Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛУА́ТР (франц. cloître ад лац. claustrum закрытае месца, пазней — манастыр),

крытая аркадная галерэя-абход вакол прамавугольнага двара манастыра ці царк. комплексу, тыповая для раманскай і гатычнай архітэктуры.

т. 8, с. 349

КЛУБ (англ. club),

грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае людзей з мэтай зносін на аснове паліт., навук., маст., спарт., прафесійных і інш. інтарэсаў, а таксама для сумеснага правядзення вольнага часу. Узніклі ў Англіі ў 16 ст. 2) Будынак, памяшканне такіх арганізацый.

т. 8, с. 349

КЛУ́БЕНЬ,

відазменены парастак, сцябло якога з адным або некалькімі міжвузеллямі, моцна разрастаецца і назапашвае пажыўныя рэчывы (крухмал, алей); орган узнаўлення двух- і шматгадовых раслін. Бывае надземны, звычайна зялёны, мае лісце (кальрабі, некат. архідэі), і падземны — бясколерны, у пазухах рэдукаванага лісця знаходзяцца пупышкі, т.зв. «вочкі» (бульба, стрэлкаліст, тапінамбур). У некат. жывародных раслін (напр., зубніца клубняносная) надземныя К. развіваюцца ў суквеццях і пазухах лісця, пасля ападання ўкараняюцца і ўтвараюць новыя расліны. Ад К. адрозніваюць каранёвыя шышкі (запасальныя прыдаткавыя карані ў батату, вяргіні) і караняплоды (у іх утварэнні разам з парасткам прымае ўдзел гал. корань, напр., бурак, рэдзька).

т. 8, с. 349

КЛУБЕ́НЬЧЫКАВЫЯ БАКТЭ́РЫІ (Rhizobium),

род азотфіксавальных бактэрый, што ўтвараюць клубеньчыкі на каранях многіх бабовых раслін. Пры асіміляцыі К.б. малекулярнага азоту ён пераходзіць у засваяльную для раслін форму, а расліны забяспечваюць бактэрыі пажыўнымі рэчывамі. Уступаюць у сімбіёз з пэўным відам раслін, што ўзята за аснову іх відавой класіфікацыі (напр., Rh. trifolii спецыфічны толькі для канюшыны, Rh. melitoli — для баркуну, люцэрны).

У вольным стане К.б. — рухомыя палачкі 0,5—0,9 × 1,2—3 мкм, грамадмоўныя, няспораўтваральныя. Аэробы і факультатыўныя анаэробы. Пры адсутнасці бабовых раслін жывуць у глебе як сапрафіты. Абагачаюць глебу азотам, выкарыстоўваюцца для вытв-сці бактэрыяльных угнаенняў.

т. 8, с. 349

КЛУБНЕЦЫБУ́ЛІНА,

відазменены падземны парастак, падобны выглядам на цыбуліну, а будоваю — на клубень; орган вегетатыўнага размнажэння. Звонку ўкрыта сухім плевачным лісцем, у мясістай сцябловай ч. назапашваюцца пажыўныя рэчывы. Характэрна для відаў крокусу, пазнацвету, шпажніку.

т. 8, с. 349

КЛУБНІ́ЦЫ, суніцы мускатныя,

трускалкі (Fragaria moschata),

кветкавыя расліны роду суніцы. Пашыраны і культывуюцца ў Еўропе. На Беларусі дзікія віды F. elatior і F. collina трапляюцца ў цяністых лясах, хмызняках, на ўзлесках.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—40 см. Карэнішча гарызантальнае. Лісце трайчастае, буйное, апушанае. У пазухах прыкаранёвага лісця развіваюцца кароткія паўзучыя парасткі (вусы), якія ўкараняюцца Кветкі аднаполыя, белыя. Кветаносы вышэйшыя за лісце. Плады — ягады, дробныя, малінава-чырв., салодкія, духмяныя з белай мякаццю. Спажываюць свежыя і перапрацаваныя. Для прысядзібнага садаводства рэкамендаваны сунічна-клубнічныя гібрыды Дыяна, Мускатная, Несцерка і інш., выведзеныя БелНДІ пладаводства. Часта К. няправільна наз. суніцы садовыя. Харч. і лек. расліны.

