Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУБЕ́РНЯ,

асноўная адм.-тэр. адзінка ў Расіі і ў СССР у 1708—1929. Падзялялася на правінцыі і дыстрыкты, з 1775 — на паветы ці акругі; 2—3 губерні складалі намесніцтва, з 1775 — генерал-губернатарства. Узначальваў губерню губернатар. Выканаўчыя органы — губернскае праўленне і земскі суд. Пасля скасавання прыгону (1860-я г.) апарат губ. кіравання складаўся з губ. праўлення, галіновых канцылярый (земскіх, гар., суд.-адм., вайск.-адм., грашовых і інш.) і устаноў (казённыя палаты, губ. статыстычныя к-ты і інш.). На Беларусі губерні ўведзены пасля далучэння да Расіі (1772—95). У розны час тут існавалі Пскоўская (1772—76), Магілёўская (1772—78, 1802—1919), Полацкая (1776—96), Беларуская (1796—1802), Мінская (1793—1921), Слонімская (1795—97), Віленская (1795—97, 1801—1920), Літоўская (1797—1801), Гродзенская (1801—1921), Віцебская (1802—1924), Ковенская (1843—1919), Смаленская (1919—24), Гомельская (1919—26) губерні (гл. адпаведныя артыкулы). На тэр. СССР губерні скасаваны ў 1923—29, у БССР — у 1924.

Э.М.Савіцкі.

т. 5, с. 517

ГУБІ́ЗА,

возера, гл. Гульбеза.

т. 5, с. 517

ГУ́БІНСКАЯ КАРДО́ННА-ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1896 — 1914 у маёнтку Губіна (цяпер вёска ў Лепельскім р-не). З 1900 мела паравую машыну, з 1908 — паравы рухавік (150 к.с.). У 1910 працавала паравая машына (200 к.с.), 50 рабочых; выраблена кардону і паперы на 38 тыс. руб.

т. 5, с. 517

Губін Валерый Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 375

ГУ́БІЧЫ,

вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Гомель—Жлобін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на З ад Буда-Кашалёва, 55 км ад Гомеля, 8 км ад чыг. ст. Шарыбаўка. 755 ж., 322 двары (1997). Лясніцтва. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 5, с. 517

ГУБКАВА́ТАЯ ГУ́МА,

гл. Сітаватая гума.

т. 5, с. 517

ГУ́БКІ

(Porifera, або Spongia),

тып прасцейшых шматклетачных беспазваночных жывёл. 3 класы: губкі вапнавыя (Calcispongiae, або Spongia); губкі шкляныя, або шасціпрамянёвыя (Hyalospongiae, або Hexactinellida); губкі звычайныя (Demospongiae). Каля 5 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў акіянах і морах ад прыбярэжнай зоны да глыб. 8500 м, найб. разнастайныя і шматлікія на шэльфе, каля 20 відаў — у прэсных вадаёмах. Каланіяльныя, радзей адзіночныя жывёлы, вядуць нерухомы спосаб жыцця. Узніклі ў дакембрыі, найб. размножыліся ў мезазоі. На Беларусі з губак водзяцца бадзягі. Выкапнёвыя выяўлены ў адкладах дэвону, карбону, юры і мелу.

Выш. 2—150 см, цела бакала- або мяшэчкападобнае, адным канцом прымацоўваюцца да субстрату, на другім адтуліна — вусце. Сценкі цела з порамі, праз якія праходзіць вада з прадуктамі жыўлення. Шкілет з вапністых і крэменязёмных іголак (спікул) або з валокнаў арган. рэчыва (спангіну). Большасць губак — гермафрадыты. Кормяцца дэтрытам, прасцейшымі, дыятомавымі водарасцямі, бактэрыямі і інш. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне і тэхніцы, як туалетныя (напр., грэчаская губка), шкляныя губкі ідуць на ўпрыгажэнні і сувеніры.

т. 5, с. 517

ГУ́БКІН Іван Міхайлавіч

(21.9.1871, в. Пазнякова Уладзімірскай вобл., Расія — 21.4.1939),

савецкі вучоны ў галіне геалогіі і горнай справы. Акад. АН СССР (1929). Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1910). З 1920 праф., з 1922 рэктар Маскоўскай горнай акадэміі. З 1930 рэктар Маскоўскага нафтавага ін-та. У 1936 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Распрацаваў навук. асновы тэорыі паходжання нафты і ўмоў утварэння яе радовішчаў. Абгрунтаваў і ўкараніў геафіз. метады разведкі Курскай магн. анамаліі.

Тв.:

Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1950—53.

Літ.:

Кумок Я.Н. Губкин. М., 1968.

т. 5, с. 517

ГУ́БКІН Сяргей Іванавіч

(27.8.1898, С.-Пецярбург — 8.9.1955),

бел. вучоны ў галіне металургіі. Акад. АН БССР (1947). Д-р хім. н. (1936), праф. (1945). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1954). Сын І.М.Губкіна. Скончыў Маскоўскую горную акадэмію (1928). З 1944 нам. дырэктара Ін-та металургіі АН СССР, у 1948—55 дырэктар Фіз.-тэхн. ін-та АН БССР, адначасова заг. кафедры БПІ. Працы па тэорыі пластычнай дэфармацыі і апрацоўцы металаў ціскам. Распрацаваў матэм. метады вывучэння працэсаў цячэння металу пры пракатцы, коўцы, штампоўцы. Стварыў навукова абгрунтаваную класіфікацыю відаў апрацоўкі металаў ціскам.

Тв.:

Теория обработки металлов давлением. М., 1947;

Фотопластичность. Мн., 1957 (разам з С.І.Дабравольскім, Б.Б.Бойкам);

Пластическая деформация металлов. Т. 1—3. М., 1961.

т. 5, с. 517

ГУБКО́ Аляксандр Аляксандравіч

(5.11.1936, в. Хадзяўляны Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 10.6.1993),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1983), праф. (1984). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1959). З 1967 працаваў у ім, адначасова кіраўнік артапеда-траўматычнай клінікі на базе 6-й клінічнай бальніцы Мінска. Навук. працы па лячэнні адкрытых пераломаў доўгіх трубчастых касцей, інфіцыраваных пераломах, незрашчэнні касцей, метадах дыягностыкі і лячэння артапеда-траўматычных хворых.

т. 5, с. 517