Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛЕЙСТАГА́МІЯ (ад грэч. kleistos закрыты + gamos шлюб),

самаапыленне і самаапладненне раслін у нераскрытых кветках. Бывае пастаянная (у фіялкі, кісліцы), звязана з рэдукцыяй калякветніка і памяншэннем памераў кветкі. Асобная форма пастаяннай К. — развіццё і апладненне кветак у глебе (у арахісу). Непастаянная К. абумоўлена неспрыяльнымі ўмовамі (засуха, высокая або нізкая т-ра навакольнага асяроддзя) і не суправаджаецца рэдукцыяй калякветніка (у аўса, кавылю, пшаніцы і інш.). На адной расліне бываюць клейста- і хазмагамныя (адкрытыя) кветкі.

т. 8, с. 329

КЛЕЙСТАТЭ́ЦЫЙ (ад грэч. kleistos замкнёны + thekion скрыначка),

клейстакарпій (... + karpos плод), замкнёнае шарападобнае ці круглаватае пладовае цела некат. сумчатых грыбоў (плектаміцэты, эўроцыевыя і мучністарасяныя грыбы) з абалонкай без адтуліны. Сумкі і споры вызваляюцца пасля разбурэння абалонкі.

т. 8, с. 329

КЛЕМА́Н ((Clément) Рэнэ) (18.3.1913, г. Бардо, Францыя — 1996),

французскі кінарэжысёр. Скончыў Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы. Адзін з арганізатараў групы пачынаючых кінематаграфістаў «Цэнтр маладых» (з 1943 Ін-т вышэйшай кінаадукацыі). Значнае месца ў яго творчасці займала тэма 2-й сусв. вайны: «Бітва на рэйках» (1945, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1946), «Па той бок кратаў» (1948, у сав. пракаце «Каля сцен Малапагі»; прэмія «Оскар»; 1951). Сярод інш. фільмаў: «Забароненыя гульні» (1952, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі і прэмія «Оскар» 1952), «Пан Рыпуа» (1954, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1954), «Жэрвеза» (1956, паводле рамана Э.​Заля «Пастка», прыз Міжнар. асацыяцыі кінапрэсы на Міжнар. кінафестывалі ў Венецыі 1956).

У 1960—70-я г. ставіў пераважна забаўляльныя фільмы («Дом пад дрэвамі», 1971, і інш.).

т. 8, с. 329

КЛЕМАНСО́ ((Clemenceau) Жорж Бенжамэн) (28.9.1841, Муйрон-ан-Парэ, Францыя — 24.11.1929),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Чл. Франц. акадэміі (1918). Па адукацыі ўрач. У перыяд Другой імперыі ў рэсп. апазіцыі. У дні Парыжскай камуны 1871 як дэпутат Нац. сходу ўдзельнічаў у няўдалых перагаворах з камунарамі. У 1875 узначальваў гар. савет Парыжа. У 1876 зноў абраны дэпутатам Нац. сходу (да 1893), узначальваў яго радыкальна-рэсп. крыло. У час працэсу над капітанам А.​Дрэйфусам абараняў яго. З 1902 сенатар. У 1906—09 прэм’ер-міністр і міністр унутр. спраў (прычынай падзення яго кабінета сталі жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў забастовачнага руху). У 1917—20 зноў прэм’ер-міністр і ваен. міністр. Адзін з гал. удзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 (яе старшыня), аўтараў Версальскага мірнага дагавора 1919, арганізатараў узбр. інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі. Пасля паражэння на прэзідэнцкіх выбарах 1920 адышоў ад паліт. жыцця. Аўтар прац «Дэмасфен» (1925), «Бляск і ўбоства адной перамогі» (1930) і інш.

т. 8, с. 330

КЛЕМА́ТЫС,

кветкавая расліна, тое, што павойнік.

