ГЕТЭРАМАРФІ́ЗМ
(ад гетэра... + грэч. morphē форма, выгляд),
працэс утварэння горных парод з адной і той жа магмы пры розных умовах з розным мінералагічным, але аднолькавым хім. саставам.
т. 5, с. 209
ГЕТЭРАМАРФО́З,
рэгенерацыя, пры якой замест страчанага органа ўтвараецца новы з іншай формай і функцыяй. Пашыраны ў розных жывёл — ад прасцейшых да пазваночных, але часцей трапляецца ў жывёл з нізкай арганізацыяй як праяўленне мутацый, фенакопій, можа абумоўлівацца і спадчыннасцю. Напр., у рачных ракаў замест страчанага складанага фасетачнага вока можа рэгенерыраваць вусік; у дажджавога чарвяка замест ампутаванага галаўнога ўчастка развіваецца хваставая частка цела. Гетэрамарфоз можна выклікаць штучна пры змене ўмоў рэгенерацыі.
т. 5, с. 209
ГЕТЭРАНО́МІЯ
(ад гетэра... + грэч. nomos закон),
розная будова сегментаў у пэўных частках цела членістых жывёл. Напр., пярэднія метамеры цела ў насякомых, што зліліся ў адзіны комплекс галавагрудзі, нясуць асн. органы пачуццяў і сківічны апарат, а таксама галаўны мозг; наступныя метамеры ўтвараюць комплексы — грудзі (з хадзільнымі канечнасцямі і крыламі) і брушка (з савакупляльным апаратам, яйцакладам, джалам і інш.).
т. 5, с. 209
ГЕТЭРАПЕРАХО́Д,
кантакт паміж двума рознымі паводле хім. саставу ці (і) фазавага стану паўправаднікамі (ПП). Па тыпе праводнасці спалучаных ПП адрозніваюць гетэрапераходы анізатыпныя — кантактуюць ПП з электроннай (n) і дзірачнай (p) эл.-праводнасцямі (p-n-гетэрапераход; гл. Электронна-дзірачны пераход), і ізатыпныя — кантактуюць ПП з адным тыпам праводнасці (n-n-гетэрапераход ці p-p-гетэрапераход). Камбінацыі некалькіх гетэрапераходаў утвараюць гетэраструктуры.
Для атрымання гетэраперахода выкарыстоўваюцца кантакты паміж германіем Ge, крэмніем Si, ПП злучэннямі тыпу AIIIBV, дзе AIII — элемент III групы перыяд. сістэмы элементаў (алюміній Al, галій Ga, індый In), BV — элемент V групы (фосфар P, мыш’як As, сурма Sb), і іх цвёрдымі растворамі: Ge—Si, Ga Al As — Ga As, Ga Al—Ge, In Ga As — In P. Гетэрапераход атрымліваюць эпітаксіяй. Галоўная асаблівасць гетэрапехода — скачкападобнае змяненне ўласцівасцей на мяжы падзелу ПП (шырыні забароненай зоны, энергіі роднасці да электрона, рухомасці носьбітаў зараду, іх эфектыўнай масы і інш.). Кіраванне імі шляхам падбору спалучаных ПП матэрыялаў дае магчымасць ствараць арыгінальныя ПП прылады. Гетэрапераходы выкарыстоўваюцца ў пераключальніках хуткадзейных лагічных схем для ЭВМ, ПП лазерах, святлодыёдах і інш.
Літ.:
Милис А., Фойхт Д. Гетеропереходы и переходы металл — полупроводник: Пер. с англ. М., 1975;
Шарма Б.Л., Пурохит Р.К. Полупроводниковые гетеропереходы: Пер. с англ. М., 1979.
Л.М.Шахлевіч.
