КЛЕМА́Н ((Clément) Рэнэ) (18.3.1913, г. Бардо, Францыя — 1996),

французскі кінарэжысёр. Скончыў Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы. Адзін з арганізатараў групы пачынаючых кінематаграфістаў «Цэнтр маладых» (з 1943 Ін-т вышэйшай кінаадукацыі). Значнае месца ў яго творчасці займала тэма 2-й сусв. вайны: «Бітва на рэйках» (1945, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1946), «Па той бок кратаў» (1948, у сав. пракаце «Каля сцен Малапагі»; прэмія «Оскар»; 1951). Сярод інш. фільмаў: «Забароненыя гульні» (1952, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі і прэмія «Оскар» 1952), «Пан Рыпуа» (1954, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1954), «Жэрвеза» (1956, паводле рамана Э.​Заля «Пастка», прыз Міжнар. асацыяцыі кінапрэсы на Міжнар. кінафестывалі ў Венецыі 1956).

У 1960—70-я г. ставіў пераважна забаўляльныя фільмы («Дом пад дрэвамі», 1971, і інш.).

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)