Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЯРО́ЎКА Рыгор Гур’евіч

(25.12.1895, г.п. Беразна Чарнігаўскай вобл., Украіна — 21.10.1964),

украінскі кампазітар, харавы дырыжор і педагог. Нар. арт. Украіны (1960). Скончыў Кіеўскі муз.-драм. ін-т імя М.Лысенкі (1933). Быў арганізатарам і кіраўніком самадз. хароў. З 1934 выкладаў у Кіеўскай кансерваторыі (з 1947 праф.). З 1943 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Украінскага дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору (з 1965 яго імя). У 1948—52 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Украіны. Аўтар вак.-сімф. твораў, хароў, песень, апрацовак нар. і рэв. песень і інш. Дзярж. прэмія СССР 1948, Дзярж. прэмія Украіны 1968.

т. 4, с. 395

ВЯРО́ЎКІН Міхаіл Лаўрэнцьевіч

(1825—20.2.1896),

бел. вучоны-архівіст, археограф. У 1839—47 вучыўся ў Полацкай духоўнай семінарыі. У 1847—53 выкладаў у духоўным вучылішчы ў Віцебску, працаваў у Полацкай духоўнай кансісторыі, віцебскіх губ. праўленні, губ. стат. к-це. З 1888 архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў. Адзін са складальнікаў і рэдактараў (в. 17—26) «Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў». У каментарыях да дакументаў падкрэсліваў ролю правасл. царквы ў гісторыі Беларусі 16—17 ст. Публікацыю інвентароў суправаджаў уласнымі падлікамі агульнага даходу маёнткаў, колькасці сялян, велічыні іх надзелаў і павіннасцей і інш. Аўтар вершаў і баек (друк. ў газ. «Витебские губернские ведомости»).

А.К.Галубовіч, А.М.Падліпскі.

т. 4, с. 395

ВЯРО́ЎСКІ

(Werowski) Ігнацы Юзаф (13.7.1783, Вільня — 8.8.1841),

польскі акцёр. Дэбютаваў у 1802 у Мінску ў групе М.Кажынскага, у якой і працаваў да 1812, выступаў таксама ў Гродне і Віцебску. З 1812 у Вільні, з 1815 у Варшаве. Акцёр высокай прафес. культуры, імкнуўся ў творчасці да гіст. канкрэтнасці і жыццёвай верагоднасці сцэн. вобразаў, да натуральнасці ў паказе на сцэне чалавечых пачуццяў. Выконваў ролі трагедыйныя (Атэла — «Атэла» У.Шэкспіра; Сід — «Сід» П.Карнеля; Замора — «Альзіра» Вальтэра), камічныя (Брындус — «Уяўны цуд, або Кракаўцы і горцы» В.Багуслаўскага), герояў і палюбоўнікаў у класічным і рамантычным рэпертуары, меладраматычных ліхадзеяў, спяваў у оперы.

т. 4, с. 395

ВЯРСО́ЦКІ Віктар Іванавіч

(н. 27.6.1923, Мінск),

бел. жывапісец і педагог. Засл. настаўнік Беларусі (1966). Засл. дз. культ. Польшчы (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). На пед. рабоце з 1951 (у 1952 арганізаваў выяўл. студыю ў школе № 75 г. Мінска). У 1962—72 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў рэаліст. манеры пераважна ў жанры пейзажа. Яго творы вызначаюцца выразным каларытам, кампазіцыйнай стройнасцю, лірызмам. Сярод работ: «Аўтастрада», «Гарадскі пейзаж» (1950-я г.), «Хатынь. Рэквіем», «Мой Мінск» (1960-я г.), «Лондан ноччу», «Дарогі Міншчыны», «У Варшаве, 17 студзеня 1945 г.», «Возера Нарач», «Парыж. Вуліца Мары Роз», «Над Свіслаччу цішыня» (1970-я г.), «Перад паводкай», «Рэха», «Варшава — горад, які я вызваляў», «Раніца Фларэнцыі», «Прага. Плошча», «Паланэз», «Нёман скрозь стагоддзі», «Рэха» (1980-я г.), «Край лясоў і азёр», «Вясна. Стары Магілёў», «Залаты надвячорак», нацюрморт «Ружы» (1990-я г.) і інш.