т. 5, с. 209
ГЕТЭРАСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ
(ад гетэра... + сексуальнасць),
палавая цяга да асоб процілеглага полу; асн. форма палавых адносін паміж людзьмі. Адпавядае галоўнай біял. мэце палавога жыцця — прадаўжэнню роду. У розныя часы некаторыя грамадствы дапускалі існаванне і інш. форм палавых кантактаў. Гл. Бісексуальнасць, Гомасексуалізм.
т. 5, с. 209
ГЕТЭРАСПАРЫ́Я
(ад гетэра... + грэч. spora сяўба, насенне),
разнаспоравасць, утварэнне спор розных памераў у некаторых вышэйшых раслін (напр., у водных папарацей, селагінелавых і інш.). Буйныя споры (мегаспоры, або макраспоры) даюць жаночыя расліны, дробныя (мікраспоры) — мужчынскія. У пакрытанасенных раслін мікраспора (пылок) пры прарастанні дае мужчынскі заростак, мегаспора, якая ўтвараецца ў семязавязі, прарастае ў жаночы заростак — зародкавы мяшок.
т. 5, с. 209
ГЕТЭРАСТЫЛІ́Я
(ад гетэра... + грэч. stylos слуп),
рознаслупкаватасць, наяўнасць у раслін аднаго віду дзвюх або трох форм кветак, якія адрозніваюцца па даўжыні слупкоў і размяшчэнні тычынак. Адпаведна і пыльнікі ў кароткаслупковых кветках размешчаны вышэй за рыльца, а ў доўгаслупковых — ніжэй. Трапляюцца таксама трыморфныя формы раслін — з каротка-, сярэдне- і доўгаслупковымі кветкамі, напр. у чальчаку вербалістага. Гетэрастылія ўскладняе самаапыленне і садзейнічае перакрыжаванаму апыленню.
т. 5, с. 209
ГЕТЭРАТАЛІ́ЗМ
(ад гетэра... + грэч. thallos галінка, атожылак),
раздзельнаполавасць у ніжэйшых раслін, якая выяўляецца ў фізіял. і генет. адрозніванні полаў без марфал. розніцы мужчынскіх і жаночых асобін. Выяўлены ў мукоравых грыбоў (1904). Пры гетэраталізме ў апладненні ўдзельнічаюць толькі клеткі, якія адрозніваюцца па вызначаных фактарах несумяшчальнасці і ўтвораныя на розных таломах. Часта тэрмін «гетэраталізм» выкарыстоўваюць шырэй — раздзельнаполавасць усіх раслін. Гл. таксама Гоматалізм.
т. 5, с. 209
ГЕТЭРАТРО́ФЫ
[ад гетэра... + грэч. ...троф(ы)],
гетэратрофныя арганізмы, арганізмы, якія жывяцца гатовымі арган. рэчывамі і не здольныя да першаснага сінтэзу іх з неарган. злучэнняў. Да гетэратрофаў належаць усе жывёлы, чалавек, грыбы, большасць бактэрый, бесхларафільныя наземныя расліны, водарасці. Падзел раслін і мікраарганізмаў на гетэратрофаў і аўтатрофаў умоўны: напр., насякомаедным раслінам (расянка, плывунец і інш.) адначасова ўласцівы фотасінтэз і здольнасць выкарыстоўваць арган. рэчывы. Гетэратрофы, якія жывяцца толькі раслінамі, — фітафагі (усе траваедныя жывёлы), толькі жывёламі — заафагі (большасць драпежных звяроў), рэшткамі жывых арганізмаў — сапрафагі. Паводле спосабу атрымання ежы гетэратрофы падзяляюць на галазойных — жывёлы (жыўленне цвёрдай арган. ежай) і асматрофных — грыбы, бактэрыі (жыўленне растворанымі рэчывамі). У харчовым ланцугу экасістэмы гетэратрофы адыгрываюць ролю кансументаў і рэдуцэнтаў. Разам з аўтатрофамі гетэратрофы забяспечваюць рух арган. рэчываў у біягеацэнозах па трафічных ланцугах і адыгрываюць асн. ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе.
т. 5, с. 209