КЛЕ́МПЕРЭР ((Klemperer) Ота) (14.5.1885, г. Вроцлаў, Польшча — 6.7.1973),

нямецкі дырыжор, кампазітар. Вучыўся ў кансерваторыі ў Франкфурце-на-Майне (з 1901) і Берліне. Вучань Г.​Пфіцнера. З 1907 працаваў у оперных т-рах Еўропы. З 1933 у эміграцыі, да 1939 узначальваў сімф. аркестр у Лос-Анджэлесе (ЗША). У 1947—50 у Будапешцкай дзярж. оперы, у т-ры «Комішэ-опер» у Берліне. Жыў у Швейцарыі, Лондане. Дырыжор Лонданскага філарманічнага аркестра, т-ра «Ковент-Гардэн». Інтэрпрэтатар твораў В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, І.​Брамса, А.​Брукнера, Г.​Малера, Р.​Штрауса, прапагандаваў творы П.​Хіндэміта, І.​Стравінскага, С.​Пракоф’ева. Аўтар оперы, месы, 6 сімфоній, камерна-інстр. твораў, рамансаў, літ. прац («Мае ўспаміны пра Г.​Малера і іншыя аўтабіяграфічныя нарысы», 1960). Прэмія імя І.​В.​Гётэ 1932.

т. 8, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)