Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУ́МЕН Фелікс Фёдаравіч

(н. 28.3.1941, в. Кальцова Амурскай вобл., Расія),

бел. мастак, адзін з пачынальнікаў Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1962), у 1965—74 выкладаў у ім. Аўтар эмацыянальна выразных, пераважна пленэрных, пейзажаў: «Сафійскі сабор у Полацку» (1967), «Наваполацк. Сонца над горадам» (1968), «Віцебскі дворык» (1975), «Ушацкія азёры» (1994), «Лагойшчына» (1995) і інш. Нацюрморты Гумена вылучаюцца дакладнай перадачай формы і фактуры рэчаў: «Кветкі шыпшыны» (1967), «Камбала» (1970), «Клопаты гаспадыні» (1972), «Атрыбуты мастацтва» (1974), «Дзьмухаўцы» (1982), «Нацюрмот» (1990), «Званочкі з яра» (1995) і інш. Для творчасці характэрны шырокая манера пісьма, сакавіты колер, кантрасты святла і ценю.

М.Л.Цыбульскі.

т. 5, с. 532

ГУМЕ́ННІК

(Anser fabalis),

птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў зоне тундры ад а-воў Грэнландыя, Шпіцберген і Ісландыя праз Еўропу і Азію да Чукоткі і паўн. Камчаткі; на У Еўропы і ў Азіі трапляецца ў зоне тайгі. Жыве на ўчастках травяністай і хмызняковай тундры, пераважна па суседстве з вадаёмамі; у лясной паласе — на глухіх лясных ручаях, рачных далінах, мохавых балотах, горных лясных азёрах. На Беларусі пралётны від.

Даўж. 73—90 см, маса да 4,5 кг. Апярэнне шаравата-бурае, ніз светлы. Дзюба чорная з ружовай або жоўтай перавязкай. Нясе найчасцей 3—4 (да 9) яйцы. Корміцца пераважна расліннай ежай (ягады, лісце, насенне). Аб’ект палявання.

т. 5, с. 532

ГУ́МІ

(лац. gummi ад грэч. kommi камедзь),

комплексныя поліцукрыды, якія выдзяляюцца некаторымі раслінамі ў месцах пашкоджанняў у выглядзе зацвярдзення празрыстых мас. Гл. таксама Камедзі.

т. 5, с. 532

ГУМІАРА́БІК

(ад гумі + лац. arabicus аравійскі),

камедзь арабская, празрыстая вязкая вадкасць, якую выдзяляюць розныя віды акацый і якая зацвердзявае на паветры. Уяўляе сабой комплекс поліцукрыдаў, у саставе якіх глюкоза, арабіноза, рамноза, глюкуронавыя к-ты. Раней гуміарабік выкарыстоўвалі ў медыцыне як сродак, што памяншае раздражненне слізістых абалонак пры выкарыстанні некат. лекаў, для прыгатавання пілюль і эмульсіі у прам-сці — у якасці клеючага рэчыва і як стабілізатар некат. злучэнняў. З развіццём хіміі палімераў гуміарабік практычна страціў сваё прызначэнне.

т. 5, с. 532

ГУМІГУ́Т

(ад гумі + лац. gutta кропля),

згушчаны млечны сок, які атрымліваюць пры падсочцы кары некат. трапічных раслін сям. клюзіевых. Складаецца са смалы і гумі. Выкарыстоўваюць для вырабу спіртавых лакаў і жоўтай акварэльнай фарбы.

т. 5, с. 532

ГУМІ́ДНЫ КЛІ́МАТ,

клімат з залішнім увільгатненнем, у якім атм. ападкі перавышаюць выпарэнне і прасочванне вады ў глебу; лішак вады выдаляецца сцёкам ручаёў і рэк. Адрозніваюць палярны тып гуміднага клімату пры наяўнасці шматгадовай мерзлаты і адсутнасці грунтавога жыўлення паверхневых вод і фрэатычны тып з частковым прасочваннем ападкаў у глебу, наяўнасцю грунтавых вод і крыніц грунтавога жыўлення. Для гуміднага клімату характэрна лясная расліннасць і толькі ў высокіх шыротах з-за недахопу цяпла лес змяняецца тундравай расліннасцю. Да гуміднага клімату належаць зоны экватарыяльных лясоў, мяшаных і хвойных (у т. л. тэр. Беларусі), тундры. Тэрмін «гумідны клімат» прапанаваны ням. вучоным А.Пенкам пры геамарфалагічнай класіфікацыі кліматаў.

