Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗАКАЎКА́ЗЗЕ,

частка Каўказа, якая ляжыць на Пд ад Галоўнага, або Водападзельнага, хрыбта Вял. Каўказа. Уключае б.ч. паўд. схілу Вял. Каўказа, Калхідскую і Кура-Араксінскую нізіны, Закаўказскае нагор’е, Талышскія горы і Ленкаранскую нізіну. У межах З. размешчаны асн. ч. Грузіі, Арменіі і Азербайджана.

т. 6, с. 505

ЗАКАЎКА́ЗСКАЕ НАГО́Р’Е,

горная вобласць, якая ўключае паўн. ч. Армянскага нагор’я, Малы Каўказ і катлавіну сярэдняга цячэння р. Аракс.

т. 6, с. 505

ЗАКАЎКА́ЗСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ,

дзяржаўнае аб’яднанне сав. рэспублік Азербайджана, Арменіі і Грузіі ў 1922—36. З 12.3.1922 Федэратыўны Саюз Сацыяліст. Сав. Рэспублік Закаўказзя (ФСССРЗ). З 13.12.1922 Закаўказская Сацыяліст. Федэратыўная Сав. Рэспубліка (ЗСФСР). З 30.12.1922 у складзе СССР. З 1936 закаўказскія рэспублікі ў складзе СССР як самаст. сав. рэспублікі. З 1991 суверэнныя дзяржавы.

т. 6, с. 505

ЗАКАЎКА́ЗСКІ КАМІСАРЫЯ́Т,

орган дзярж. улады ў Закаўказзі ў 1917—18. Створаны 28.11.1917 у г. Тбілісі меншавікамі, эсэрамі, дашнакамі і мусаватыстамі пры падтрымцы краін Антанты. Кіраўнік Я.​Гегечкоры. Праводзіў палітыку на адрыў Закаўказзя ад Сав. Расіі. 26.3.1918 скасаваны Закаўказскім сеймам, выканаўчая ўлада перайшла да Закаўказскага часовага ўрада.

т. 6, с. 505

ЗАКАЎКА́ЗСКІ СЕЙМ,

орган дзярж. улады ў Закаўказзі ў 1918. Скліканы Закаўказскім камісарыятам 23.2.1918 у г. Тбілісі з мэтай юрыдычна аформіць адрыў Закаўказзя ад Сав. Расіі. Уваходзілі дэпутаты, выбраныя ад Закаўказзя ва Устаноўчы сход, прадстаўнікі партый меншавікоў, дашнакоў, мусаватыстаў і інш. З.с. аб’явіў сябе заканад. органам Закаўказзя, у сак. 1918 санкцыяніраваў аддзяленне Закаўказзя ад Сав. Расіі. 9.4.1918 абвясціў незалежнасць Закаўказскай дэмакр. федэратыўнай рэспублікі. Кіраўнік А.​Чхенкелі. 26.5.1918 распушчаны.

т. 6, с. 505

ЗАКВА́СКІ,

чыстыя культуры бактэрый (пераважна малочнакіслых), дражджэй або плесневых грыбоў, якія выклікаюць браджэнне і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ў асн. харчовых прадуктаў. Мікраарганізмы, якія ёсць у З., трапляючы ў натуральны субстрат (малако, сумесь мукі з вадой, сок вінаграду і інш.), размнажаюцца, выклікаюць малочнакіслае, прапіёнава-кіслае або спіртавое браджэнне і ўтвараюць араматычныя арган. рэчывы. З. ўжываюць для атрымання сыраквашы, ацыдафіліну, кумысу, кефіру, масла, некат. сартоў сыру, вінаграднага віна, кіслага хлеба, а таксама пры сіласаванні кармоў.

т. 6, с. 505

ЗАКІДНА́Я ТЭ́ХНІКА ў драўляным дойлідстве,

спосаб узвядзення будынкаў і збудаванняў з асобных праслаў, зробленых з бярвён, брусоў, плашак, дыляў, дошак і інш., канцы якіх устаўлены ў шулы (вертыкальна пастаўленыя бярвёны або брусы з пазамі). На тэр. Беларусі вядома ў жытлах з каменнага веку. У 16 — пач. 20 ст. выкарыстоўвалася пераважна ў гасп., вытв. і некат. грамадскіх будынках (хлявы, аборы, гумны, адрыны, корчмы, крамы, склады, бровары і інш.), агароджах. У сядзібнай забудове часам замест драўляных шулаў выкарыстоўваліся мураваныя слупы. Цяпер З.т. выкарыстоўваюць у гасп. пабудовах на вёсцы.

т. 6, с. 505

ЗА́КІНТАС, Закінф,

(Zakynthos), востраў у Іанічным м., самы паўднёвы ў групе Іанічных астравоў. Тэр. Грэцыі. Пл. 408 км². Аддзелены ад п-ва Пелапанес пралівам Закінтас (шыр. каля 20 км). Зах. палова вострава гарыстая (вапняковы масіў выш. да 756 м), зараснікі маквісу і фрыганы; на У узгорыстая раўніна з садамі, вінаграднікамі, гаямі аліваў. Клімат міжземнаморскі, ападкаў да 1000 мм за год. Радовішча асфальту. Гал. горад і порт Закінтас.

т. 6, с. 505

ЗАКЛА́Д,

гл. Залог.

т. 6, с. 505

ЗАКЛА́ДНІКІ,

цяглыя сяляне, якія пераходзілі ў залежнасць да феадалаў, каб пазбавіцца ад цяжкіх падаткаў і павіннасцей на карысць дзяржавы або злоўжыванняў ураднікаў. Яны трацілі асабістую свабоду, вымушаны былі плаціць феадалу натуральныя і грашовыя падаткі. Велікакняжацкія ўлады змагаліся супраць закладніцтва, бо яно змяншала колькасць дзярж. сялян і скарачала дзярж. даходы. У 15—16 ст. закладніцтва было пашырана у Полацкай зямлі.

т. 6, с. 505