Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ЗАРА́НКА»,

дзіцячы ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў 1927—31 у Вільні на бел. мове. Выходзіў нерэгулярна. Рэдактар-выдавец Зоська Верас (Л.А.Войцік). Створаны з выхаваўчай і асветнай мэтай, спрыяў узгадаванню маладых літ. сіл у Зах. Беларусі. Друкаваліся пісьменнікі старэйшага пакалення М.Машара, Г.Леўчык, Я.Пачопка, Л.Войцік, У.Паўлюкоўскі, маладыя зах.-бел. пісьменнікі С.Крывец, С.Новік-Пяюн, пачаткоўцы А.Арэхва, М.Тарасюк, Я.Патаповіч і інш. Перадрукоўваў творы Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, К.Буйло і інш., змяшчаў пераклады твораў рус., польск., укр. пісьменнікаў.

Майстар партрэта: партрэты А.Венецыянава (2-я пал. 1830-х г.), спевака В.Пятрова (1840), скульптара Ф.Талстога (1850), княгіні Трубяцкой, групавы партрэт «Выгляд залы вучылішча правазнаўства з групамі настаўнікаў і выхаванцаў» (1841). Пісаў інтэр’еры («Унутраны від Марскога Нікольскага сабора, 1843, і інш.). У творах дакладнасць і матэрыяльнасць пісьма, характэрныя для венецыянаўскай школы, паступова змянялася ілюзіяністычным натуралізмам (партрэты Н.Сакуравай, 1854, П.Панамарова, 1855). Распрацаваў сістэму выкладання, пабудаваную пераважна на вывучэнні натуры, дакладнасці ў перадачы бачнага свету. Садзейнічаў развіццю бел. мастацтва, аказваў дапамогу маладым мастакам (В.Сляндзінскаму і інш.). Сярод вучняў В.Пяроў, В.Пукіраў, У.Макоўскі, К.Макоўскі.

т. 6, с. 537

ЗАРАНО́К (Таццяна Піліпаўна) (н. 25.12.1917, г. Васілевічы Гомельскай вобл.),

бел. актрыса. Нар. артыстка Беларусі (1967). З 1931 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, у 1951—74 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных і камедыйных, лірыка-драм. роляў. Спалучае эмацыянальную напоўненасць вобразаў з яркай і выразнай формай. З найб. значных роляў: Таццяна («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Паўліна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Даша («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Аксюша, Белацелава («Лес», «Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага), Вольга («Тры сястры» А.Чэхава), Марціна («Лекар паняволі» Мальера) і інш.

Літ.:

Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.

Т.П.Заранок.
Т.Заранок у ролі Белацелавай.

т. 6, с. 537

ЗАРА́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,

у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., каля пас. Зара. Пластавы паклад звязаны з адкладамі антопальскага гарызонта неагену. Гліны светла-шэрыя алеўрытавыя каалініт-мантмарыланітавыя (верхні слой), жаўтавата-белыя пескавата-алеўрыцістыя каалінітавыя (сярэдні), стракатакаляровыя пясчаныя каалінітавыя (ніжні), высокапластычныя, тонкадысперсныя, шчыльныя. Разведаныя запасы 5 млн. м³, перспектыўныя 0,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,5—11,2 м, ускрышы 1,8—6 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць аглапарыту, цэменту (у сумесі з фосфагіпсам), на выраб цэглы і дрэнажных труб.

А.П.Шчураў.

т. 6, с. 538

ЗА́РАСТАК, праталій,

палавое пакаленне (гаметафіт) у вышэйшых споравых раслін — папарацей, хвашчоў, дзеразы. Развіваецца са споры і ўтварае мужчынскія (антэрыдыі) і жаночыя (архегоніі) палавыя органы. У насенных раслін моцна рэдукаваны.

