ВЕЙСЕНГО́Ф
(Weyssenhoff) Ян (1774, в. Анджэльмуйжэ Рэжыцкага пав., цяпер Латвія — 19.5.1848),
вайсковы дзеяч ВКЛ. З 1789 на ваеннай службе ВКЛ у 8-м палку пяхоты ў Нясвіжы. Удзельнік вайны супраць экспансіі Расіі ў 1792, бітвы пад Мірам. У час паўстання 1794 ад’ютант Я.Ясінскага, прызначаны А.Т.Касцюшкам маёрам кавалерыі. Пасля задушэння паўстання вандраваў па Еўропе. У 1806 далучыўся да войска ген. Я.Г.Дамброўскага, удзельнічаў у паўстанні на зах.-польскіх землях супраць прускага панавання, у ваен. дзеяннях 1809 супраць Аўстрыі на баку Напалеона. У вайне 1812 ад’ютант ген. Ю.Заёнчака, удзельнік бітваў пад Смаленскам, Барадзіном і інш. У 1813 атрымаў ад Напалеона званне ген. брыгады. Удзельнічаў у арганізацыі арміі Каралеўства Польскага ў складзе Рас. імперыі, з 1826 ген. дывізіі. У час паўстання 1830—31 камандаваў дывізіяй уланаў, браў удзел у фарміраванні Надвіслянскага легіёна, камандаваў войскамі Кракаўскага ваяв. У 1831—33 у ссылцы ў Кастраме. Аўтар мемуараў.
Тв.:
Pamiętnik generała Jana Weyssenhoffa. Warszawa, 1904.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 62
ВЕ́ЙТЛІНГ
(Weitling) Вільгельм (5.10.1808, г. Магдэбург, Германія — 25.1.1871),
дзеяч ранняга ням. рабочага руху, сацыяліст. Кравец. У 1836 у Парыжы ўступіў у Саюз справядлівых, напісаў яго маніфест «Чалавецтва, якое яно ёсць і якім яно павінна быць» (1838). Удзельнік няўдалага паўстання бланкістаў (1839). З 1841 у Швейцарыі, дзе апублікаваў гал. твор «Гарантыі гармоніі і свабоды» (1842); арыштаваны за паліт. агітацыю і зняволены (1843). Вызвалены ў 1844. Чл. Брусельскага камуніст. карэспандэнцкага к-та (1846). З 1846 у ЗША (у час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі быў на радзіме). Асуджаў капіталізм, але не прымаў навук. камунізму К.Маркса і Ф.Энгельса. Быў упэўнены ў магчымасці неадкладна здзейсніць сац. пераварот з апорай на немаёмныя слаі. Пераацэньваючы стыхійнасць рэв. бунту, лічыў яго ўдарнай сілай люмпен-пралетарыяў і нават крымін. злачынцаў. Бачыў у асобе Хрыста перадавога змагара за сац. справядлівасць.
У.Я.Калаткоў.
т. 4, с. 63
ВЕ́ЙЦМАН Хаім
(27.11.1874, в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 9.11.1952),
палітычны і дзяржаўны дзеяч Ізраіля, вучоны-хімік. Праф. біяхіміі. Выкладаў у Жэнеўскім (1901—04), Манчэстэрскім (1904—19) ун-тах, узначальваў хім. лабараторыю Брыт. адміралцейства (1916—19). У 1920—31, 1935—46 прэзідэнт сусв. сіянісцкай арг-цыі, у 1929—31 і 1935—46 — яўр. агенцтва для Палесціны. У 1948—52 першы прэзідэнт Ізраіля. Заснаваў яўр. ун-т у г. Іерусалім (1918), НДІ па тэарэт. і прыкладных прыродазнаўчых навуках у г. Рэховат (1949, прысвоена імя Вейцмана, з 1952 частка тэр. ін-та — мемарыяльны комплекс Вейцмана).
т. 4, с. 63
ВЕ́ЙЦМАН Эзер
(н. 15.6.1924, Тэль-Авіў),
ваенны і палітычны дзеяч Ізраіля. Генерал. Пляменнік Х.Вейцмана. Вучыўся ў каралеўскім штабным каледжы ваен.-паветр. сіл, лётным вучылішчы ў Радэзіі, на авіяц. інж. курсах у Англіі. У 1942—46 служыў у брыт. арміі ў Егіпце і Індыі. У 1948—66 на камандных пасадах у ВПС Ізраіля, у 1966—69 у ген. штабе. З 1969 у адстаўцы. У 1969—70 міністр транспарту. У 1970—72 старшыня выканкома партыі «Херут». У 1977—80 міністр абароны. З 1984 лідэр партыі «Ягад», якая выступае за мір з арабамі. У 1988—90 міністр навукі і даследаванняў. З 1993 прэзідэнт Ізраіля.
т. 4, с. 63