ГІ́РМАНТАЎЦЫ,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля вытокаў р. Мышанка. Цэнтр сельсавета. За 32 км на ПнЗ ад г. Баранавічы, 233 км ад Брэста, 10 км ад чыг. ст. Мордычы. 360 ж., 146 двароў (1996). Сярэдняя і дапаможная школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.
т. 5, с. 263
ГІРС Мікалай Карлавіч
(21.5.1820, г. Радзівілаў, цяпер Чырвонаармейск, Украіна — 26.1.1895),
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Правадз. тайны саветнік (1878), статс-сакратар (1879), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1876). З 1838 на дыпламат. службе: надзвычайны пасланнік у Іране (з 1863), Швейцарыі (з 1869) і Швецыі (з 1872). З 1875 кіраўнік Азіяцкага дэпартамента і таварыш (нам.) міністра замежных спраў, сенатар. З 1882 міністр замежных спраў і чл. Дзярж. савета. Прыхільнік збліжэння з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй, захавання «Саюза трох імператараў». Падпісаў Пецярбургскі дагавор 1881 з Кітаем, ратыфікаваў рус.-франц. ваен. канвенцыю 1893. Аўтар мемуараў.
т. 5, с. 263
ГІРСУТЫ́ЗМ
(ад лац. hirsutus махнаты, валасаты),
мужчынскі тып абваласення ў жанчын; адно з праяўленняў вірылізму. Тэрмін «гірсутызм» увёў франц. ўрач Э.Апер у 1910. Гірсутызм найчасцей бывае пры хваробах, якія ўзнікаюць пры пашкоджанні кары наднырачнікаў і палавых залоз. Праяўляецца валасатасцю на твары (вусы, барада), жываце, грудзях, руках, нагах, атлусценнем («тлусты» тып гірсутызму) з вял. колькасцю вугроў ці мужчынскімі рысамі («мышачны»); у дзяўчынак — заўчасным развіццём вонкавых палавых органаў і другасных палавых прыкмет, што ўласцівы мужчынскаму полу, адсутнасцю менструацый, павелічэннем малочных залоз (за кошт тлушчавай тканкі), грубым голасам; псіхіка і інтэлект зніжаны, палавыя пачуцці адсутнічаюць. Лячэнне хірургічнае. Валасатасць іншы раз бывае ў жанчын у клімактэрычны перыяд пры паніжэнні функцый яечнікаў. Лячэнне: электракаагуляцыя, электроліз.
т. 5, с. 263
ГІРУДЗІ́Н
[ад лац. hirudo (hirudinis) п’яўка],
поліпептыд, які знаходзіцца ў сакрэце слінных залоз мед. п’яўкі. Утвараючы злучэнне з ферментам крыві трамбінам, перашкаджае ўзнікненню фібрыну, чым затрымлівае згусанне крыві. На гэтым засн. выкарыстанне п’явак у медыцыне. Гірудзін валодае болепатольным і процізапаленчым дзеяннем.
т. 5, с. 263
ГІРУ́ЦКІ Анатоль Антонавіч
(н. 23.10.1948, в. Смаляны Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1977). З 1982 працаваў у Бел. політэхн. ін-це, з 1991 — у Бел. пед. ун-це (з 1994 заг. кафедры тэорыі і гісторыі мовы). Гал. кірункі навук. дзейнасці — бел.-рус. двухмоўе, тэорыя мовазнаўства, нейралінгвістыка. Праблемам двухмоўя прысвечаны працы «Беларуска-рускі мастацкі білінгвізм: тыпалогія і гісторыя, моўныя працэсы» (1990) і «Вазьмі маё слова...» (1990, разам з А.Я.Міхневічам). Своеасаблівая філас.-рэліг. канцэпцыя слова выкладзена ў кн. «Структура слова: асновы Тэорыі Вялікага Аб’яднання» (1995) і «Тайна імя» (1996). Аўтар дапаможнікаў для ВНУ.
т. 5, с. 263
ГІРЧА́
(Selinum),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. 4 віды. Пашыраны ў Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі ўсюды трапляецца гірча кменалістая (S. carvifolia). Расце на ўзлесках, лугах, у хмызняках.
Голыя шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным, выш. Да 1 м, глыбокабаразнаватым сцяблом з вузкімі крылатымі рэбрамі. Прыкаранёвае і ніжняе сцябловае лісце чаранковае, шматразоваперыстарассечанае, верхняе амаль сядзячае, больш дробнае, менш рассечанае. Кветкі дробныя, белыя або чырванаватыя, у складаных парасоніках. Плод — шырокаэліпсоідны віслаплоднік. Лек. расліны.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 263
ГІРЧО́ЎНІК
(Conioselinum),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 15 відаў. Пашыраны пераважна ў лясных раёнах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдка ў паўн. і ўсх. раёнах трапляецца гірчоўнік татарскі, або похвенны (С. tataricum). Расце ў лісцевых лясах і хмызняках, у далінах невял. рэк. Патрабуе аховы.
Шматгадовыя голыя травяністыя расліны з прамастойным, каленчата-сагнутым у вузлах, уверсе разгалінаваным цыліндрычным сцяблом з шызым налётам, выш. да 150 см. Ніжняе лісце чаранковае, двойчы-тройчыперыстарассечанае, верхняе сядзячае, больш дробнае. Кветкі белыя, дробныя, у складаных парасоніках. Плод — голы, бліскучы віслаплоднік.
Дз.І.Траццякоў.
т. 5, с. 263
ГІРШФЕ́ЛЬДЫЯ
(Hirschfeldia),
род кветкавых раслін сям. капуставых. 2 віды. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі як рэдкая занесеная расліна трапляецца гіршфельдыя шэрая (Н. incana). Расце па чыгунках, на сухіх камяністых адхонах і ўздоўж дарог.
Апушаныя шэра-зялёныя аднагадовыя травяністыя расліны з моцнаразгалінаваным сцяблом, выш. да 0,6 м. Ніжняе лісце лірападобнае, з яйцападобнымі выемчата-зубчастымі сегментамі, у разетцы, верхняе — нешматлікае, маленькае, лінейнае. Кветкі дробныя, бледна-жоўтыя, з суцэльнымі пялёсткамі і трохлопасцевымі мядовымі залозкамі. Плод — цыліндрычны бугрысты стручок. Меданосныя расліны, месцамі — пустазелле.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 264
ГІРЫ́Н,
Цзілінь, правінцыя на ПнУ Кітая. На У мяжуе з Расіяй, на ПдУ — з Карэяй. Нас. каля 30 млн. чал. (1994), пераважна кітайцы, а таксама карэйцы (6%) і маньчжуры (3%). Адм. ц. — г. Чанчунь. Паўд.-ўсх. ч. занята Маньчжура-Карэйскімі гарамі выш. да 2744 м (г. Байтаўшань). На ПнЗ — плоская раўніна Сунляопіньюань. Клімат умераны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. да -20 °C, ліп. 20—24 °C. Ападкаў на раўніне 400—600 мм за год, у гарах да 1000 мм. Здабыча каменнага вугалю, меднай, свінцова-цынкавай, жал. рудаў, золата. Нарыхтоўка драўніны, лесаперапр., лесахім., папяровая прам-сць. Фынманьская ГЭС на р.Сунгары. Аўтабудаванне, чорная металургія, хім. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Вырошчваюць кукурузу, проса, гаалян, сою, цукр. буракі. Гадуюць буйн. раг., жывёлу, свіней, авечак, коней, маралаў. Збор жэньшэню. Транспарт пераважна чыг. і аўтамабільны.
т. 5, с. 264