Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГІ́БСАН ((Gibson) Эдуард) (н. 8.11.1936, г. Буфала, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Рачэстэрскі ун-т (1959). Вёў даследчую работу ў галіне тэорыі рэактыўнага руху, фізікі плазмы і фізікі Сонца. З 1965 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973 — 8.2.1974 з Дж.Карам і У.Поўгам здзейсніў касм. палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як член 3-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 15 гадз 17 мін). Правёў у космасе 84,1 сут. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

Тв.:

Рус. пер. — Спокойное Солнце. М., 1977.

т. 5, с. 217

ГІ́БСАНА ПУСТЫ́НЯ (Gibson Desert),

пустыня на З Аўстраліі, паміж. Вял. Пясчанай пустыняй на Пн і Вял. пустыняй Вікторыя на Пд. Пл. 240 км². Паверхня — друзаватае плато выш. 300—500 м, складзенае з дакембрыйскіх парод; на У — астанцавыя кражы з гранітаў і пясчанікаў выш. да 762 м, на З — саланчакі. Клімат трапічны пустынны. Ападкаў менш чым 250 мм за год. Рэдкія зараснікі хмызняковай акацыі і злака спініфекс. Пашавая жывёлагадоўля. Адкрыта ў 1873 англ. экспедыцыяй Э.​Джайлса. Названа імем загінуўшага ўдзельніка экспедыцыі А.​Гібсана.

т. 5, с. 217

Гібсан Роберт

т. 18, кн. 1, с. 371

ГІ́БСА ПРА́ВІЛА ФАЗ,

агульная ўмова раўнавагі гетэрагеннай сістэмы. Паводле Гіпса правіла фаз у гетэрагеннай (макраскапічна неаднароднай) фізіка-хім. сістэме, што знаходзіцца ва ўстойлівай тэрмадынамічнай раўнавазе, колькасць фаз не можа перавышаць колькасці кампанентаў, павялічаных на 2. У аднакампанентнай сістэме (індывідуальнае рэчыва, напр., вада) у раўнавазе могуць знаходзіцца 3 фазы: пара (газападобная фаза), вада (вадкая фаза) і лёд (цвёрдая фаза). Устаноўлена Дж.У.Гібсам у 1873—76.

т. 5, с. 217

ГІ́БСА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,

фундаментальны закон статыстычнай фізікі, які выражае размеркаванне імавернасцей знаходжання сістэмы, што складаецца з вял. колькасці часціц (т.зв. макраскапічнай сістэмы) у розных магчымых станах. Устаноўлена Дж.У.Гібсам (1901).

Гібса размеркаванне выражаецца як функцыя энергіі, тэрмадынамічнай імавернасці (кратнасці выраджэння) і колькасці часціц сістэмы. Для макраскапічных сістэм, якія знаходзяцца ў тэрмадынамічнай раўнавазе з навакольным асяроддзем, дзе падтрымліваецца пастаянная т-ра, сярэднія значэнні фіз. велічынь, вызначаныя на аснове Гібса размеркавання, супадаюць са значэннямі фіз. велічынь, знойдзеных пры адпаведных вымярэннях. Пры пэўных умовах, якія вызначаюцца ўласцівасцямі часціц сістэмы і магчымымі значэннямі яе энергіі, Гібса размеркаванне для класічнага ідэальнага газу пераходзіць у Больцмана размеркаванне, для квантавага газу базонаў — у Бозе—Эйнштэйна размеркаванне, для квантавага газу ферміёнаў — у Фермі—Дзірака размеркаванне.

т. 5, с. 217

ГІБСІ́Т (ад прозвішча амер. мінералога Дж.​Гібса),

гідраргіліт, мінерал падкласа гідраксідаў, аксігідраксід алюмінію Al(OH)3. Мае 65,4% гліназёму Al2O3, 34,6% H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Трапляецца ў выглядзе прамянёва-ліставатых, нацечных агрэгатаў, канкрэцый. Колер белы, шараваты. Празрысты. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 2,5—3. Шчыльн. каля 2,4 г/см³. Утвараецца пры выветрыванні алюмасілікатаў, іншы раз гідратэрмальнага паходжання. Адзін з гал. кампанентаў баксітаў. Гідраргілітавыя баксіты — важная алюмініевая руда. На тэр. Беларусі трапляецца ў верхнепратэразойскіх і верхняюрскіх корах выветрывання крышт. фундамента, у пясчана-гліністых карбанатных ніжнекаменнавугальных пародах Прыпяцкага прагіну.

т. 5, с. 217