ВЯРТЭ́П
(стараслав. і стараж.-рус. пячора),
1) украінскі нар. лялечны тэатр. Вядомы з 16 ст., распаўсюджаны ў 17—19 ст. Уяўляў сабой драўляную двух’ярусную скрыню ў выглядзе хаткі. Кожная сцэна-ярус мела проразі для ваджэння лялек. На верхнім паверсе паказвалі сцэны на біблейскія сюжэты, на ніжнім — інтэрмедыі (кароткія камічныя сцэнкі з песнямі і танцамі) свецкага характару. Прадстаўленні вяртэпа па традыцыі ладзіліся на Каляды. Дзеянне суправаджалася музыкай, у т. л. каляднымі песнапеннямі. Блізкі да бел. батлейкі, польск. шопкі, рус. пятрушкі.
2) Слова «вяртэп» ужываецца і для абазначэння трушчобы, прытона.
т. 4, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)