Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ ГО́РЫ,

ізаляваныя горы і хрыбты, якія ўтварыліся ў выніку вулканічных вывяржэнняў. Напр., вулканічны хрыбет ва Усх. Карпатах, а таксама вулканічныя нагор’і (Армянскае нагор’е); могуць утвараць горныя краіны (Камчатка).

т. 4, с. 293

ВУЛКАНІ́ЧНЫ ЗАЛІ́Ў,

гл. Уціура.

т. 4, с. 293

ВУЛКАНІ́ЧНЫ ПО́ПЕЛ,

вулканічны пыл і пясок (часцінкі 0,1—2 мм), якія ўтвараюцца пры вывяржэнні вулканаў у выніку раздраблення вадкай ці цвёрдай лавы выбухам. Могуць быць абломкі горных парод і мінералаў, што складаюць вулкан (вулканічныя бомбы). Разносіцца ветрам на сотні і тысячы кіламетраў, зрэдку па ўсім зямным шары (вывяржэнне вулкана Кракатаў у Інданезіі ў 1883), можа цалкам засыпаць бліжэйшыя да вулкана населеныя пункты. Уваходзіць у склад вулканакластычнага матэрыялу і вулканічных горных парод.

т. 4, с. 293

ВУЛКАНІ́ЧНЫ ТУФ,

гл. Туф вулканічны.

т. 4, с. 293

ВУЛФ

(Woolf) Вірджынія (25.1.1882, Лондан — 28.3.1941),

англійская пісьменніца; адна з найб. значных тэарэтыкаў і практыкаў мадэрнізму. Заснавальніца «псіхалагічнай школы». У раманах «Падарожжа» (1915), «Ноч і дзень» (1919), «Пакой Джэйкаба» (1922), «Місіс Дэлаўэй» (1925), «Да маяка» (1927), «Арланда» (1928), «Хвалі» (1931), «Гады́» (1937), «Паміж актамі» (1941) і інш., зб-ках апавяданняў «Сады К’ю», «Знак на сцяне» (абодва 1919), «Панядзелак ці аўторак» (1921), аповесцях — універсалізм светабачання, хісткасць часавых межаў, адсутнасць традыц. сюжэтаў і характараў, асацыятыўнасць, складаная сімволіка, усведамленне жыцця праз плынь суб’ектыўных успрыманняў і імгненных уражанняў, арыентацыя на псіхааналіз З.Фрэйда, інтуітывізм А.Бергсона, творчасць М.Пруса і Дж.Джойса. Аўтар шэрагу эсэ (у т. л. «Сучасная мастацкая літаратура», 1919; «Містэр Бенет і місіс Браўн», 1924).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1989.

Літ.:

Жантиева Д.Г. Английский Роман XX в., 1918—1939. М., 1965;

Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;

Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984;

Михальская Н.П. Пути развития английского романа 1920—1930 годов: Утрата и поиски героя. М., 1966.

Е.А.Лявонава.

т. 4, с. 293

ВУЛФ

(Wolfe) Томас Клейтан (3.10.1900, г. Ашвіл, штат Паўночная Караліна, ЗША — 15.9.1938),

амерыканскі пісьменнік. Аўтар цыкла раманаў «Зірні на дом свой, Анёл» (1929), «Пра Час і пра Раку» (1935), «Павуціна і скала» (1939), «Дамоў вяртання няма» (1940), зб-каў навел «Ад смерці да світання» (1935), «Там, за пагоркамі» (1941), п’ес, эсэ «Гісторыя аднаго рамана» (1936). Яго прозе ўласцівыя спалучэнне аўтабіяграфічнасці з універсалізмам, лірычнага пачатку з сатырычным, панарамнасць адлюстравання жыцця, часавыя напластаванні, падрабязнасць у апісаннях, ацэнках, выказваннях.

Тв.:

Рус. пер. — Домой возврата нет: Роман. М., 1982;

Портрет Баскома Хока: Повесть, рассказы. М., 1987;

Жажда творчества: Худож. публицистика. М., 1989;

История одного романа // Писатели США о литературе. М., 1982. Т.2.

Літ.:

Литературная история Соединенных Штатов Америки: Пер. с англ. Т.3. М., 1979.

Е.А.Лявонава.

