ВЯРСО́ЦКІ Віктар Іванавіч
(н. 27.6.1923, Мінск),
бел. жывапісец і педагог. Засл. настаўнік Беларусі (1966). Засл. дз. культ. Польшчы (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). На пед. рабоце з 1951 (у 1952 арганізаваў выяўл. студыю ў школе № 75 г. Мінска). У 1962—72 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў рэаліст. манеры пераважна ў жанры пейзажа. Яго творы вызначаюцца выразным каларытам, кампазіцыйнай стройнасцю, лірызмам. Сярод работ: «Аўтастрада», «Гарадскі пейзаж» (1950-я г.), «Хатынь. Рэквіем», «Мой Мінск» (1960-я г.), «Лондан ноччу», «Дарогі Міншчыны», «У Варшаве, 17 студзеня 1945 г.», «Возера Нарач», «Парыж. Вуліца Мары Роз», «Над Свіслаччу цішыня» (1970-я г.), «Перад паводкай», «Рэха», «Варшава — горад, які я вызваляў», «Раніца Фларэнцыі», «Прага. Плошча», «Паланэз», «Нёман скрозь стагоддзі», «Рэха» (1980-я г.), «Край лясоў і азёр», «Вясна. Стары Магілёў», «Залаты надвячорак», нацюрморт «Ружы» (1990-я г.) і інш.
Г.Б.Сачанка.
т. 4, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)