Невял. расліна (да 5 см), мае форму цэласнай або рассечанай пласцінкі, ніці, клубеньчыка з рызоідамі на ніжняй паверхні. Жыве нядоўга (толькі З. дзеразы дажывае да 15—20 гадоў). Пасля апладнення на З. з зіготы вырастае бясполае пакаленне (спарафіг), які ўтварае спарангіі са спорамі бясполага размнажэння. Такім чынам адбываецца змена палавога (З.) і бясполага (спарафіт) пакаленняў. Гл. таксама Чаргаванне пакаленняў.

т. 6, с. 538

ЗАРАТУ́ШТРА, Зараастр,

паўлегендарны заснавальнік зараастрызму — стараж.-іранскай рэлігіі, у аснову якой пакладзена ідэя аб непазбежнай перамозе сіл дабра над сіламі зла; стваральнік самай стараж. часткі «Авесты». Згодна традыцыі і паводле меркаванняў вучоных, З. жыў і прапаведаваў у 7—пач. 6 ст. да н.э. на тэр. Усх. Ірана, Сярэдняй Азіі і Афганістана.

т. 6, с. 538

ЗАРА́ЧЧА,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на беразе воз. Рака, на аўтадарозе Браслаў—Даўгаўпілс (Латвія). Цэнтр сельсавета. За 8 км на ПнЗ ад г. Браслаў, 228 км ад Віцебска, 38 км ад чыг. ст. Друя. 86 ж., 31 двор (1997). Базавая школа, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — вадзяны млын (канец 18—1-я пал. 19 ст.).

т. 6, с. 538

ЗАРА́ АЛАТА́У,

зімовы сорт яблыні казахскай селекцыі. Атрыманы з сеянцаў сорту Ранет арлеанскі ад свабоднага апылення. На Беларусі вырошчваюць у гаспадарках Гродзенскай вобл. і садаводы-аматары.

Дрэва сярэднярослае, з шырокаавальнай кронай, пладаносіць на 5—6-ы год пасля пасадкі (на клонавых прышчэпах — на 2—3-і год). Плады сярэдняй велічыні (100—115 г) шырокаканічныя, светла-жоўтыя, з лёгкім аранжавым румянцам, дэсертнага прызначэння. Выспяваюць у пачатку кастр., захоўваюцца да крас.—мая. Мякаць шчыльная, дробназярністая, сакаўная, духмяная. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы, зімаўстойлівы, ураджайны.

Зара Алатау.

т. 6, с. 535

ЗАРДАРА́Н (Аганес Мкртычавіч) (н. 20.1.1918, г. Карс, Турцыя),

армянскі жывапісец. Нар. мастак Арменіі (1963). Чл.-кар. АН СССР (1958). Аўтар гіст. карцін («Заложнікі фашызму», 1943), лірычных пейзажаў («Армянскі пейзаж», 1944, «Бераг Севана», 1947, «Бюракан восенню», 1959), а таксама пейзажаў з жанравымі матывамі («Вясна», 1956, трыпціх «Абуджэнне», 1971), партрэтаў, нацюрмортаў. Творам характэрна дэкар. спалучэнне гучных, святланосных колеравых плоскасцей. Афармляў спектаклі «Гаянэ» А.І.Хачатурана ў Армянскім акад. т-ры оперы і балета ў Ерэване (1971) і інш., аўтар артыкулаў па пытаннях выяўл. мастацтва.

А.Зардаран. Вясна. 1956.

т. 6, с. 538

ЗАРЖЭ́ЦКІ (Іосіф Альбертавіч) (1800, г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 10.2.1869),

ваенны інжынер Ген.-лейт. (1864). Скончыў Віленскі ун-т (1826), Пецярбургскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1829). З 1830 у марской буд. часці ў Кранштаце. Аўтар праектаў гал. фортаў,. а з 1850 — будаўнік (кіраўнік усіх буд. работ) Кранштацкай крэпасці. Аўтар праектаў Балт. порта і гандл. порта на Кананерскім в-ве ў Пецярбургу.

т. 6, с. 538

ЗАРНІ́ЦА,

успышка святла на гарызонце пры аддаленай навальніцы, калі з-за далёкасці маланкі не відаць, а грому не чуваць. Звычайна назіраецца вечарам або ноччу.

т. 6, с. 538