т. 8, с. 330

КЛЕМЕ́НЦІ ((Clementi) Муцыо) (23.1.1752, Рым — 10.3.1832),

англійскі піяніст-віртуоз, кампазітар, педагог; заснавальнік т.зв. лонданскай школы піянізму. З 1766 жыў у Вялікабрытаніі (з 1773 у Лондане). Канцэртаваў у Еўропе (у 1781 у Вене спаборнічаў з В.​А.​Моцартам). Заснавальнік і саўладальнік шэрагу муз.-выдавецкіх прадпрыемстваў і ф-к муз. інструментаў. Адзін з заснавальнікаў і дырыжор (1813—24) Філарманічнага т-ва ў Лондане. Зрабіў значны ўклад у развіццё фп. мастацтва (празваны «бацькам фп. музыкі»), садзейнічаў зацвярджэнню класічнага цыкла санаты. Сярод твораў: араторыя; каля 15 сімфоній (зберагліся 4); уверцюры; канцэрт для фп. з аркестрам; творы для фп. (найб. вядомы зб. эцюдаў «Шлях да Парнаса», 1817—26). Свой выканальніцкі і пед. вопыт абагульніў у працы «Методыка ігры на фартэпіяна» (1801). Сярод яго вучняў: Ф.​Калькбрэнер, І.Б.Крамер, І.Мошэлес, Дж. Філд.

Літ.:

Николаев А.А. Муцио Клементи. М., 1983.

т. 8, с. 330

КЛЕ́МПЕРЭР ((Klemperer) Ота) (14.5.1885, г. Вроцлаў, Польшча — 6.7.1973),

нямецкі дырыжор, кампазітар. Вучыўся ў кансерваторыі ў Франкфурце-на-Майне (з 1901) і Берліне. Вучань Г.​Пфіцнера. З 1907 працаваў у оперных т-рах Еўропы. З 1933 у эміграцыі, да 1939 узначальваў сімф. аркестр у Лос-Анджэлесе (ЗША). У 1947—50 у Будапешцкай дзярж. оперы, у т-ры «Комішэ-опер» у Берліне. Жыў у Швейцарыі, Лондане. Дырыжор Лонданскага філарманічнага аркестра, т-ра «Ковент-Гардэн». Інтэрпрэтатар твораў В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, І.​Брамса, А.​Брукнера, Г.​Малера, Р.​Штрауса, прапагандаваў творы П.​Хіндэміта, І.​Стравінскага, С.​Пракоф’ева. Аўтар оперы, месы, 6 сімфоній, камерна-інстр. твораў, рамансаў, літ. прац («Мае ўспаміны пра Г.​Малера і іншыя аўтабіяграфічныя нарысы», 1960). Прэмія імя І.​В.​Гётэ 1932.

т. 8, с. 330

КЛЕ́НІЧЫ,

гл. Праклёны.

т. 8, с. 330

КЛЕ́НЦЭ ((Klenze) Франц Карл Лео фон) (29.2.1784, г. Шладэн, Германія — 27.1.1864),

нямецкі архітэктар. Вучыўся ў Германіі, Францыі, Італіі. Працаваў у Германіі (у 1803—13 прыдворны архітэктар вестфальскага караля Жэрома Банапарта ў г. Касель, з 1815 баварскага караля Людвіга I у г. Мюнхен), у 1839—51 у Афінах. Горадабудаўнічыя работы вызначаюцца ўрачыстасцю, строгай рэгулярнасцю планіроўкі. Ствараў цяжкаважныя парадныя пабудовы, у якіх камбінаваў узноўленыя з педантычнай дакладнасцю і сухасцю матывы стараж.-грэч. дойлідства: Гліптатэка (1816—30), Старая пінакатэка (1826—36), Прапілеі (1846—60) у Мюнхене; Новы Эрмітаж у Пецярбургу (1839—52) і інш.

т. 8, с. 330

КЛЕО́Н (Kleōn, ?—422 да н.э.),

старажытнагрэчаскі дзярж. дзеяч, правадыр афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі. Паліт. праціўнік Перыкла (з 430), пасля яго смерці (429) найб. уплывовы дзярж. дзеяч Афін, супрацьстаяў памяркоўна-дэмакр. групоўцы Нікія. Праводзіў паслядоўную палітыку ўмацавання дэмакр. ладу, ваен. магутнасці Афін, для чаго ўдвая павялічыў узносы з саюзнікаў, упершыню ўвёў надзвычайны ваен. падатак з багатых гараджан і інш. Выступаў за актывізацыю ваен. дзеянняў супраць Спарты і яе саюзнікаў, як стратэг удзельнічаў у Пелапанескай вайне 431—404. У 425 разам з Дэмасфенам авалодаў в-вам Сфактэрыя, у 422 кіраваў ваен. дзеяннямі супраць спартанскага палкаводца Брасіда ў Фракіі, пацярпеў паражэнне і загінуў у бітве каля Амфіпаля.

т. 8, с. 330