ВЯДЗЕ́РНІКАЎ Аляксандр Піліпавіч
(н. 23.12.1927, с. Мокша Кіраўскай вобл., Расія),
рускі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1955). З 1958 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Лепшыя партыі — у рус. класічных операх: Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Варлаам і Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна); Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Лаўрэат міжнар. конкурсу вакалістаў імя Р.Шумана (Берлін, 1956, 1-я прэмія). Дзярж. прэмія СССР 1969.
т. 4, с. 338
ВЯДЗЕ́РНІКАЎ Васіль Іванавіч
(11.2.1919, г. Ліпецк, Расія — 16.3.1991),
бел. матэматык. Д-р фізіка-матэм. н. (1969), праф. (1970). Скончыў Варонежскі ун-т (1941). З 1950 у Варонежскім ун-це, з 1959 у Горкаўскім пед. ін-це. З 1969 у БДУ. Навук. працы па канформнай дыферэнцыяльнай геаметрыі, тэорыі гіперпаверхняў прасторы Еўкліда, па тэорыі абагульненага метаду нармалізацый, па агульнай тэорыі спалучаных звязнасцей, тэорыі спец. класа аднародных прастораў.
Тв.:
Дифференциальная геометрия. Мн., 1982 (у сааўт.).
т. 4, с. 338
ВЯДЗЕ́ТА,
возера на мяжы Расонскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл., на водападзеле рэк Дрыса і Палата, за 45 км на ПнУ ад Полацка, сярод лясных масіваў. Пл. 4,68 км², даўж. 4,6 км, найб. шыр. 1,6 км. Пл. вадазбору 26 км². Схілы катлавіны выш. 4—1 м. Берагі месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком. Востраў пл. 3,6 га. На З злучана ручаём з воз. Глыбочына, на Пд выцякае р. Вядзеціца.
т. 4, с. 338
«ВЯДОМО́СЬЦІ ГРОДЗЕ́НЬСКЕ»
(«Wiadomości Grodzieńskie», «Гродзенскія навіны»),
газета. Выдавалася ў ліст.—снеж. 1792 у Гродне на польск. мове 2 разы на тыдзень. Орган Таргавіцкай канфедэрацыі, другое пасля «Газэты Гродзенскай» перыяд. выданне на тэр. Беларусі. Друкавалася ў гродзенскай друкарні, хоць на старонках вядомых нумароў (захоўваюцца ў б-цы Ін-та літ. даследаванняў Польскай АН у Варшаве) адсутнічае інфармацыя пра выдаўца і друкарню. Змяшчала мясц. інфармацыю, якая ішла з рэгіёна Гродна і датычылася дзейнасці Генеральнай Канфедэрацыі Абодвух Народаў (польск. і літ. канфедэрацыі таргавічан). Мела 2 раздзелы: «Генеральная сесія вольных абодвух з’яднаных народаў» (друкаваліся універсалы Генеральнай Канфедэрацыі Абодвух Народаў) і «Правінцыйная сесія літоўскага народу» (універсалы і распараджэнні, рэкамендацыі, ухваленыя на пасяджэннях Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ). Акрамя афіц. матэрыялаў публікавала паведамленні, звязаныя з дзейнасцю канфедэрацыі. Кожны нумар меў дадатак фармату газеты (ін-кварта).
І.У.Саламевіч.
т. 4, с. 338
ВЯДРО́ША,
Вядрошка, рака ў Смаленскай вобл. Расійскай Федэрацыі, правы прыток Кацілаўкі (бас. Дняпра, недалёка ад г. Дарагабуж). Каля Вядрошы ў 1500 адбылася бітва паміж войскамі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы. Гл. Бітва на Вядрошы 1500.
т. 4, с. 338
ВЯДУ́ТА
(італьян. veduta),
жанр выяўл. мастацтва або канкрэтны твор, які адлюстроўвае від мясцовасці, пейзаж, часцей архітэктурны. Тэрмін узнік у 17 ст. ў Галандыі, набыў пашырэнне ў 18 ст. ў Венецыі, у 19 ст. — у інш. краінах Еўропы. Сярод майстроў вядуты мастакі Б.Белота, А.Каналета, Дж.Б.Піранезі і інш.
т. 4, с. 338
ВЯДУ́ТА Мікалай Іванавіч
(н. 6.2.1913, г. Старабельск, Украіна),
бел. вучоны-эканаміст. Чл.-кар. АН Беларусі (1969), д-р эканам. н. (1966), праф. (1968). Скончыў Харкаўскі механіка-машынабуд. ін-т (1938). У 1957—62, 1967—77 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. У 1962—67 дырэктар Цэнтр. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-та арг-цыі і тэхнікі кіравання ў Мінску. У 1977—93 у НДІ ЭВМ, Бел. ін-це навук.-тэхн. інфармацыі і прагнозаў. Навук. працы па арг-цыі і эканоміцы машынабудавання, эканам. эфектыўнасці капітальных укладанняў і новай тэхнікі, эканам. кібернетыцы.
Тв.:
Об экономической эффективности капитальных вложений в промышленности. Мн., 1960;
Экономика механизации управленческого труда. М., 1968 (разам з І.Б.Левіным, С.І.Лукашэвічам);
Экономическая кибернетика. М., 1971;
Марксизм-ленинизм и мы. Мн., 1996.
т. 4, с. 338