, пісьмовыя прылады, попельніцы з фігурамі львоў, мядзведзяў і інш., якія ўпрыгожвалі рэльефным раслінным і анімаліст. дэкорам, пажадальнымі надпісамі, пакрывалі рознакаляровай палівай. У 1920—30-я г. была пашырана вытв-сць настольнай дробнай пластыкі. Сярод майстроў А.Верамееў, В.Чабатароў, А.Чорцікаў.

Я.М.Сахута.

т. 8, с. 415

КО́ПЫСКІЯ КАФЛЯ́НЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ.

Дзейнічалі з 1860 да 1914 у г. Копысь Горацкага пав. (цяпер г. п. Копысь у Аршанскім р-не Віцебскай вобл.). Уключалі 4 кафляныя і кафляна-ганчарныя мануфактуры, кафляна-ганчарную ф-ку, 2 з-ды (кафляны і кафляна-глазурны). Выпускалі кафлю, тэракоту, пазалочанае аздабленне для печаў, вазоны для кветак, сподкі з малюнкамі, паліву для кафляных і ганчарных з-даў. Найб. буйныя прадпрыемствы мелі конныя, газавыя (10 к. с.) і нафтавыя (40 к. с.) рухавікі. У розныя гады працавалі ад 9 да 131 чал.

т. 8, с. 415

КО́ПЫСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у г. п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся на ўзвышаным левым беразе р. Дняпро на месцы гарадзішча летапіснай Копысі. Быў ваен.-адм. цэнтрам стараж. горада. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі і разбурэнні. У час Паўн. вайны 1700—21 рус. войскі ў 1707 спалілі замкавыя ўмацаванні і забралі ўсю зброю з арсенала. Паводле інвентароў Копысі за 1726—73, замак меў 4 бастыёны, драўляныя сцены, уязную вежу-браму з двайнымі варотамі і магутнымі запорамі. Пасля 1772 умацаванні К.з. не аднаўляліся і з цягам часу зніклі.

т. 8, с. 415

КО́ПЫСКІ ПАВЕ́Т.

Існаваў у 1777—96, 1802—61 у Магілёўскай губ. Цэнтр — г. Копысь. Утвораны на частцы тэр. скасаваных Аршанскай і Магілёўскай правінцый паводле імператарскага ўказа ад 22.3.1777. Пл. каля 2,3 тыс. км². Уключаў 115 маёнткаў, мястэчкі Абольцы, Барань, Зубрэвічы, Саколіна, Смаляны, Стараселле, Талачын. У 1794 да К. п. далучана тэр. на З ад р. Друць з мястэчкамі Абчуга, Бобр, Зарэчны Талачын, Крупкі, пасля чаго пл. павета склала каля 3,1 тыс. км². У 1796 К.п. скасаваны, у 1801 адноўлены. Паўторна скасаваны ў 1861, тэр. ўключана ў Аршанскі, Горацкі, Магілёўскі і Сенненскі пав.

В.Л.Насевіч.

т. 8, с. 415

КО́ПЫСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР ў 1924—31. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр — мяст. Копысь. Да ліп. 1930 — у Аршанскай акрузе. 20.8.1924 падзелены на 9 сельсаветаў. 8.7.1931 скасаваны, тэр. раёна перададзена ў Аршанскі, Горацкі, Талачынскі, Шклоўскі р-ны.

т. 8, с. 415

КО́ПЫСЬ,

гарадскі пасёлак у Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Каля аўтадарогі Орша—Магілёў. Чыг. ст. на лініі Орша—Магілёў. За 30 км на Пд ад Оршы, 110 км ад Віцебска. 1,2 тыс. ж. (1998).

Упершыню згадваецца ў Ніканаўскім летапісе пад 1059. У 11 ст. невял. ўмацаванае паселішча на ўсх. мяжы Полацкага княства. У 1116 К. адышла да Смаленскага княства. З сярэдзіны 14 ст. К. з воласцю — велікакняжацкае ўладанне ў Віцебскім ваяв. ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Копыскі замак. З канца 15 ст. выраблялася копыская кафля, з 16 ст.копыская кераміка. З 19 ст. дзейнічалі копыскія кафляныя прадпрыемствы. У розны час К. належала кн. Астрожскім, Радзівілам. Паводле некат. звестак, мела магдэбургскае права. З 1772 К. у складзе Рас. імперыі, горад, цэнтр Копыскага павета. 16.8.1781 зацверджаны герб К.: у зялёным полі выява чорнага зайца. З 1796 заштатны горад, з 1802 цэнтр павета, з 1861 заштатны горад Горацкага пав. У 1897 у К. 3384 ж. У 1924—31 цэнтр Копыскага раёна, з 1931 у Аршанскім р-не. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну дзейнічала Копыскае патрыятычнае падполле. У 1970 у К. 1555 ж.

Кафляны цэх Аршанскага вытв. аб’яднання «Оршабудматэрыялы», цэнтр па вырабе маст. керамікі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі археалогіі — замчышча Пятроўскі вал, селішча Пасадскае.

т. 8, с. 415

КО́ПЫШ,

біялагічны заказнік у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. больш за 1 тыс. га. Вярховае балота. Хваёва-сфагнавыя і хваёва-багунова-сфагнавыя фітацэнозы. На ўскраінах балота і мінер. участках хваёвыя і мяшаныя хваёва-бярозавыя і асінава-яловыя лясы кіслічнага, сніткавага, чарнічнага і даўгамошнага тыпаў.

т. 8, с. 416