Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІЛЬДЭ́ІЗМ,

гл. «Гільдзейскі сацыялізм».

т. 5, с. 245

ГІЛЬДЭНБРА́НТЫЯ

(Hildenbrandtia),

манатыпны род чырвоных водарасцей сям. гільдэнбрантыевых. Вядомы 1 від — гільдэнбрантыя рачная (Н. rivularis). Пашырана ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы, а таксама на Пн Беларусі, дзе трапляецца рэдка на паўд.-ўсх. мяжы арэала ў чыстых водах рэк і ручаёў. Расце на камяністых субстратах пад вадой. Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Прэснаводная эпілітная водарасць. Утварае плевачнае шчыльнакоркавае слаявішча (талом) кармінавага колеру з цёмна-чырвонай аблямоўкай. Таломы акруглыя, дыям. да 2,5 см; пры разрастанні зліваюцца. Вертыкальныя ніткі простыя, зрэдку разгалінаваныя. Размнажаецца вегетатыўна. Індыкатар чыстых вод.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 245

ГІЛЬЕ́Н,

Гільен Батыста (Guillén Barista) Нікалас (10.7.1902, г. Камагуэй, Куба — 16.7.1989), кубінскі паэт і публіцыст. Вучыўся ў Гаванскім ун-це. Займаўся журналістыкай, удзельнічаў у міжнар. грамадскім жыцці. У 1952—59 у эміграцыі. Друкаваўся з 1918. У паэзіі пераважала сац.-палітычная тэматыка, пазней узмацніўся суб’ектыўна-лірычны пачатак. Аўтар зб-каў «Матывы сона» (1930), «Сонгара Касонга» (1931), «Вест-Індская кампанія» (1934), «Песні для салдатаў і соны для турыстаў» (1937), «Голуб акрыленага народа» (1958), «Што ёсць у мяне?», «Вершы пра каханне» (абодва 1964), «Вялікі Звярынец» (1967), «Зубчастае кола» (1972), «Сэрца, з якім жыву» (1975), «Па Карыбскім сінім моры імчыць папяровы караблік» (1978), паэм «Іспанія. Паэма пра чатыры самоты і адну надзею» (1937), «Элегія Хесусу Менендэсу» (1951) і інш., кн. публіцыстыкі «Беглая проза, 1929—1972» (т. 1—3, 1975—76). Адметныя рысы яго творчасці — нечаканасць метафар і меладычнасць, рытмічная разнастайнасць і гукапіс, спалучэнне элементаў крэольскай і негрыцянскай фалькл. традыцый. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі Р.Барадулін, Х.Жычка, К.Шэрман і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Падарожжа да сябе самога. Мн., 1978;

Рус. пер. — Сонгоро Косонго: Избр. стихи. М., 1967;

Избранное. М., 1982;

Перелистывая страницы: Мемуары. М., 1985.

Літ.:

Плавскин З. Николас Гильен: Критико-биогр. очерк. М.; Л., 1965;

Аухвер А. Николас Гильен: Жизнь и творчество: Пер. с исп. М., 1989.

Е.А.Лявонава.

т. 5, с. 245

ГІЛЬЁМ,

Гіём (Guillaume) Шарль Эдуар (15.2.1861, г. Флёр’е, Швейцарыя — 13.6.1938), швейцарскі фізік і метролаг. Скончыў Цюрыхскі ун-т (1833). Працаваў у Міжнар. бюро мер і вагі ў г. Сеўр (з 1905 дырэктар). Навук. працы па метралогіі. Даў новае вызначэнне літра, даследаваў прычыны памылак ртутных тэрмометраў і прапанаваў папраўкі да іх (1889). Стварыў новыя сплавы інвар, элінвар і інш., якія выкарыстоўваюцца ў высокадакладных інструментах і метралагічных стандартах (1899). Нобелеўская прэмія 1920.

т. 5, с. 245

ГІ́ЛЬЗА

(ням. Hülse літар. абалонка),

1) у артылерыі элемент артылерыйскага боепрыпасу патроннага і паасобнага зараджання, танкасценны метал. стакан для размяшчэння парахавога зараду, сродкаў запальвання і інш. Для танкавай артылерыі часта вырабляюць з саставаў, якія поўнасцю або часткова згараюць у час стрэлу.

2) гільза стралковай зброі падобна па канструкцыі на гільзу артыл. патрона. Бываюць латунныя, стальныя, кардонныя (для паляўнічай зброі).

