ЗА́МЕНГОФ ((Zamenhof) Людвік Лазар) (27.12.1859, г. Беласток, Польшча — 27.4.1917),
польскі ўрач-акуліст, стваральнік эсперанта. Вучыўся ў Варшаве, Маскве і Вене. У 1893—97 жыў у г. Гродна. У 1887 выдаў (пад псеўд. D-ro Esperanto) праект штучнай дапаможнай міжнар. мовы, спадзеючыся, што яна дапаможа ў справе ўзаемаразумення паміж народамі. Пазней апубл. слоўнікі эсперанта, хрэстаматыі і асобныя выданні сваіх арыгінальных твораў, а таксама пераклады на эсперанта сусв. маст. класікі.
т. 6, с. 523
ЗА́МЕЦЬ,
перанос снегу ветрам непасрэдна над паверхняй снегавога покрыва; разнавіднасць мяцеліцы.
т. 6, с. 523
ЗАМІНДА́РЫ (ад перс. — землеўладальнік),
зямельна-падатковая сістэма ў Паўн., Усх. і Цэнтр. Індыі ў часы англ. калан. панавання. Уведзеная англ. каланіяльнымі ўладамі на мяжы 18 і 19 ст. Зацвярджала ў правах спадчынных землеўладальнікаў феадалаў — заміндараў і ўстанаўлівала зямельны падатак з іх (пастаянны і часовы) на карысць вярхоўнага ўласніка зямлі — калан. улад. Сістэма З. адменена ў 1950-я г.
т. 6, с. 523
ЗАМІРА́ННЕ РАДЫЁСІГНА́ЛУ, федынг,
змяншэнне інтэнсіўнасці радыёсігналу ў пункце яго прыёму. Абумоўлена зменамі эл. уласцівасцей атмасферы, а таксама інтэрферэнцыяй радыёхваль, што прыйшлі ў пункт прыёму па розных напрамках (гл. Інтэрферэнцыя хваль, Распаўсюджванне радыёхваль). З.р. прадухіляюць з дапамогай аўтам. рэгуліроўкі ўзмацнення, прыёму на некалькі разнесеных антэн і інш.
т. 6, с. 523
ЗАМІ́Р’Е,
назва чыг. ст. Гарадзея ў пач. 20 ст.
т. 6, с. 523
ЗА́МКАВАЯ ГАРА́,
найвышэйшы пункт Навагрудскага ўзвышша на Беларусі. За 3 км ад г. Навагрудак, за 250 м на Пн ад в. Пуцэвічы. Выш. 323 м. Складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта пылаватым супескам, сфарміраваным у час паазерскага зледзянення. Мае выгляд спадзіставыпуклага ўзвышэння субмерыдыянальнага напрамку. Схілы спадзістыя, стромкасць 3—7°, адносны перавыш. да 20—25 м/км2. Амаль уся пад ворывам. На З.г. засталіся руіны Навагрудскага замка (10—16 ст.). Паблізу З.г. ў гонар А.Міцкевіча насыпаны курган.
т. 6, с. 523
ЗАМКНЁНАЯ ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,
адна- ці шматканальная сістэма прыкладнога тэлебачання, у якой перадавальныя камеры звязаны з прыёмнікамі мясцовымі кабельнымі лініямі сувязі. Кіраванне камерамі дыстанцыйнае або яны працуюць у аўтам. рэжыме. Параметры З.т.с. вызначаюцца яе прызначэннем і могуць адрознівацца ад вяшчальных телевізійных стандартаў. Выкарыстоўваецца ў прамысл. тэлебачанні, навуч. установах, ваеннай справе, на транспарце, у медыцыне і інш.
т. 6, с. 523
ЗАМКНУ́ТЫЯ ЭКАЛАГІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
функцыянальна адзіная сукупнасць арганізмаў (раслін, жывёл і мікраарганізмаў), якія насяляюць агульную тэр. і здольныя да працяглага існавання пры цалкам замкнутым кругавароце рэчываў (пры адсутнасці матэрыяльнага абмену праз яе межы).
Прынцыпы З.э.с. выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы біял. сістэм жыццезабеспячэння чалавека ва ўмовах ізаляцыі ад біясферы Зямлі, напр. у касм. або падводных апаратах. Аснову штучна створанай З.э.с. складаюць расліны, якія за кошт энергіі святла ў працэсе фотасінтэзу паглынаюць двухвокіс вугляроду і выдзяляюць кісларод. Біямаса раслін выкарыстоўваецца ў ежу чалавекам і інш. гетэратрофнымі арганізмамі, апошнія могуць уваходзіць у харч. рацыён чалавека. Нявыкарыстаная біямаса раслін, прадукты жыццядзейнасці чалавека і інш. кампанентаў біякомплексу раскладаюцца мікраарганізмамі да вады, двухвокісу вугляроду і мінер. рэчываў, якія зноў выкарыстоўваюцца раслінамі. Створаны эксперым. З.э.с., што ўключаюць чалавека, аднаклетачныя водарасці, вышэйшыя расліны, мікраарганізмы-мінералізатары. За кошт рэгенерацыі ў такіх З.э.с. цалкам забяспечвалася патрэба чалавека ў кіслародзе, вадзе і часткова ў ежы.
т. 6, с. 523