ДУБАШЫ́НСКІ (Павел Піліпавіч) (н. 14.3.1931, в. Гарбуны Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1955). Працаваў у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача, выконваў ролі маладых герояў, характарныя. З 1967 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Акцёр яркага і самабытнага таленту, добра адчувае камедыйны жанр. Выкарыстоўвае прыёмы шаржу, пародыі, гратэску. Дасканалае майстэрства выявілася ў ролях: Камендант, Ломцеў («Трыбунал», «Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Гастрыт («Вечар» А.Дударава), Дабрыян («Брама неўміручасці» К.Крапівы), Язэп Карыта («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), князь К. («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага), Глахуна («Закон вечнасці» паводле Н.Думбадзе), граф дэ Мірмон («Лесвіца славы» Э.Скрыба) і інш. Здымаецца ў кіна- і тэлефільмах.