3) гільза ў тэхніцы — пустацелая зменная цыліндрычная ўстаўка поршневых цеплавых рухавікоў (унутры гільзы перамяшчаецца поршань). Вырабляюць з чыгуну, устанаўліваюць у блок-картэрах рухавікоў з алюмініевых сплаваў.

т. 5, с. 245

ГІ́ЛЬМАН Залман Давыдавіч

(н. 17.11.1929, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне селекцыі і развядзення с.-г. жывёл. Д-р с.-г. н. (1976), праф. (1978). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1952). З 1965 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па прыватнай заатэхніцы, селекцыі і развядзенні свіней (бел. чорна-пярэстая парода і бел. ўнутрыпародны тып свіней буйной белай пароды).

Тв.:

Повышение продуктивности свиней. Мн., 1982;

Свиноводство. Мн., 1989;

Свиноводство и технология производства свинины. Мн., 1995.

т. 5, с. 245

ГІЛЬМЕ́НД,

рака ў Афганістане і Іране (нізоўі). Даўж. 1150 км, пл. бас, каля 500 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Гіндукуш, цячэ па Іранскім нагор’і паміж пустынямі Дашты-Марго і Рэгістан, заканчваецца ў бяссцёкавай упадзіне Сістан, жывіць воз. Хамун. Гал. прыток — Аргандаб. Вясенне-летняя паводка. Сярэдні расход вады 400—500 м³/с. Выкарыстоўваецца на арашэнне.

т. 5, с. 245

ГІЛЬТЭБРА́НТ Пётр Андрэевіч

(8.5.1840, в. Пер’і Разанскай вобл., Расія — 12.12.1905),

рускі археограф, этнограф, фалькларыст, гісторык. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1861—62). Працаваў у пецярбургскай газ. «Голос», з 1895 пам. архіварыуса Віленскага цэнтр. архіва стараж. актавых кніг, заг. аддзела рукапісаў Віленскай публічнай б-кі, з 1871 у Археаграфічнай камісіі ў Пецярбургу, з 1884 у сінадальнай друкарні, з 1897 у Мін-ве асветы. Арганізаваў шэраг экспедыцый на Беларусь для выяўлення рукапісных матэрыялаў і рэдкіх кніг. Пры абследаванні нясвіжскага архіва Радзівілаў выявіў урывак Слуцкага летапісу 16 ст. У 1869 упершыню надрукаваў з каментарыямі Тураўскае евангелле. У «Виленском вестнике» і «Литовских епархиальных ведомостях» змяшчаў артыкулы па нар. творчасці, музейнай і бібліятэчнай справе, археалогіі. З матэрыялаў, сабраных навучэнцамі Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, выдаў «Зборнік помнікаў народнай творчасці ў Паўночна-Заходнім краі» (Вільня, 1866; 300 песень, 151 прыказка, 93 загадкі), у прадмове да якога выявіліся шавініст. і антысеміцкія настроі аўтара. Бел. фальклорны матэрыял, які Гільтэбрант збіраўся выдаць у 2-м выпуску зборніка, зберагаецца ў Нац. Рас. б-цы ў С.-Пецярбургу.

Літ.:

Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970. С. 37—38;

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.

І.К.Цішчанка.

т. 5, с. 245

ГІЛЬФЕРДЫ́НГ

(Hilferding) Рудольф (10.8.1877, Вена — 10.2.1941),

адзін з лідэраў аўстр. і герм. сацыял-дэмакратыі, тэарэтык аўстр. марксізму. У 1907—15 15 рэдактар герм. с.-д. газеты «Vorwärts» («Наперад»). У працы «Фінансавы капітал» (1910) даў тэарэт. аналіз імперыялізму. У 1918—22 адзін з лідэраў Незалежнай с.-д. партыі, потым Аб’яднанай с.-д. партыі, прапаведаваў тэорыю арганізаванага капіталізму. У 1923, 1928—29 міністр фінансаў ва ўрадзе Веймарскай рэспублікі. Пасля прыходу да ўлады фашыстаў эмігрыраваў у Швейцарыю, Францыю. У 1941 урад «Вішы» выдаў яго гестапа. Памёр у турме.

т. 5, с. 246

ГІЛЬЯЦІ́НА

(франц. guillotine),

прыстасаванне для абезгалоўлівання асуджаных на пакаранне смерцю, уведзенае ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99 па прапанове ўрача Ж.Гіятэна.

т. 5, с. 246