ВУГЛЯРО́ДНАЕ ВАЛАКНО́,
валакно, якое складаецца пераважна з вугляроду (85 — болей за 99%). Мае высокую мех. трываласць, устойлівае да ўздзеяння высокіх тэмператур, агрэсіўных хім. рэчываў і ультрафіялетавага выпрамянення. Атрымліваюць тэрмічнай апрацоўкай (400—3000 °C) хім. ці прыродных арган. валокнаў (часцей віскознага валакна і поліакрыланітрыльных валокнаў). Выкарыстоўваюць як напаўняльнік вугляродапластаў, у вытв-сці фільтравальных матэрыялаў, электранагравальных элементаў і інш.
т. 4, с. 286
ВУГЛЯРО́ДУ АКСІ́Д,
чадны газ, прадукт няпоўнага акіслення вугляроду, CO. Газ без колеру і паху, tкіп -191,5 °C, шчыльн. 1,25 кг/м³ (0 °C). Раствараецца ў спірце, бензоле, дрэнна — у вадзе. Гаручы, сумесь з паветрам (12,5—74% вугляроду аскіду) выбухованебяспечная. Пры высокіх т-рах узаемадзейнічае з вадародам і аксідамі металаў (як аднаўляльнік), з хлорам, серай, некат. металамі (гл. Карбанілы металаў). У прам-сці атрымліваюць газіфікацыяй паліва, пры канверсіі газаў. Выкарыстоўваецца як высокакаларыйнае паліва, сыравіна ў арган. сінтэзе. Ядавіты, узаемадзейнічае з гемаглабінам крыві, ГДК для вытв. памяшканняў 0,03 мг/л.
т. 4, с. 286
ВУГЛЯРО́ДУ ДЫАКСІ́Д,
вуглякіслы газ, вугальны ангідрыд, прадукт поўнага акіслення вугляроду, CO2. Бясколерны газ, шчыльн. 1,98 кг/м³, пры моцным ахаладжэнні ператвараецца ў сухі лёд. Раствараецца ў вадзе (гл. Вугальная кіслата), спіртах, ацэтоне, бензоле і інш. арган. растваральніках, не гарыць. Утварае з моцнымі асновамі карбанаты. Уваходзіць у састаў атмасферы Зямлі (0,03 % па аб’ёме), крыніца вугляроду для раслін, якія засвойваюць вугляроду дыяксід пры фотасінтэзе, адзін з асн. біяхім. кампанентаў у працэсах дыхання жывёльных арганізмаў. Атрымліваюць пры абпальванні вапняку, акісленні вуглевадароднага паліва. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці соды, мачавіны, карбонавых кіслот, цукру, газіраваных напіткаў, у вогнетушыцелях, газавых лазерах. У вял. канцэнтрацыях таксічны, выклікае гіпаксію, ГДК 30 мг/м³.
т. 4, с. 286
ВУГО́ЛЬНІК,
ударны музычны інструмент высокага рэгістра класа ідыяфонаў. Мае выгляд раўнабедранага трохвугольніка са стальнога прэнта (дыяметр каля 10 мм), незамкнёнага ў адным з вуглоў. Пры ўдары па вугольніку тонкім стальным цвіком ці палачкай ад малога барабана ўзнікае гук неакрэсленай вышыні, адрывісты або трэмалюючы, звонкі, празрысты, пяшчотнага тэмбру. Вугольнік вядомы з 16 ст., з 18 ст. выкарыстоўваецца ў аркестрах (спачатку ў ваенным, пазней у сімф.). У бел. нар. муз. практыцы пашыраны як рытмічна-каларыстычны інструмент у ансамблях са скрыпкай, гармонікам, цымбаламі, дудкай і бубнам пры выкананні танцаў, вясельных маршаў. Быў найб. вядомы на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, у некаторых раёнах Міншчыны і Гродзеншчыны. Зараз сустракаецца рэдка.
І.Дз.Назіна.
