ВЯРО́ЎСКІ

(Werowski) Ігнацы Юзаф (13.7.1783, Вільня — 8.8.1841),

польскі акцёр. Дэбютаваў у 1802 у Мінску ў групе М.Кажынскага, у якой і працаваў да 1812, выступаў таксама ў Гродне і Віцебску. З 1812 у Вільні, з 1815 у Варшаве. Акцёр высокай прафес. культуры, імкнуўся ў творчасці да гіст. канкрэтнасці і жыццёвай верагоднасці сцэн. вобразаў, да натуральнасці ў паказе на сцэне чалавечых пачуццяў. Выконваў ролі трагедыйныя (Атэла — «Атэла» У.Шэкспіра; Сід — «Сід» П.Карнеля; Замора — «Альзіра» Вальтэра), камічныя (Брындус — «Уяўны цуд, або Кракаўцы і горцы» В.Багуслаўскага), герояў і палюбоўнікаў у класічным і рамантычным рэпертуары, меладраматычных ліхадзеяў, спяваў у оперы.

т. 4, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)