У.​П.​Пярэднеў.

Клубніцы.

т. 8, с. 349

КЛУ́БНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

самастойныя культ.-асв. ўстановы, якія дзейнічаюць у сферы вольнага часу людзей з мэтай стварэння спрыяльных умоў для адпачынку, развіцця творчых здольнасцей, задавальнення культ. запатрабаванняў розных груп насельніцтва. Тыпы К.у. вызначаюцца ў залежнасці ад асн. кірункаў дзейнасці. Бываюць аднапрофільныя і шматпрофільныя. Да К.у. належаць клубы, дамы, цэнтры і палацы культуры — сельскія, гар., занальныя, раённыя, абл., рэсп., прамысл. прадпрыемстваў, дзярж. устаноў, грамадскіх арг-цый, навуч. устаноў, аўтаклубы, плаваючыя культбазы (перасоўныя К.ў.) і інш. Асн. задачы К.у.: зберажэнне і развіццё традыцый нац. культуры; развіццё самадзейнай маст. творчасці; раскрыццё і падтрымка творчых індывідуальнасцей і талентаў; садзейнічанне самаадукацыі ў галіне л-ры, мастацтва, гісторыі і інш.; стварэнне ўмоў для рэалізацыі інтэлектуальна-творчага патэнцыялу і павышэння духоўнасці чалавека; падтрымка творчых ініцыятыў аматарскіх аб’яднанняў, клубаў і інш.

У Беларусі на 1.1.1997 каля 5 тыс. К.у., у т. л. ў сістэме Мін-ва культуры 4246, з іх 3273 у вёсцы.

В.​Т.​Маліноўскі.

т. 8, с. 349

КЛУБО́ВІЧ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 26.3.1933, в. Варонічы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі апрацоўкі металаў. Акад. Нац. АН Беларусі (1996; чл.-кар. 1977), д-р тэхн. н. (1973), праф. (1979). Скончыў БДУ (1956). З 1957 у Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі. З 1975 нам. дырэктара Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі па Віцебскім аддзяленні, з 1994 дырэктар Ін-та тэхн. акустыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па пластычнасці і апрацоўцы металаў пры ўздзеянні на іх ультрагукавых ваганняў. Распрацаваў навук. асновы выкарыстання ультрагуку для кіравання працэсамі высокатэмпературнага сінтэзу, іонна-плазменнага напылення, уздзеяння ультрагуку на сплавы з памяццю формы; выкарыстання ультрагуку ў медыцыне і біятэхналогіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Ультразвуковая пайка в радао- и приборостроении. Мн., 1985 (разам з М.​Д.​Цяўлоўскім, У.​Л.​Ланіным);

Методы выращивания кристаллов из растворов. Мн., 1991 (разам з М.​К.​Талочкам).

У.У.Клубовіч.

т. 8, с. 350

КЛУБО́ЧАК,

суквецце, у якім усе кветкі шчыльна скучаны, развіваюцца ад верхавінкі да асновы і маюць выгляд галовак. У кожнай кветцы лісцікі калякветніка ахопліваюць завязь, зрастаюцца з ёй, потым развіваюцца ў зрослыя плады (арэшкі) і ўтвараюць суплоддзе, якое таксама наз. К. Характэрны для бурака, лебяды і інш. раслін сям. лебядовых.

т. 8, с. 350

КЛУГ ((Klug) Аарон) (н. 11.8.1926, г. Іаганесбург, Паўд.-Афр. Рэспубліка),

англійскі крышталёграф, вучоны ў галіне малекулярнай біялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1969). Вучыўся ва ун-тах Іаганесбурга і Кейптаўна. З 1949 працуе ў Англіі, з 1962 у лабараторыі малекулярнай біялогіі Мед. даследчага савета пры Кембрыджскім ун-це (з 1986 дырэктар). Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе і электроннай мікраскапіі крышталёў, даследаванні структуры нуклеінавых кіслот і нуклеапратэідаў (віруса тытунёвай мазаікі, храмаціну, трансп. рыбануклеінавай к-ты). Нобелеўская прэмія 1982.

т. 8, с. 350