Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАПА́ЛЬНЫЯ САСТА́ВЫ,

піратэхнічныя саставы, а таксама гаручыя рэчывы ці іх сумесі, якія выкарыстоўваюць для начынення боепрыпасаў або агнямётаў. Пры гарэнні З.с. выдзяляецца вял. колькасць цяпла, якое перадаецца матэрыялу, што падпальваюць. Эфектыўнасць дзеяння залежыць ад саставу З.с. і ад канструкцыі боепрыпасаў.

Паводле хім. саставу падзяляюць на З.с. з акісляльнікамі — аксідамі марганцу і жалеза (гл. Тэрміт), нітратамі ці перхларатамі металаў (напр., калію нітрат KNO3, перхларат KClO4 іх шчыльнасць больш за 3000 кг/м³, цеплата згарання 6—8 МДж/кг, т-ра гарэння да 3000 °C; З.с., у якіх адсутнічае акісляльнік, згараюць у прысутнасці кіслароду паветра — загушчаныя нафтапрадукты (напр., напалм), белы фосфар, сплаў «электрон» (сплаў 96% магнію з алюмініем і інш. элементамі). Іх шчыльн. 800—2000 кг/м³, цеплата згарання 42 Мдж/кг, т-ра гарэння 800—1000 °C.

Р.А.Чарнушэвіч.

т. 6, с. 530

ЗАПАЛЯ́РНАЕ ГАЗАКАНДЭНСА́ТНАНА́ФТАВАЕ РАДО́ВІШЧА,

размешчана на Пн Цюменскай вобл. Расіі, за 80 км на ПдЗ ад г.п. Тазаўскі (цэнтр здабычы). Уваходзіць у Заходне-Сібірскую нафтагазавую правінцыю. Адкрыта ў 1965. Паклад на глыб. 1—3 км. Пач. запасы 2631,5 млрд. м³.

т. 6, с. 530

ЗАПАЛЯ́Р’Я АБАРО́НА (чэрв. 1941 — кастр. 1944),

баявыя дзеянні войск Паўн., з 1.9.1941 Карэльскага франтоў, Паўн. флоту і Беламорскай флатыліі ў Вял. Айч. вайну на Кольскім п-ве, у паўн. Карэліі, на Баранцавым, Белым і Карскім морах супраць узбр. сіл гітлераўскай Германіі і саюзнай ёй Фінляндыі. Мэта — не дапусціць захопу праціўнікам Кольскага п-ва з незамярзаючым портам Мурманск і Кіраўскай чыгункай, забяспечыць абарону паўн. марскіх камунікацый. У выніку гераічнай абароны сав. войскі не дазволілі праціўніку ізаляваць СССР ад знешніх сувязей праз паўн. парты і перарэзаць Паўн. марскі шлях на Д. Усход, забяспечана дастаўка ў СССР праз Мурманскі порт ваенных грузаў марскімі канвоямі саюзнікаў. У кастр. 1944 узбр. сілы СССР выгналі захопнікаў з сав. Запаляр’я. Прэзідыум Вярх. Савета СССР заснаваў 5.12.1944 медаль «За абарону Савецкага Запаляр’я» (больш за 307 тыс. узнагароджаных). 7.5.1985 Мурманску прысвоена званне «Горадгерой».

т. 6, с. 531

ЗАПАМІНА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ,

сукупнасць тэхн. сродкаў для запісу, захоўвання і ўзнаўлення інфармацыі. Выкарыстоўваюцца ў выліч. тэхніцы, сувязі, аўтаматыцы, станках з лікава-праграмным кіраваннем, вымяральных прыладах і інш. Асн. параметры: ёмістасць (найб. колькасць інфармацыі, якую можна адначасова захоўваць), хуткадзеянне (характарызуе скорасць уводу-вываду інфармацыі і інш.) і энергаспажыванне.

