Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭМБІ́НСКІ ((Dembiński) Генрык) (16.1.1791, в. Стшалкаў Келецкага ваяв., Польшча — 13.6.1864),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. Вучыўся ў ваенна-інжынернай акадэміі ў Вене, служыў у войску герцагства Варшаўскага. Удзельнічаў у кампаніях войск Напалеона. У час паўстання 1830—31 капітан, пасля палкоўнік, генерал брыгады. Пад Райградам разбіў рус. атрад ген. Ф.​В.​Остэн-Сакена (29.5.1831). Летам 1831 уступіў на тэр. Беларусі, але неўзабаве адышоў у Польшчу. Нам. галоўнакамандуючага, потым губернатар Варшавы і галоўнакамандуючы польскім войскам. Здаў Варшаву рус. войскам. Пасля паражэння паўстання жыў за мяжой, служыў у егіпецкай арміі. Удзельнік венгерскай рэвалюцыі 1848—49, галоўнакамандуючы рэв. арміяй. Пасля паражэння рэвалюцыі жыў у Турцыі, Францыі. Аўтар успамінаў.

В.​В.​Швед.

т. 6, с. 348

ДЭМБІ́НСКІ (Генрык) (30.7.1908, г. Іркуцк, Расія — 12.8.1941),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. Пасля 1-й сусв. вайны жыў у Ашмянах. З канца 1932 у Віленскім ун-це на чале антыфаш. групы Студэнцкай лявіцы «Фронт». У 1935 адзін з заснавальнікаў легальнай антыфаш. студэнцкай газ. «Poprostu» («Папросту»). Удзельнік антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. У 1937 засуджаны на 4 гады турмы. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР інспектар раённага аддзела нар. асветы. Расстраляны гітлераўцамі ў Ганцавічах.

Тв.:

Wybór pism. Warszawa, 1962.

Літ.:

Brodowski L. Henryk Dembiński: człowiek dialogu. Warszawa;

Kraków, 1988.

т. 6, с. 348

ДЭМБІ́НСКІ (Мікалай Уладзіслававіч) (30.8.1899, г. Чарнігаў, Украіна — 22.4.1988),

бел. вучоны ў галіне эканомікі. Д-р эканам. н. (1971), праф. (1961). Засл. дз. нав. БССР (1972). Скончыў Усесаюзны завочны фін.-эканам. ін-т (1932). З 1932 у Куйбышаўскім планавым ін-це. У 1947—87 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі, з 1964 заг. кафедры эканам. аналізу і механізацыі ўліку. Даследаваў праблемы павышэння эфектыўнасці вытв-сці ў прамысловасці, тэорыі эканам. аналізу і бухгалтарскага ўліку.

Тв.:

Вопросы теории экономического анализа. М., 1973;

Основные направления повышения эффективности производства в промышленности. Мн., 1976 (разам з В.​Г.​Храпчанкавым);

Анализ экономики промышленного предприятия. Мн., 1979.

т. 6, с. 348

ДЭМБО́ЎСКАЯ ((Dembowska) Зоф’я) (па мужу Ромер; 16.2.1885, г. Тарту, Эстонія — 23.8.1972),

беларуска-польская мастачка. Брала ўрокі малявання ў Вільні і Кракаве. У 1914—41 жыла ў Віцебскай вобл. Працавала ў жывапісе і графіцы. Да 1920 стварыла цыкл партрэтаў дзеячаў віленскіх універсітэцкіх і літ. колаў: рэктара М.​Ромера, д-ра К.​Міхейды, праф. Р.​Радзіловіча, М.​Здзяхоўскага і інш. У 1920-я г. пісала пейзажы («Дарога», «Вербы», «Стары дом», «Мост», «Снег» і інш.). З 1943 працавала ў Егіпце, Англіі, Канадзе, ЗША, дзе малявала партрэты арыстакратаў, чл. каралеўскіх сем’яў, вядомых палітыкаў і дзеячаў навукі і культуры.

І.​А.​Масляніцына.

