Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІ́БСАН

(Gibson) Эдуард (н. 8.11.1936, г. Буфала, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Рачэстэрскі ун-т (1959). Вёў даследчую работу ў галіне тэорыі рэактыўнага руху, фізікі плазмы і фізікі Сонца. З 1965 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973 — 8.2.1974 з Дж.Карам і У.Поўгам здзейсніў касм. палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як член 3-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 15 гадз 17 мін). Правёў у космасе 84,1 сут. Залаты медаль імя ІО.А.Гагарына.

Тв.:

Рус. пер. — Спокойное Солнце. М., 1977.

т. 5, с. 217

ГІ́БСАНА ПУСТЫ́НЯ

(Gibson Desert),

пустыня на З Аўстраліі, паміж. Вял. Пясчанай пустыняй на Пн і Вял. пустыняй Вікторыя на Пд. Пл. 240 км². Паверхня — друзаватае плато выш. 300—500 м, складзенае з дакембрыйскіх парод; на У — астанцавыя кражы з гранітаў і пясчанікаў выш. да 762 м, на З — саланчакі. Клімат трапічны пустынны. Ападкаў менш чым 250 мм за год. Рэдкія зараснікі хмызняковай акацыі і злака спініфекс. Пашавая жывёлагадоўля. Адкрыта ў 1873 англ. экспедыцыяй Э.Джайлса. Названа імем загінуўшага ўдзельніка экспедыцыі А.Гібсана.

т. 5, с. 217

Гібсан Роберт

т. 18, кн. 1, с. 371

ГІ́БСА ПРА́ВІЛА ФАЗ,

агульная ўмова раўнавагі гетэрагеннай сістэмы. Паводле Гіпса правіла фаз у гетэрагеннай (макраскапічна неаднароднай) фізіка-хім. сістэме, што знаходзіцца ва ўстойлівай тэрмадынамічнай раўнавазе, колькасць фаз не можа перавышаць колькасці кампанентаў, павялічаных на 2. У аднакампанентнай сістэме (індывідуальнае рэчыва, напр., вада) у раўнавазе могуць знаходзіцца 3 фазы: пара (газападобная фаза), вада (вадкая фаза) і лёд (цвёрдая фаза). Устаноўлена Дж.У.Гібсам у 1873—76.

т. 5, с. 217

ГІ́БСА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,

фундаментальны закон статыстычнай фізікі, які выражае размеркаванне імавернасцей знаходжання сістэмы, што складаецца з вял. колькасці часціц (т.зв. макраскапічнай сістэмы) у розных магчымых станах. Устаноўлена Дж.У.Гібсам (1901).

Гібса размеркаванне выражаецца як функцыя энергіі, тэрмадынамічнай імавернасці (кратнасці выраджэння) і колькасці часціц сістэмы. Для макраскапічных сістэм, якія знаходзяцца ў тэрмадынамічнай раўнавазе з навакольным асяроддзем, дзе падтрымліваецца пастаянная т-ра, сярэднія значэнні фіз. велічынь, вызначаныя на аснове Гібса размеркавання, супадаюць са значэннямі фіз. велічынь, знойдзеных пры адпаведных вымярэннях. Пры пэўных умовах, якія вызначаюцца ўласцівасцямі часціц сістэмы і магчымымі значэннямі яе энергіі, Гібса размеркаванне для класічнага ідэальнага газу пераходзіць у Больцмана размеркаванне, для квантавага газу базонаў — у Бозе—Эйнштэйна размеркаванне, для квантавага газу ферміёнаў — у Фермі—Дзірака размеркаванне.

т. 5, с. 217

ГІБСІ́Т

(ад прозвішча амер. мінералога Дж.Гібса),

гідраргіліт, мінерал падкласа гідраксідаў, аксігідраксід алюмінію Al(OH)3. Мае 65,4% гліназёму Al2O3, 34,6% H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Трапляецца ў выглядзе прамянёва-ліставатых, нацечных агрэгатаў, канкрэцый. Колер белы, шараваты. Празрысты. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 2,5—3. Шчыльн. каля 2,4 г/см³. Утвараецца пры выветрыванні алюмасілікатаў, іншы раз гідратэрмальнага паходжання. Адзін з гал. кампанентаў баксітаў. Гідраргілітавыя баксіты — важная алюмініевая руда. На тэр. Беларусі трапляецца ў верхнепратэразойскіх і верхняюрскіх корах выветрывання крышт. фундамента, у пясчана-гліністых карбанатных ніжнекаменнавугальных пародах Прыпяцкага прагіну.

т. 5, с. 217

ГІГА...

(ад грэч. gigas гіганцкі),

дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10​9 зыходным адзінкам. Пазначаецца Г. Напр., 1 ГВт = 10​9 Вт, 1 ГэВ = 10​9 эВ.

т. 5, с. 217

ГІГАНТАПІТЭ́К

[ад грэч. gigas (gigantos) волат, гігант + pitēkos малпа],

род буйных выкапнёвых чалавекападобных малпаў, якія пражывалі ў паўд. і паўд.-ўсх. Азіі ў сярэдзіне антрапагену. У 1935—58 знойдзены 4 ніжнія сківіцы і больш за 1000 асобных вельмі вялікіх зубоў гігантапітэка (карэнныя зубы ў 6 разоў большыя за адпаведныя зубы сучаснага чалавека). Памеры цела гігантапітэка значна большыя, чым у чалавека (існуюць меркаванні, што гігантапітэк быў буйнейшы за гарылу і, магчыма, перасягаў 2,5 м). Па некат. адзнаках будовы зубной сістэмы гігантапітэк падобны да чалавека (адносна невялікія іклы), але ўся сківіца мае спецыялізацыю, характэрную для чалавекападобных малпаў.

т. 5, с. 217

ГІГА́НТЫ,

у грэчаскай міфалогіі пачварныя волаты са змяіным целам. Гіганты нарадзіла Гея з кропель крыві, што пралілася пры лягчанні бога неба Урана. Яны паўсталі супраць алімп. багоў, у бітве (гігантамахія) багі з дапамогай Геракла перамаглі гігантаў і скінулі іх у змрочную бездань тартар. Бітва гігантаў з багамі — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (размалёўка храмаў, скульптуры, творы вазапісу), л-ры (эпас Клаўдзіяна), музыцы (опера К.В.Глюка) і інш.

т. 5, с. 217

ГІГА́НТЫ,

зоркі-гіганты, зоркі вялікіх памераў (10—1000 радыусаў Сонца) і вялікіх свяцільнасцей (100—1000 адзінак свяцільнасці Сонца). Маюць малыя сярэднія шчыльнасці (10​-2—10​-4 кг/м³) з прычыны працяглых разрэджаных абалонак. У некаторых гігантах адбываецца інтэнсіўнае выцяканне рэчыва з паверхні (карпускулярная няўстойлівасць), што можа прывесці да ўтварэння планетарнай туманнасці.

т. 5, с. 217