Паводле функцыянальнага прызначэння адрозніваюць З.п. звышаператыўныя (ЗАЗП), аператыўныя (АЗП), пастаянныя (ПЗП, у т.л. перапраграмавальныя) і знешнія (ЗЗП); паводле характару звароту — адрасныя, бязадрасныя, асацыятыўныя (пошук і выбарка інфармацыі па пэўных прыкметах); паводле спосабу выбаркі інфармацыі — з паслядоўным (цыклічным) зваротам, з паралельным зваротам (адвольнай выбаркай). Запіс інфармацыі ў З.п. ажыццяўляецца пераўтварэннем яе ў эл., аптычныя, акустычныя ці інш. сігналы для змены стану, формы або цэласнасці пэўнага фіз. асяроддзя (гл. Накапляльнік, Носьбіт інфармацыі). ЗАЗП і АЗП прызначаны для захоўвання інфармацыі, неабходнай для аперацый, якія выконвае працэсар ЭВМ; у ПЗП захоўваюцца пастаянныя каэфіцыенты, даведачныя табліцы, падпраграмы, мікрапраграмы, знакагенератары і інш. ЗЗП і архіўная памяць прызначаны для захоўвання вял. масіваў інфармацыі для наступнай перадачы іх у АЗП; маюць накапляльнікі на магнітных дысках, барабанах, стужках, а таксама на магн.-аптычных і аптычных дысках. Гл. таксама Памяць ЭВМ.

М.П.Савік.

т. 6, с. 531

ЗАПА́РНІК-ЗМЯША́ЛЬНІК КАРМО́Ў,

машына для прыгатавання кармавых сумесей здробненых с.-г. прадуктаў у сырым і запараным выглядзе, а таксама для змешвання сакавітых і грубых кармоў з канцэнтратамі, травяной мукой і інш. кармавымі дабаўкамі перад скормліваннем іх жывёле. Выкарыстоўваюцца З.-з.к. прадукцыйнасцю ад 2 да 5 т/гадз (з запарваннем) і да 10 т/гадз (без запарвання). Могуць працаваць як самастойныя машыны, так і ў тэхнал. лініях кармацэхаў. Запарнікі кармоў (бульбазапарачныя агрэгаты) прызначаныя для мыцця, запарвання, здрабнення і выгрузкі бульбы. Працуюць у цыклічным або бесперапынным рэжыме. Маюць запарачны чан умяшчальнасцю 3 м³, мыйку, загрузачныя і выгрузачныя шнэкі, транспарцёр і інш. Прадукцыйнасць да 3 т/гадз.

Запарнік-змяшальнік кармоў С-2.
Да арт. Запарнік-змяшальнік кармоў. Схема бульбазапарачнага агрэгата: 1 — мыйка; 2 — гразевыгрузачны транспарцёр; 3 — загрузачны шнэк; 4 — запарачны чан; 5 — параразмеркавальнае прыстасаванне; 6 — выгрузны шнэк; 7 — мялка; 8 — шнэк для выгрузкі мязгі.

т. 6, с. 531

«ЗАПАРО́ЖАЦ»,

марка легкавых аўтамабіляў асабліва малога класа Запарожскага аўтамаб. з-да (Украіна). Характэрная асаблівасць — задняе размяшчэнне рухавіка. Гл. ў арт. ЗАЗ.

т. 6, с. 531

ЗАПАРО́ЖАЦ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 13.2.1927, г. Растоў-на-Доне, Расія),

бел. вучоны ў галіне паталаг. фізіялогіі. Д-р мед. н. (1985), праф. (1994). Ганаровы акад. МіАнар. акадэміі інтэгратыўнай антрапалогіі (1996, Кіеў). У 1957—94 у Ін-це фізіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні інфекц. працэсу і прафілактыцы ўскладненняў пасля аперацый на органах страўнікава-кішачнага тракту. Адкрыў з’яву інфіцыравання брушной поласці з кішэчніка праз фізічна герметычны шоў герметычнае шво*. Даў новыя ўяўленні пра механізмы ўзнікнення перытаніту і спаечнага працэсу пасля аперацый на страўніку і кішэчніку. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Инфицирование брюшины через физически герметичный кишечный шов. Мн., 1968;

Послеоперационный перитонит. Мн., 1974.

т. 6, с. 531

ЗАПАРО́ЖЖА,

горад на Украіне, цэнтр Запарожскай вобл., порт на р. Дняпро. Засн. ў 1770. 895 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: чорная і каляровая металургія (камбінаты «Запарожсталь», тытана-магніевы; з-ды «Днепраспецсталь», ферасплаваў, алюм., электродны і інш.), маш.-буд. і металаапр. (ВА «АўтаЗАЗ», з-ды высакавольтнай апаратуры, «Запарожкабель», інстр., суднарамонтна-суднабуд. і інш.); хім. і коксахім.; лёгкая (у т.л. абутковая, швейная), харчасмакавая, мікрабіял.; вытв-сць будматэрыялаў (абразіўны камбінат). Дняпроўская ГЭС. 4 ВНУ (у т.л. ун-т). 3 тэатры, філармонія. Краязнаўчы і маст. музеі.

