ДЭМБІ́НСКІ ((Dembiński) Генрык) (16.1.1791, в. Стшалкаў Келецкага ваяв., Польшча — 13.6.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. Вучыўся ў ваенна-інжынернай акадэміі ў Вене, служыў у войску герцагства Варшаўскага. Удзельнічаў у кампаніях войск Напалеона. У час паўстання 1830—31 капітан, пасля палкоўнік, генерал брыгады. Пад Райградам разбіў рус. атрад ген. Ф.В.Остэн-Сакена (29.5.1831). Летам 1831 уступіў на тэр. Беларусі, але неўзабаве адышоў у Польшчу. Нам. галоўнакамандуючага, потым губернатар Варшавы і галоўнакамандуючы польскім войскам. Здаў Варшаву рус. войскам. Пасля паражэння паўстання жыў за мяжой, служыў у егіпецкай арміі. Удзельнік венгерскай рэвалюцыі 1848—49, галоўнакамандуючы рэв. арміяй. Пасля паражэння рэвалюцыі жыў у Турцыі, Францыі. Аўтар успамінаў.
В.В.Швед.
т. 6, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)