Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВЕ́СТА,

малая планета № 4. Адкрыта Г.​Ольберсам (Германія, 1807). Адлегласць ад Сонца мяняецца ад 2,2 да 2,6 а.а. Самая яркая (6,5 зорнай велічыні ў процістаянні) і адна з буйнейшых (дыяметр 555 км) малых планет; адзіная з іх, бачная пры спрыяльных умовах простым вокам.

т. 4, с. 117

ВЕСТАВЫ́ (старарус. які прыносіць вестку),

1) у арміі (флоце) Рас. імперыі салдат (матрос), які прызначаўся для сувязі, выканання даручэнняў афіцэра, суправаджэння яго ў паездках, догляду каня і да т.п.

2) У Сав. Арміі функцыі веставога выконваў ардынарац, які вылучаўся ў распараджэнне страявых камандзіраў у баявых умовах.

3) У савецкім і сучасным рас. ВМФ на караблі веставы — матрос, прызначаны для абслугоўвання кают-кампаніі афіцэраў (мічманаў і старшын звыштэрміновай службы).

т. 4, с. 117

ВЕ́СТВЕРК (ням. Westwerk),

у каралінгскіх і раманскіх цэрквах (пераважна ў Германіі) папярочная пабудова ў зах. частцы храма (з 2—3 вежамі, адкрытымі ў неф галерэямі і капэламі на хорах) для прыдворнага цырыманіялу.

т. 4, с. 117

ВЕСТГО́ТЫ, візіготы,

германскае племя, зах. галіна готаў. У 2—3 ст. пачалі прасоўвацца ў Прычарнамор’е, адкуль у канцы 4 ст. перайшлі ўсх. граніцу Рым. імперыі, разграмілі армію імператара Валента (гл. Адрыянопальская бітва 378), потым пасяліліся ў Ілірыі. Вестготы на чале з каралём Аларыхам I 24.8.410 захапілі і разрабавалі Рым. У 418 утварылі ў Паўд. Галіі Тулузскае каралеўства — першую варварскую дзяржаву на рым. тэрыторыі (на пач. 6 ст. выцеснены франкамі). У 5 ст. захапілі большую ч. Пірэнейскага п-ва, у 711 дзяржаву вестготаў заваявалі арабы.

т. 4, с. 117

«ВЕ́СТКІ З СССР»,

газета ЦК КПЗБ. Выдавалася ў студз. 1933 — студз. 1936 у Мінску на бел. мове раз у 2 месяцы. Першы нумар выйшаў у Зах. Беларусі. Асвятляла розныя бакі жыцця ў СССР і БССР. Друкавала артыкулы пра калектывізацыю, жыццё калгасаў і саўгасаў, буд-ва прамысл. прадпрыемстваў, культ. устаноў, дзейнасць сярэдняй і вышэйшай школы ў БССР і інш. Перадрукоўвала матэрыялы з перыяд. выданняў БССР і СССР. Нелегальна перапраўлялася ў Зах. Беларусь. Выйшла 17 нумароў.

т. 4, с. 117

«ВЕ́СТКІ ЧАСО́ВАГА РАБО́ЧА-СЯЛЯ́НСКАГА САВЕ́ЦКАГА ЎРА́ДУ БЕЛАРУ́СІ»,

газета, орган Часовага рабоча-сялянскага сав. ўрада Беларусі. Выдавалася ў студз. 1919 у Мінску на бел., рус., яўр. (ідыш) і польск. мовах. Інфармавала пра дзейнасць Часовага ўрада, друкавала яго пастановы, законы і распараджэнні. Апошні вядомы № 4/5.

т. 4, с. 118

ВЕ́СТМІНСТЭР, Уэстмінстэр (Westminster),

адм. акруга і старэйшы гіст. раён Лондана, на левым беразе р. Тэмза. Узнік, верагодна, у 7 ст. Месцазнаходжанне дзярж. і ўрадавых устаноў — каралеўскай рэзідэнцыі (Бакінгемскі палац), парламента (Вестмінстэрскі сабор), рэзідэнцыі прэм’ер-міністра (на Даўнінг-стрыт), мін-ваў (вул. Уайтхал). У Вестмінстэрскім абацтве (гатычная царква, 1245—1745, з капэлай Генрыха VII, 1503—19) пахаваны англ. манархі, дзярж. дзеячы, знакамітыя людзі, у т. л. І.​Ньютан, Ч.​Дарвін, Ч.​Дзікенс.

т. 4, с. 118

ВЕСТМІ́НСТЭРСКІ СТАТУ́Т 1931,

акт брыт. парламента ад 11 снеж., які вызначаў прававыя адносіны Вялікабрытаніі з яе дамініёнамі. Афіцыйна замацаваў рашэнне імперскай канферэнцыі 1926 аб прызнанні самастойнасці дамініёнаў ва ўнутр. і знешніх справах, іх роўнасці з метраполіяй. Паводле Вестмінстэрскага статута законы Вялікабрытаніі не маглі пашырацца на дамініёны без іх згоды, скасоўвалася правіла, у адпаведнасці з якім закон дамініёна лічыўся несапраўдным, калі пярэчыў законам метраполіі. Хоць Вялікабрытанія фактычна захоўвала кантроль над знешняй палітыкай дамініёнаў, Вестмінстэрскі статут сведчыў пра рост іх эканам. і паліт. самастойнасці.

т. 4, с. 118

«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,

рускі літаратурны і навук.-паліт. часопіс. Выходзіў у 1802—30 у Маскве 2 разы на месяц. Заснавальнік і першы рэдактар М.​М.​Карамзін. Поруч з л-рай і мастацтвам асвятляў пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі, гісторыю і культ. жыццё замежных краін. У 1814 у «Вестнике Европы» дэбютавалі А.​С.​Пушкін і А.​С.​Грыбаедаў. Значнае месца ў часопісе займалі матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фалькларыстыцы слав. (у т. л. бел.) народаў, друкаваліся працы З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага, К.​Ф.​Калайдовіча, М.​П.​Пагодзіна, І.​М.​Снегірова і інш. Шэраг матэрыялаў, прысвечаных Беларусі, Літве і Польшчы, публікаваўся ў перакладзе з «Dziennika Wileńskiego» («Віленскага весніка»).

С.​А.​Кузняева.

т. 4, с. 118

«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,

рускі гісторыка-паліт. і літ. часопіс. Выдаваўся ў 1866—1918 у Пецярбургу, першыя 2 гады — 4 разы на год, з 1868 штомесячна. Выдавец-рэдактар М.​М.​Стасюлевіч (да 1909). Друкаваў навук. працы, публіцыстыку, літ. творы (у т. л. А.​М.​Астроўскага, І.​А.​Ганчарова, А.​К.​Талстога, І.​С.​Тургенева), паліт. агляды, замежную хроніку. Выступаў за паслядоўнае рэфармаванне ўсіх бакоў жыцця імперыі, даваў інфармацыю і аналіз правядзення суд., земскай, школьнай рэформаў на месцах, у т. л. на Беларусі. Абараняў правы народаў Расіі на свабоднае культ. развіццё. Змясціў шэраг матэрыялаў па гісторыі, этнаграфіі і л-ры Беларусі. У апошняе дзесяцігоддзе існавання аддаваў перавагу праграмам акцябрыстаў і кадэтаў.

т. 4, с. 118