т. 5, с. 532

ГУМІЛЕ́ЎСКІ Леў Мікалаевіч

(н. 31.10.1930, Масква),

бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1977), Нар. мастак Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961), у 1968—72 выкладаў у ім. Сярод работ у станковай пластыцы: партрэты С.Рахманінава (1965), К.Каліноўскага (1977), М.Багдановіча (1981), М.Савіцкага (1983), М.Гусоўскага (1986), А.Клімавай (1987), Ф.Скарыны, М.К.Радзівіла Сіроткі (абодва 1992), У.Караткевіча (1994); кампазіцыі «Скіф» (1959), «Партызаны» (1969), «Жалейка» (1982), «Экалогія» (1987), «За зямлю, за волю» (1988), «Чорная быль» (1996) і інш. Манум. творы вылучаюцца шырынёй абагульнення, разнастайнасцю кампазіцый, добрай архітэктанічнай арганізацыяй аб’ёму: помнікі Я.Купалу ў парку імя Я.Купалы (1972, з А.Анікейчыкам, А.Заспіцкім, Дзярж. прэмія Беларусі 1974) і партызанам братам Сянько (1973) у Мінску, кампазіцыя «Крылатая» (1973), мемар. комплекс «Змагарам за савецкую ўладу» ў Магілёве (1982) і інш. Працуе таксама ў галіне паркавай скульптуры: «Русалка» (1990) у Нясвіжы, надмагілле Я.Янішчыц (1992) у Мінску.

Літ.:

Петэрсон Э.А. Леў Гумілеўскі. Мн., 1982.

В.Я.Буйвал, Л.Ф.Салавей.

т. 5, с. 532

ГУМІЛЕ́ЎСКІ Сяргей Львовіч

(н. 29.3.1963, Мінск),

бел. скульптар. Сын Л.М.Гумілеўскага. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1987). У рэаліст. традыцыях скульптуры стварае станковыя кампазіцыі, партрэты сучаснікаў, дзеячаў культуры мінуўшчыны: «Спрадвечнае», «Мацярынства», «Скарына», «М.Багдановіч», «Малітва», «Коннік», «Ефрасіння Полацкая» і інш. (усе 1990—96). Відавочна імкненне да ўласнай стылістыкі ў паркавай скульптуры: «Уладзіслаў Сыракомля» і «Ян Марыя Бернардоні» (абедзве 1993) у Нясвіжы, «Галубка» (1995) ў Бат. садзе ў Мінску і інш.

Л.Ф.Салавей.

т. 5, с. 533

ГУМІЛЁЎ Леў Мікалаевіч

(1.10.1912, г. Пушкін, Расія — 16.6.1992),

рускі гісторык, географ. Сын М.С.Гумілёва і Г.А.Ахматавай. Д-р гіст. н. (1962), д-р геагр. н. (1974), акад. Пятроўскай АН і мастацтваў (1992), акад. Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук (1992). Скончыў Ленінградскі ун-т (1944). З 1956 працаваў у Эрмітажы, з 1962 у Ін-це геаграфіі пры Ленінградскім ун-це. Стварыў вучэнне пра чалавецтва і этнасы як біясац. сутнасці, абгрунтаваў права на жыццё этналогіі (раней у сав. навуцы адмаўлялася як умоўная і няпэўная); аўтар ідэі аб біяэнергет. дамінанце этнагенезу — пасіянарнасці, якую тлумачыў як падсвядомую біял. здольнасць людзей да звышнапружанняў. Прыхільнік еўразійства. Працы па гісторыі цюрк., манг., слав. і інш. народаў Еўразіі. У 1930—50-я г. рэпрэсіраваны, 14 гадоў правёў у месцах зняволення. Міжнар. фонд «Свет Л.М.Гумілёва» (Gumilev’s Word Fund) — незалежнае навук., выдавецкае, асв. і культ.-філас. аб’яднанне, з 1994 ажыццяўляе выпуск твораў «Свет Гумілёва» ў 20 т.

Тв.:

География этноса в исторический период. Л., 1990;

Из истории Евразии. М., 1993;

Этносфера: История людей и история природы. М., 1993;

Этногенез и биосфера земли. М., 1994;

От Руси к России. М., 1995.

