Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУ́БАЎ (Георгій Савельевіч) (9.12.1933, г. Чыта, Расія — 9.8.1995),

беларускі акцёр. Нар. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958). З 1959 у Гродзенскім абл. драм. т-ры, з 1964 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Мастацтву Д. былі ўласцівы яркая характарнасць, камед. майстэрства, імправізацыйнасць. Акцёр дэталі, штрыха; імклівы, лёгкі, гарэзлівы і адначасова востры, удумлівы. Сярод лепшых роляў: Цярэшка Калабок («Трыбунал» А.Макаёнка), Жывата Цвіёвіч («Доктар філасофіі» Б.Нушыча), Стары («Шчаслівае здарэнне» С.Мрожака), жонка Журдэна («Здурнелы Журдэн» М.Булгакава), Дон Хуан («Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра).

Г.С.Дубаў.
Г.Дубаў у ролі Жываты Цвіёвіча.

т. 6, с. 240

ДУ́БАЎКА,

рака ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна. Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 177 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Клюшова. У верхнім цячэнні называецца Асеча. Цячэ ў межах Гарадоцкага ўзв. Асн. прыток р. Карляча (справа).

т. 6, с. 241

ДУБАЎСКО́Е ВО́ЗЕРА,

у Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Цна, за 9 км на Пд ад г. Ганцавічы. Пл. 0,2 км², даўж. 620 м, найб. шыр. 380 м, даўж. берагавой лініі 1,6 км. Схілы катлавіны выш. да 5 м, пад лесам. Дно выслана сапрапелем.

т. 6, с. 241

ДУБАЎСКО́Й (Мікалай Ніканоравіч) (17.12.1859, г. Новачаркаск, Расія — 28.2.1918),

рус. жывапісец-пейзажыст. Скончыў Пецярбургскую АМ (1881). Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1900; з 1911 праф. — кіраўнік пейзажнай майстэрні). З 1886 чл. Т-ва перасоўных част. выставак (гл. Перасоўнікі), з 1890-х г. адзін з яго кіраўнікоў. Імкнуўся да эпічна-абагульненага адлюстравання прыроды («Дубы» і «Прыціхла», абодва 1890; «На Волзе», 1892; «Радзіма», каля 1903—05).

М.Дубаўской. Прыціхла. 1890.

т. 6, с. 241

ДУ́БАХ (Аляксандр Давідавіч) (9.7.1883, в. Ботава Маскоўскай вобл. — 1942),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі і гідралогіі. Акад. АН БССР (1928), д-р с.-г. н. (1926), праф. (1921).Скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1908). У 1908—16 інжынер-гідратэхнік у Мінскай і Магілёўскай губ. З 1920 заг. кафедры БСГА. У 1927—30 заг. аддзела Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. У 1925—30 старшыня Навук.-тэхн. савета пры Наркамземе БССР. У 1927—42 заг. кафедры Ленінградскай лесатэхн. акадэміі. Распрацоўваў пытанні гідралогіі лясоў, балот, уплыву лесу на рачны сцёк. Зрабіў навук. аналіз заканамернасцей фарміравання воднага рэжыму балот.

т. 6, с. 241

ДУБАШЫ́НСКІ (Павел Піліпавіч) (н. 14.3.1931, в. Гарбуны Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1955). Працаваў у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача, выконваў ролі маладых герояў, характарныя. З 1967 у Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы. Акцёр яркага і самабытнага таленту, добра адчувае камедыйны жанр. Выкарыстоўвае прыёмы шаржу, пародыі, гратэску. Дасканалае майстэрства выявілася ў ролях: Камендант, Ломцеў («Трыбунал», «Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Гастрыт («Вечар» А.Дударава), Дабрыян («Брама неўміручасці» К.Крапівы), Язэп Карыта («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), князь К. («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага), Глахуна («Закон вечнасці» паводле Н.Думбадзе), граф дэ Мірмон («Лесвіца славы» Э.Скрыба) і інш. Здымаецца ў кіна- і тэлефільмах.

П.П.Дубашынскі.
П.Дубашынскі ў ролі князя К.

т. 6, с. 241

ДУБЕ́ЙКАЎСКІ Лявон Іванавіч, гл. Вітан-Дубейкаўскі Л.І.

т. 6, с. 241

ДУ́БЕЛЬТ (Лявонцій Васілевіч) (1792, г. Магілёў — 9.5.1862),

ваенны і дзярж. дзеяч, адзін з арганізатараў паліт. вышуку ў Расіі. Генерал ад кавалерыі (1856). Скончыў Горны кадэцкі корпус (1807), служыў у пяхоце (да 1830). Ўдзельнік кампаній 1807 і 1812—15, ад’ютант Дз.С.Дахтурова, М.М.Раеўскага. У пач. 1820-х г. масон. З 1830 у Корпусе жандараў, з 1835 нач. штаба корпуса. У 1839—56 адначасова кіраўнік «Трэцяга аддзялення», чл. Гал. ўпраўлення цэнзуры і Сакрэтнага к-та аб раскольніках. Кіраваў праследаваннем паэтаў А.С.Пушкіна і М.А.Някрасава, расследаваў справы Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства і петрашэўцаў. З 1856 у адстаўцы.

Літ.:

Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.

т. 6, с. 241

ДУБІКО́ЎСКІ (Георгій Пятровіч) (н. 18.5.1934, г. Гродна),

бел. вучоны ў галіне аграхіміі. Чл.-кар. АН Беларусі (1996), д-р с.-г. н. (1976), праф. (1987). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1957). З 1962 у БДУ, з 1969 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі, з 1982 у Гродзенскім с.-г. ін-це. Навук. працы па біягеахіміі і матэм. мадэляванні заканамернасцей размеркавання мікраэлементаў у глебах, распрацоўцы навук. асноў жыўлення раслін мікраэлементамі, прыёмаў экалагічнага (альтэрнатыўнага) земляробства, арганізацыі вытв-сці на Беларусі прамысл. формаў мікраўгнаенняў (калійна-медных, азотна-цынкавых і інш.), пытаннях мед. геаграфіі, аховы навакольнага асяроддзя.

Тв.:

Микроэлементы в почвах СССР. М., 1981 (у сааўт.).

Г.П.Дубікоўскі.

т. 6, с. 241

ДУБІ́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія маюць дубільныя рэчывы (таніны) у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання дубільных экстрактаў. Падзяляюцца на высока- (больш за 20%), сярэдне- (12—20%) і нізкатанінныя (менш як 12%). На Беларусі асн. Д.р. — дуб (у кары і драўніне 5—15% танінаў, выкарыстоўваецца ў дубільна-экстрактавай прам-сці), елка, розныя віды вербаў і інш.

Па месцы канцэнтрацыі танінаў у расліне адрозніваюць Д.р.: коравыя — дуб, елка, лістоўніца, вярба; лісцевыя — скумпія, бадан, герані, вятроўнік; драўнінныя — дуб, каштан; пладовыя — дуб; каранёвыя — драсён, шчаўе, рэвень; галавыя — дуб, вярба і інш.

т. 6, с. 242