ВЯ́ЦІЧЫ,
усходнеславянская племянная групоўка ў бас. Акі. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», вяцічы разам з радзімічамі прыйшлі з ляшскіх (прапольскіх) зямель. У 9 — сярэдзіне 10 ст. плацілі даніну хазарам, потым — кіеўскім князям. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Археал. помнікі вяцічаў — селішчы, гарадзішчы, курганныя могільнікі з трупаспаленнем (8—11 ст.) і трупапалажэннем (11—14 ст.). У 11—12 ст. у зямлі вяцічаў узніклі гарады Масква, Колцеск, Дзедаслаў, Нерынск і інш. У 2-й пал. 12 ст. тэр. вяцічаў падзелена суздальскімі і чарнігаўскімі князямі. Як культурна-этнагр. група вяцічы зніклі ў 13—14 ст.
т. 4, с. 404
ВЯ́ЦКАЯ ЗЯМЛЯ́,
гістарычная назва ў 12—18 ст. тэрыторыі ў басейне верхняга і часткова сярэдняга цячэння р. Вятка. У 1-м тыс. да н.э. ў Вяцкіх землях жылі плямёны ананьінскай культуры, у 6—10 ст. — комі і удмурты, з 10 ст. — марыйцы. У 14 ст. склаліся феад. адносіны. У 2-й пал. 14 ст. ў сярэднім цячэнні р. Вятка ўзніклі рус. пасяленні. У 1489 Вяцкая зямля далучана да рас. дзяржавы.
т. 4, с. 404
ВЯ́ЦКІ УВА́Л,
узвышша на У Усх.-Еўрап. раўніны, у Рэспубліцы Марый Эл і Кіраўскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Выш. да 284 м. Выцягнуты амаль мерыдыянальна. Перасякаецца далінай р. Вятка. Складзены з даламітаў, вапнякоў і гіпсаў; развіты карст. Хвойныя лясы.
т. 4, с. 404