Запарожжа.

т. 6, с. 531

ЗАПАРО́ЖСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПдУ Украіны. Утворана 10.1.1939. Пл. 27,2 тыс. км2. Нас. 2078 тыс. чал., гарадскога 76% (1996). Цэнтр — г. Запарожжа. Найб. гарады: Мелітопаль, Бярдзянск, Арэхаў, Прыморск.

Прырода. Большая ч. тэр. вобласці раўнінная, на ПдУ Прыазоўскае ўзв. з ізаляванымі ўзгоркамі (выш. да 324 м, г. Магіла-Бельмак), на Пд Прычарнаморская нізіна, якая абмываецца Азоўскім м. Карысныя выкапні: жал. і марганцавыя руды, буры вугаль, граніт, каалін, графіт. Мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -4 °C, ліп. 22—24 °C. Гадавая колькасць ападкаў 350—450 мм. Гал. рака — Дняпро з прытокам Конка; да бас. Азоўскага м. належаць рэкі: Малочная, Абіточная, Берда, Кахоўскае вадасх. На ўзбярэжжы Азоўскага м. шэраг ліманаў і салёных азёр. Глебы чарназёмныя, цёмна-каштанавыя, каштанавыя і саланцы. Стэпы разараныя, участкі драўнінна-хмызняковай расліннасці ўздоўж рэк. Філіял Укр. стэпавага запаведніка («Каменныя Магілы»).

Гаспадарка. З.в. — развіты прамысл. раён. Асн. галіны прам-сці: чорная (чыгун, сталь, пракат) і каляровая (вытв-сць алюмінію, тытану, магнію) металургія, маш.-буд. і металаапрацоўка (сілавыя трансфарматары, высакавольтная электраапаратура, кабель, электрапрыборы, легкавыя аўтамабілі, рухавікі, с.-г. машыны і агрэгаты), коксахім., хім. і нафтахім. (палімеры, сінт. смолы, тэхн. масла, шкловалакно, лакі і інш.). Лёгкая (трыкатажная, швейная, абутковая), харчасмакавая (маслабойна-тлушчавая, мукамольная, мясная, малочная, рыбная, кансервавая), камбікормавая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча жал. руды (Белазерскі жалезарудны раён). Днепрагэс, Запарожская ДРЭС, Запарожская АЭС. С.-г. ўгоддзі займаюць 2210 тыс. га, у т.л. пад ворывам 1893 тыс. га (1996). Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень), кармавых, тэхнічных (сланечнік, соя, клешчавіна) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя. Пладаводства і вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Шаўкаводства. Рыбалоўства. Значныя масівы арашальных зямель. Суднаходства па р. Дняпро. Марскі порт — г. Бярдзянск. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Сімферопаль, Запарожжа—Валнаваха, Запарожжа—Бярдзянск, аўтадарогі Масква—Сімферопаль, Запарожжа—Марыупаль, Запарожжа—Днепрапятроўск. Курорты: Бярдзянск, Кірылаўка.

В.М.Сасноўскі.

т. 6, с. 532

ЗАПАРО́ЖСКАЯ СЕЧ,

ваенна-палітычная арг-цыя ўкр. казакоў, казацкая рэспубліка ў 16—18 ст. за Дняпроўскімі парогамі. Назва ад драўляных умацаванняў — «сечаў», якія рабілі казакі. Засн. збеглымі прыгоннымі сялянамі, у т.л. з Беларусі, і гар. беднякамі. Вышэйшы орган — Вайск. рада, якая выбірала старшыну (кіраўніцтва) на чале з кашавым атаманам. Падзялялася на курані (у 1770-я г. іх было 38). Вяла барацьбу з польска-ўкр. землеўладальнікамі, крымскімі татарамі і туркамі. З паўстання ў З.с. пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага пачалася вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. У 1709 за ўдзел запарожцаў у Булавінскім паўстанні 1707—08 і дапамогу шведам у час Паўночнай вайны 1700—21 З.с. ліквідавана рас. ўладамі. У 1734 створана т.зв. Новая сеч, якая ўдзельнічала ў рус.-тур. войнах 1735—39 і 1768—74. Канчаткова ліквідавана 5.8.1775 пры Кацярыне II як небяспечны асяродак нар. хваляванняў. Частка казакоў збегла да туркаў і заснавала Задунайскую сеч. З другой часткі ў 1787 утворана Чарнаморскае казацкае войска.

т. 6, с. 532