ГЕТЭРАТРО́ФЫ
[ад гетэра... + грэч. ...троф(ы)],
гетэратрофныя арганізмы, арганізмы, якія жывяцца гатовымі арган. рэчывамі і не здольныя да першаснага сінтэзу іх з неарган. злучэнняў. Да гетэратрофаў належаць усе жывёлы, чалавек, грыбы, большасць бактэрый, бесхларафільныя наземныя расліны, водарасці. Падзел раслін і мікраарганізмаў на гетэратрофаў і аўтатрофаў умоўны: напр., насякомаедным раслінам (расянка, плывунец і інш.) адначасова ўласцівы фотасінтэз і здольнасць выкарыстоўваць арган. рэчывы. Гетэратрофы, якія жывяцца толькі раслінамі, — фітафагі (усе траваедныя жывёлы), толькі жывёламі — заафагі (большасць драпежных звяроў), рэшткамі жывых арганізмаў — сапрафагі. Паводле спосабу атрымання ежы гетэратрофы падзяляюць на галазойных — жывёлы (жыўленне цвёрдай арган. ежай) і асматрофных — грыбы, бактэрыі (жыўленне растворанымі рэчывамі). У харчовым ланцугу экасістэмы гетэратрофы адыгрываюць ролю кансументаў і рэдуцэнтаў. Разам з аўтатрофамі гетэратрофы забяспечваюць рух арган. рэчываў у біягеацэнозах па трафічных ланцугах і адыгрываюць асн. ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе.
т. 5, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)