т. 4, с. 286
ВУГО́Р ЕЎРАПЕ́ЙСКІ
(Anguilla anguilla),
рыба сям. вугровых атр. вугрападобных. Пашыраны ў вадаёмах Еўропы ад Белага да Чорнага мораў (у Міжземным м. — па афр. і азіяцкім узбярэжжах). Прахадная рыба. У рэкі і азёры Беларусі (бас. Нёмана, Зах. Дзвіны і Зах. Буга) заходзіў з Балтыйскага м. З пабудовай плацін на рэках міграцыі спыніліся, азёры (пераважна Пн Беларусі) зарыбляюцца штучна. Нар. назвы вугар, вангор.
Даўж. да 2 м, маса да 6 кг (звычайна 30—70 см, 500—800 г). Цела амаль цыліндрычнае, змеепадобнае, спіна цёмна-зялёная або бура-чорная, бакі жоўтыя, бруха жаўтаватае ці белае. Луска дробная, паглыбленая ў скуру з тоўстым слоем слізі. Корміцца дробнай рыбай, ікрой, жабамі і беспазваночнымі. Большую ч. жыцця праводзіць у прэснай вадзе (ад 6 да 25 гадоў). Для размнажэння мігрыруе ў Саргасава м. Атлантычнага ак. У моры не корміцца. Пасля нерасту дарослая рыба гіне. Лічынкі (т.зв. лептацэфалы) з Гальфстрымам і Паўн.-Атлантычным марскім цячэннем дрэйфуюць 2,5—3 гады да берагоў Еўропы. Калі ператвараюцца ў малявак (т.зв. шклопадобных вугроў), рассяляюцца па вадаёмах.
Шклопадобныя вугры імпартуюцца на Беларусь пераважна з Францыі і Вялікабрытаніі. Больш за 40 млн. малявак вугра еўрапейскага запушчана ў больш як 70 вадаёмаў (па 1980-я г.). Каштоўны аб’ект промыслу і развядзення.
т. 4, с. 287
ВУГРАПАДО́БНЫЯ
(Anguilliformes),
атрад касцістых рыб. 23 сям., каля 110 родаў, 400 відаў, пераважна ў трапічных водах акіянаў. Большасць вугрападобных жывуць на мелкаводдзі, вядуць скрытны прыдонны спосаб жыцця, зрэдку селяцца калоніямі ў норках. Некаторыя марскія віды жывуць на глыб. да 4000 м або ў тоўшчы вады (да 500 м). У прэсных водах трапляюцца толькі прадстаўнікі сям. вугровых, або прэснаводных вугроў, да іх належыць вугор еўрапейскі (звычайны, рачны), які трапляецца на Беларусі. Вугрападобныя вядомы з верхняга мелу.
Даўж. змеепадобнага цела 10—300 см, маса 15 г — 65 кг. Плаўнікі без калючак. Спінны і анальны плаўнікі доўгія, мяккія, ззаду звычайна злучаюцца з хваставым. Луска вельмі дробная або адсутнічае. Пераважна драпежнікі; некаторыя паразітуюць. Развіццё з метамарфозам: празрыстая высакацелая лістападобная лічынка (лептацэфал) істотна адрозніваецца ад дарослай асобіны. У многіх вугрападобных у крыві ёсць ядавітыя рэчывы — іхтыятаксіны, якія, трапіўшы ў кроў цеплакроўных жывёл, разбураюць эрытрацыты. Многія вугрападобныя — каштоўныя аб’екты промыслу.
т. 4, с. 287
ВУГРЫ́,
хвароба тлушчавых залоз скуры і іх праток. Бываюць ад себарэі, парушэння дзейнасці страўнікава-кішачнага тракту, залоз унутр. сакрэцыі, абмену рэчываў, пры спадчыннай схільнасці. Найчасцей назіраюцца ў юнацкім узросце ў перыяд палавой спеласці. На скуры твару, спіны, грудзей з’яўляюцца чорныя кропкі са скурнага сала, рагавых скурачак і пылу. Вакол іх (іншы раз па-за імі) з’яўляюцца запаленчыя вузельчыкі (2—4 мм) ружовага колеру, у цэнтры якіх фарміруюцца гнайнічкі; пры загойванні іх утвараецца скурачка, іншы раз рубец. Пры распаўсюджванні працэсу ўтвараюцца пустулы; ачагі могуць злівацца. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, дыета, тэрапеўтычныя сродкі, фізіятэрапія.
М.З.Ягоўдзік.
т. 4, с. 287