т. 6, с. 348

ДЭМБО́ЎСКІ ((Dembowski) Эдвард) (25.4 або 31.5.1822, Варшава — 27.2.1846),

польскі паліт. дзеяч, філосаф, публіцыст. У 1842—43 рэдактар і выдавец час. «Przegląd Naukowy» («Навуковы агляд»), вакол якога аб’ядналася незалежная маладая інтэлігенцыя. Пад уплывам Г.​Каменскага ўступіў у Саюз польск. народа і разам з П.​Сцягенным прымаў удзел у падрыхтоўцы нар. паўстання. У 1843 пад пагрозай арышту ўцёк у Познань, дзейнічаў у незалежніцкім руху ў Малапольшчы. З 1845 у Галіцыі, адзін з кіраўнікоў Кракаўскага паўстання 1846. Застрэлены аўстрыйцамі ў час дэманстрацыі. Аўтар прац «Думкі пра будучыню філасофіі», «Нарыс гісторыі польскай літаратуры» (абедзве 1845) і інш.

Тв.:

Pisma. T. 1—5. Warszawa, 1955.

Літ.:

Szypowska M. Edward Dembowski, 1822—1846. Warszawa, 1973.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 348

ДЭМБО́ЎСКІ ((Dembowski) Ян) (26.12.1889, С.-Пецярбург — 22.9.1963),

польскі заолаг, грамадскі і дзярж. дзеяч. Акад. Польскай АН (1951). Замежны чл. АН СССР (з 1958). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912). З 1922 працаваў у Ін-це імя М.​Ненцкага ў Варшаве (з 1933 дырэктар), у 1934—39 у Віленскім ун-це. У 1944—47 аташэ пасольства ПНР у Маскве і адначасова супрацоўнік Ін-та эксперым. біялогіі АМН СССР. З 1947 праф. Лодзінскага ун-та, у 1951—56 прэзідэнт Польскай АН, у 1952—60 дырэктар Ін-та эксперым. біялогіі. Навук. працы па эталогіі і зоапсіхалогіі розных груп жывёл. Вывучаў рытм дзялення і трапізм у інфузорый.

т. 6, с. 349

ДЭ́МБРАВА,

вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Спушанка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на З ад Шчучына, 46 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Скідзель. 612 ж., 204 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква, касцёл.

т. 6, с. 349

Дэмелт Ганс Джордж

т. 18, кн. 1, с. 383

ДЭМЕРА́РА (Demerara),

буйны баксітаносны раён у паўн. ч. Гаяны, паблізу Атл. ўзбярэжжа. Уключае больш за 100 радовішчаў, якія ўтвараюць баксітаносную зону, выцягнутую ўздоўж узбярэжжа на 150 км пры шыр. каля 25 км. Асваенне з 1917. Геал. запасы 800 млн. т. Баксіты латэрытна-асадкавыя, пераважна гібсітавыя, з колькасцю гліназёму Al2O3 60—63%. Распрацоўка адкрытым спосабам. Цэнтр здабычы — Макензі.

т. 6, с. 349

ДЭМЕ́ТРА,

у грэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і земляробства, дачка Кронаса і Рэі, сястра Зеўса. Дачку Д. Персефону пакахаў і ўкраў бог падземнага царства Аід. Пакуль Д. блукала ў пошуках дачкі, зямля перастала плоданасіць, засохлі дрэвы і травы, загінулі статкі, пачаўся голад. Зеўс загадаў вярнуць Персефону, каб летнія месяцы яна праводзіла на зямлі, зімовыя — у царстве Аіда. У г. Элеўсін быў узведзены храм Д., дзе 9 дзён у верасні спраўлялі містэрыі, у гонар Д. і Персефоны ладзілі святы Фесмафорыі. Свае творы Д. прысвяцілі Гамер, Калімах, Феакрыт, Г.​Сакс, Ф.​Шылер і інш. У рым. міфалогіі Д. адпавядае Цэрэра.

Л.​М.​Драбовіч.

Дэметра («Дэметра Кнідская»). Скульптар Брыяксіс. 340—330 да н.э.

т. 6, с. 349