КЛЕЙСТАГА́МІЯ (ад грэч. kleistos закрыты + gamos шлюб),

самаапыленне і самаапладненне раслін у нераскрытых кветках. Бывае пастаянная (у фіялкі, кісліцы), звязана з рэдукцыяй калякветніка і памяншэннем памераў кветкі. Асобная форма пастаяннай К. — развіццё і апладненне кветак у глебе (у арахісу). Непастаянная К. абумоўлена неспрыяльнымі ўмовамі (засуха, высокая або нізкая т-ра навакольнага асяроддзя) і не суправаджаецца рэдукцыяй калякветніка (у аўса, кавылю, пшаніцы і інш.). На адной расліне бываюць клейста- і хазмагамныя (адкрытыя) кветкі.

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)