КЛЮ́ЕЎ (Леанід Леанідавіч) (н. 29.12.1934, с. Дуброва Ялоўскага р-на Пермскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі і радыёсувязі. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1996). Скончыў Уральскі політэхн. ін-т (Екацярынбург, 1957). З 1965 у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1974 у Мінскім н.-д. прыборабуд. ін-це, з 1992 у Вышэйшым каледжы сувязі. Навук. працы па тэорыі электрасувязі, вымярэннях параметраў радыёсігналаў на фоне перашкод, рэалізацыі сістэм кіравання і сувязі з шумападобнымі сігналамі.
Тв.:
Радиотехнические системы. Ч. 1. Мн., 1972;
Теория электрической связи. Мн., 1998.
М.П.Савік.
т. 8, с. 351
КЛЮ́ЕЎ Мікалай Аляксеевіч [22.10.1884, в. Каштугі (?) Выцегарскага р-на Валагодскай вобл., Расія — паміж 23 і 25.10.1937], рускі паэт. Друкаваўся з 1904. Першыя зб-кі «Сосен перазвон» і «Брацкія песні» (абодва 1912) вытрыманы ў стылі раскольніцкіх песнапенняў, духоўных вершаў, апокрыфаў. Быў блізкі да сімвалістаў, узначальваў т.зв. «новасялянскую» плынь у рус. л-ры (С.Ясенін, А.Шыраевец, С.Клычкоў і інш.), паўплываў на раннюю творчасць Ясеніна. Архаічная па форме паэзія К. (зб-кі «Лясныя былі», 1913; «Мірскія думы», 1916; «Песнаслоў», кн. 1—2, 1919; «Ільвіны хлеб», 1922; «Хата і поле», 1928; паэмы «Пагарэльшчына», выд. 1987; «Песня пра Вялікую Маці», выд. 1991; і інш.) прасякнута сял. патрыярхальна-рэліг. настроямі, непрыхільным стаўленнем да горада і культуры індустр. Захаду. Ёй уласцівы нар.міфалагічная сімволіка, містыка-рамантычная інтэрпрэтацыя рус. нац. характару. У 1934 арыштаваны і сасланы ў Нарымскі край. Расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў У.Свяжынскі.
Тв.:
Стихотворения и поэмы. Архангельск, 1986;
Избранное. М., 1988;
Песнослов: Стихотворения, поэмы. Петрозаводск, 1990;
[Избранное]. СПб., 1998.
т. 8, с. 351
КЛЮ́КАЎКА,
вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Віцебск—Орша. Цэнтр сельсавета і аграфірмы. За 27 км на Пн ад г. Орша, 53 км ад Віцебска, 13 км ад чыг. ст. Стайкі. 314 ж., 122 двары (1998). Лясніцтва. Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 8, с. 352
КЛЮ́КІНА (Людміла Барысаўна) (н. 27.6.1937, Баку),
бел. вучоны-анколаг. Д-р мед. н. (1990), праф. (1993). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1961). З 1968 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, з 1973 (адначасова) у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па цыталагічнай дыягностыцы перадракавага стану і раку, яго рэцыдыву, аўтаматызацыі цыталагічных даследаванняў, цытамарфалогіі пухлін.
Тв.:
Цитологическая диагностика рака желудка. М., 1973;
Цитологическая симптоматика при патологии шейки матки // Русакевич П.С. Фоновые и предраковые заболевания шейки матки. Мн., 1998.
т. 8, с. 352
КЛЮЧ,
адм.-гасп. комплекс з некалькіх вёсак з фальваркамі ці без іх у Беларусі, Польшчы і Літве ў 16—19 ст. Існавалі ў дзярж. і прыватных уладаннях. На К., як правіла, падзяляліся дзярж. эканоміі. К. мог быць часова вылучаны з латыфундыі і перададзены ў залогавае ці арэнднае трыманне; у гэтым выпадку адміністрацыя ўласніка на яго не распаўсюджвалася. Часам К. называлі староствам. У адм.-гасп. адносінах К. быў падобны да войтаўства.
т. 8, с. 352
КЛЮЧАВО́Е СЛО́ВА,
паўназначнае слова тэксту, якое выкарыстоўваецца для яго каардынатнага індэксавання. Кожнае К.с., як і дэскрыптар, абазначае клас, у якім патэнцыяльна знаходзяцца ўсе тэксты, што ўключаюць гэта слова як элемент, асн. сэнсавага зместу. У адрозненне ад дэскрыптараў з’яўляюцца лексічнымі адзінкамі натуральнай мовы: адно К.с. можа мець шмат значэнняў, розныя К.с. — адно і тое ж значэнне. Пры інфармацыйным пошуку пералік К.с. выкарыстоўваецца ў якасці пошукавага вобраза дакумента ці пошукавага прадпісання.
т. 8, с. 352
КЛЮЧАВЫ́ ЎЧА́СТАК, тэставы ўчастак,
участак тэрыторыі, выбраны ў якасці эталона для даследавання ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння кампанентаў пэўнага ландшафту. Яго вывучаюць экспедыцыйнымі (палявымі) і стацыянарнымі (сістэматычныя назіранні) метадамі, з выкарыстаннем аэрафотаздымкі праз пэўныя інтэрвалы часу і г.д. Апісанні К.у. экстрапалююцца на ландшафт у цэлым. Сістэма К.у. з’яўляецца часткай экалагічнага маніторынгу.
т. 8, с. 352
КЛЮЧАГО́РСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., паміж вёскамі Пляханава і Жалудова Створана на р. Обаль у 1953. Пл. 0,4 км², даўж. 2,6 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 4,5 м, аб’ём вады 1,2 млн. м³. Берагі абрывістыя, выш. 8—10 м, пад лесам і хмызняком. Вярхоўе вадасховішча забалочанае. Дно выслана пяском, торфам і ілам. Сярэдні шматгадовы сцёк 78,9 млн. м³. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (Ключагорская ГЭС).
т. 8, с. 352