Г.Б.Сачанка.

т. 4, с. 395

ВЯРСО́ЦКІ Вячаслаў Віктаравіч

(н. 9.6.1955, Мінск),

бел. жывапісец. Сын В.І.Вярсоцкага. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1976). Працуе ў жанры пейзажа, піша нацюрморты, партрэты. Творы вызначаюцца каларытам, выразнай жывапісна-экспрэсіўнай пластыкай, уменнем перадаць непаўторныя адценні розных станаў прыроды. Сярод работ: «Мінск. Сімфонія восені», «Вясна. Вулачка верхняга горада», «Мінск салютуе», «Спрадвечнае», «Мокрыя дрэвы», «Кветкі», «На Мацея зіма пацее», «Кастрычнік», «Ясны дзень», серыя «Краскі беларускіх пушчаў», «Нацюрморт з чырвонай рэдзькай», «Памяць»; партрэты «Маці», «Студэнткі» (усе 1980—90-я Г.) і інш.

Г.А.Фатыхава.

т. 4, с. 395

ВЯРСТА́,

старажытная мера (адзінка) даўжыні ў Расіі, на Беларусі, Украіне і ў Польшчы. Вядомая з 11 ст. Лікавае значэнне вярсты мянялася ад 500 да 1000 сажняў. З канца 18 ст. і да ўвядзення метрычнай сістэмы мер вярста прымалася роўнай 1066,781 м. На Беларусі да канца 18 ст. карысталіся вярстой памерам да 789 сажняў (1559,7 м) і вялікай вярстой на 1000 сажняў (1948,2 м).

т. 4, с. 395

ВЯРСТО́ЎСКІ Аляксей Мікалаевіч

(1.3.1799, б. маёнтак Селівёрстава, Мічурынскі р-н Тамбоўскай вобл., Расія — 17.9.1862),

рускі кампазітар, тэатр. дзеяч. У 1825—60 служыў у маскоўскіх т-рах (яго дзейнасць называлі «эпохай Вярстоўскага»). Адзін з заснавальнікаў жанру рус. оперы-вадэвіля (больш за 30). Найб. папулярная опера «Аскольдава магіла» (1835) — лепшая рус. опера даглінкаўскага перыяду, адзін з узораў муз. рамантызму. Ёй уласцівы нац. каларыт, драм. выразнасць, яркі меладызм музыкі, засн. на бытавым матэрыяле (выкарыстанне інтанацый гар. раманса і інш.). Сярод інш. твораў: оперы «Пан Твардоўскі» (1828), «Вадзім, ці Абуджэнне 12 спячых дзяўчат» (1832), «Туга па радзіме» (1839), «Чурава даліна, ці Сон на яве» (1844), «Грамабой» (1857); кантаты, фп. п’есы, хары, балады, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў.

Літ.:

Доброхотов Б. А.Н.Верстовский. М.; Л., 1949;

Яго ж. А.Н.Верстовский и его опера «Аскольдова могила». М., 1962.

т. 4, с. 395

«Вяртанне»

т. 18, кн. 1, с. 366

ВЯРТЛЯ́ВАЯ ЧАРАЦЯ́НКА,

птушка, гл. ў арт. Чарацянкі.

т. 4, с. 395

ВЯРТЭ́П

(стараслав. і стараж.-рус. пячора),

1) украінскі нар. лялечны тэатр. Вядомы з 16 ст., распаўсюджаны ў 17—19 ст. Уяўляў сабой драўляную двух’ярусную скрыню ў выглядзе хаткі. Кожная сцэна-ярус мела проразі для ваджэння лялек. На верхнім паверсе паказвалі сцэны на біблейскія сюжэты, на ніжнім — інтэрмедыі (кароткія камічныя сцэнкі з песнямі і танцамі) свецкага характару. Прадстаўленні вяртэпа па традыцыі ладзіліся на Каляды. Дзеянне суправаджалася музыкай, у т. л. каляднымі песнапеннямі. Блізкі да бел. батлейкі, польск. шопкі, рус. пятрушкі.

2) Слова «вяртэп» ужываецца і для абазначэння трушчобы, прытона.

т. 4, с. 395