В.А.Ярмоленка.

т. 5, с. 533

ГУМІЛЁЎ Мікалай Сцяпанавіч

(15.4.1886, г. Кранштат, Расія — 25.8.1921, рускі паэт, крытык, перакладчык. Муж Г.А.Ахматавай. Друкаваўся з 1902. Пачынаў як вучань сімвалістаў, у прыватнасці В.Я.Брусава. З 1906 слухаў лекцыі ў Сарбоне (Парыж),

вывучаў франц. л-ру, жывапіс, тэатр. Шмат падарожнічаў, быў у Афрыцы, захапляўся Усходам. У 1909 удзельнічаў у арганізацыі час. «Аполлон», у якім да 1917 друкаваў вершы, пераклады і вёў рубрыку «Пісьмы аб рускай паэзіі» (асобнае выд. 1923). У 1911 арганізаваў літ. групу «Цэх паэтаў». У 1912 з С.Гарадзецкім абвясціў новы літ. кірунак акмеізм. З 1914 добраахвотна на фронце (узнаг. 2 Георгіеўскімі крыжамі); у 1917 быў у рус. экспедыцыйным корпусе ў Францыі; у 1918 вярнуўся ў Петраград. Удзельнічаў у рабоце выд-ва «Сусветная літаратура», вёў заняткі ў паэт. студыях. У першых зб-ках («Шлях канквістадораў», 1905; «Рамантычныя кветкі», Парыж, 1908; «Пярліны», 1910) — сімвалісцка-рамант. склад пісьма, «барочны рамантызм», «экзатычныя» вершы, кніжная рамантыка, патэтычная рыторыка, імкненне да рэальнасці, эпічнасць (балады, міфы, паданні і інш.), недахоп рус. нац. элемента. У першым акмеістычным зб. «Чужое неба» (1912) — захапленне афр. і азіяцкімі краінамі; адчаканенасць формы, строгасць і вытанчанасць фразы, рэдкія ў паэта сац. ноты (цыкл «Абісінскія песні»). Ваенная лірыка Гумілёва (зб-кі «Калчан», 1916, «Касцёр», 1918) прасякнута рамант.-патрыят. і глыбока рэліг. ўспрыняццем вайны. Ён прадаўжаў сцвярджаць аўтаномнасць мастацтва, элітарную, духоўную незалежнасць мастака ад сучаснасці. У кн. «Шацёр» (1921) — страсная закаханасць у экзатычную Афрыку. Вершы 1918—21 увайшлі ў зб. філас. лірыкі «Вогненны стоўп» (1921), дзе аўтар, прасякнуты вострым перажываннем сучаснасці і пачуццём трагічнай трывогі, славіць зямлю, паветра, хлеб і каханне. Многім яго вершам характэрна апалогія «моцнага чалавека», дэкаратыўнасць, напружаны лірызм, вытанчанасць паэт. мовы. Перакладаў эпас пра Гільгамеша, франц. і англ. нар. паэзію, творы Т.Гацье, С.Т.Колрыджа, Р.Саўці, Вальтэра і інш. Пісаў апавяданні (зб. «Цень ад пальмы», 1922), п’есы (драм. казка «Дзіця Алаха», 1917, «візантыйская трагедыя» «Атручаная туніка», апубл. 1986, п’еса для дзяцей «Дрэва пераўтварэнняў», апубл. 1989). Абвінавачаны ў контррэв. змове, расстраляны.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1991;

Неизданные стихи и письма. Париж, 1980;

Неизданное и несобранное. Париж, 1986;

Стихотворения и поэмы. Л., 1988;

Письма о русской поэзии. М., 1990;

Драматические произведения. Переводы. Статьи. Л., 1990.

Літ.:

Николай Гумилев в воспоминаниях современников. М., 1990;

Лукницкая В. Николай Гумилев: Жизнь поэта по материалам домашнего архива семьи Лукницких. Л., 1990;

Жизнь Николая Гумилева: Воспоминания современников. Л., 1991;

Бронгулеев В.В. Посредине странствия земного: Докум. повесть о жизни и творчестве Николая Гумилева: Годы 1886—1913. М., 1995;

Н.С.Гумилев: Pro et contra: Личность и творчество Николая Гумилева в оценке рус. мыслителей и исследователей: Антология. СПб., 1995.

І.У.Саламевіч.

т. 5, с. 533