т. 4, с. 293

ВУЛЬ Ялегі Пранціш

(сапр. Карафа-Корбут Элігій-Францішак Маўрыкіевіч; 21.4.1835, Віцебск — 1880-я г.),

бел. паэт. З 1846 вучыўся ў Віцебскай гімназіі (не скончыў). У 1856—62 працаваў пісарам у Віцебскай палаце дзярж. маёмасцей. За ўдзел у паўстанні 1863—64 з бацькам і братам сасланы ў Сібір. Апошнія гады жыў у Варшаве, дзе з В.Каратынскім і А.Плугам стварыў бел. гурток. Як паэт фарміраваўся пад уплывам А.Вярыгі-Дарэўскага. У 1859 упісаў у «Альбом» Вярыгі-Дарэўскага верш на бел. мове «К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка» — узор бел. грамадз. лірыкі сярэдзіны 19 ст. Верш адметны дасканаласцю формы, паэт. сімволікай, натуральнасцю і чысцінёй мовы.

Літ.:

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 166—167, 203—207;

Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 262—264, 367—376.

Г.В.Кісялёў.

т. 4, с. 293

ВУЛЬВІ́Т

(ад лац. vulva покрыва + ...іт),

запаленне вульвы (вонкавых палавых органаў жанчыны). Першасны вульвіт бывае пры траўматычных пашкоджаннях покрыўнага эпітэлію вульвы, парушэннях абмену рэчываў (цукровы дыябет), неахайнасці жанчыны і інш. Другасны вульвіт абумоўлены вострымі і хранічнымі запаленчымі працэсамі вышэйляжачых органаў жанчыны. Праяўляецца свербам, смыленнем і болямі, ацёкам, пачырваненнем, іншы раз язвамі на вялікіх і малых палавых губах, пераддзвер’і похвы, клітары. Пры несвоечасовым лячэнні могуць узнікнуць ускладненні. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, часта — хірургічнае.

І.У.Дуда.

т. 4, с. 293

ВУЛЬГА́РНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,

філасофская плынь сярэдзіны 19 ст., якая спрашчала і агрубляла асн. прынцыпы матэрыялізму. Яе прадстаўнікі К.Фогт, Л.Бюхнер, Я.Молешот адмаўлялі сац. прыроду свядомасці, лічылі, што яе змест абумоўлены гал. чынам хім. саставам прадуктаў харчавання, атаясамлівалі мысленне з матэрыяльнымі фізіял. працэсамі, што адбываюцца ў чалавечым мозгу (мозг выдзяляе думку накшталт таго, як печань жоўць). Вульгарны матэрыялізм — у многім рэакцыя на ідэаліст. (асабліва ням.) дыялектыку, якую яго прадстаўнікі характарызавалі як філас. шарлатанства і з свайго боку спадзяваліся вырашыць усе філас. праблемы праз канкрэтныя прыродазнаўчыя даследаванні. У тлумачэнні сац. з’яў вульгарны матэрыялізм прымыкае да сацыял-дарвінізму.

У.К.Лукашэвіч.

т. 4, с. 293

ВУЛЬГА́РНЫ САЦЫЯЛАГІ́ЗМ,

спрошчанае вытлумачэнне грамадскіх з’яў, аднабаковае перабольшванне ролі асобных фактараў грамадскага развіцця: тэхнікі, формаў арганізацыі вытв-сці, эканомікі, палітыкі, ідэалогіі, ігнараванне значэння біял. прыроды чалавека. У вузкім сэнсе слова вульгарны сацыялагізм — аднабаковае вытлумачэнне грамадскай свядомасці, калі апошняя разглядаецца безадносна да праблемы яе ісціннасці або памылковасці, а выключна ў аспекце яе класава-ідэалаг. функцыі, г. зн. у якасці сродку барацьбы грамадскіх класаў (сац. слаёў, груп і г.д.) за панаванне або проста выжыванне. У філасофіі (А.А.Багданаў, У.М.Шуляцікаў), літ. крытыцы і эстэтыцы (В.Ф.Пераверзеў, У.М.Фрычэ) ён выяўляўся ў адмаўленні адноснай самастойнасці ідэалогіі і ў вывядзенні ўсіх ідэалаг. формаў непасрэдна са спосабу вытв-сці. Разнавіднасцю вульгарнага сацыялагізму ў мовазнаўстве было вучэнне аб мове як класавай і надбудовачнай з’яве.

т. 4, с. 293