КЛЕО́Н (Kleōn, ?—422 да н.э.),
старажытнагрэчаскі дзярж. дзеяч, правадыр афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі. Паліт. праціўнік Перыкла (з 430), пасля яго смерці (429) найб. уплывовы дзярж. дзеяч Афін, супрацьстаяў памяркоўна-дэмакр. групоўцы Нікія. Праводзіў паслядоўную палітыку ўмацавання дэмакр. ладу, ваен. магутнасці Афін, для чаго ўдвая павялічыў узносы з саюзнікаў, упершыню ўвёў надзвычайны ваен. падатак з багатых гараджан і інш. Выступаў за актывізацыю ваен. дзеянняў супраць Спарты і яе саюзнікаў, як стратэг удзельнічаў у Пелапанескай вайне 431—404. У 425 разам з Дэмасфенам авалодаў в-вам Сфактэрыя, у 422 кіраваў ваен. дзеяннямі супраць спартанскага палкаводца Брасіда ў Фракіі, пацярпеў паражэнне і загінуў у бітве каля Амфіпаля.
т. 8, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)