Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІНЕ́КДАХА (ад грэч. synekdochē суперайманне, суаднясенне),

від метаніміі, заснаваны на замене аднаго паняцця другім на аснове суаднясення іх колькасных прыкмет. Выступае як сродак завастрэння ўвагі чытача на найб. значных маст. дэталях, якім у творы належыць важная роля ў эмацыянальна-псіхал. раскрыцці вобразаў, іх аўтарскай ацэнцы. Пашырана ўжыванне назвы часткі з’явы, прадмета ў значэнні цэлага:

Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты наяве і ў сне,
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.
(Я.​Купала. «Роднае слова»)

Часам назва часткі замяняецца назвай цэлага:

Край калхідскі сёння ў славе,
І палескі краявід
Зменім мы, балоты сплавім,
Тут, брат, тысячы Калхід!
(П.​Панчанка. «Слова пра Палессе»)

Сустракаецца замена множнага ліку адзіночным і наадварот.

Якія толькі стагоддзі
цябе не хрысцілі
ў сваіх Дняпрах, а ты
язычнікам так і застаўся, Човен.
(Р.​Барадулін. «Трыпціх Ушаччыны»)

Разнавіднасць С. — ужыванне ўласных імён у значэнні агульных назоўнікаў:

Працы ў зорках — акіян бязмерны,
Важна, што мы здолелі пачаць.
Сотні новых Юрыяў і Германаў
У калысках ярасна крычаць.
(П.​Панчанка. «У космас»)

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 399

СІНЕКЛІ́ЗА (ад грэч. syn разам + enklisis нахіленне),

вялікі (да некалькіх сотняў метраў, часам больш за 1 тыс. км у папярочніку) няправільна-авальнай ці акруглай формы пакаты прагін у межах платформы. Нахіл слаёў на крылах — долі градуса, на флексурах да 1°. Запоўнена магутнай тоўшчай (ад 3 да 8 км, радзей да 20 км) асадкавых або вулканагенна-асадкавых парод. Ускладнена структурамі 2-га (скляпенні, упадзіны), 3-га (валы, дэпрэсіі) і больш дробных парадкаў. Развіваюцца на працягу аднаго або некалькіх тэктанічных цыклаў, нярэдка над аўлакагенамі. Адрозніваюць С. накладзеныя, унаследаваныя, краявыя (вузлавыя), трапавыя і інш. Да С. часта прымеркаваны артэзіянскія, вугляносныя, саляносныя, нафтаносныя і інш. басейны. Тэрмін прапанаваны сав. геолагам А.​П.​Паўлавым у 1903. На тэр. Беларусі заходзіць ч. Маскоўскай сінеклізы. Гл. таксама Антэкліза.

І.​В.​Клімовіч.

т. 14, с. 399

СІНЕКУ́РА (ад лац. sine cura без клопату),

царкоўная пасада ў сярэдневяковай Еўропе, якая прыносіла даходы, але не была звязана з выкананнем пэўных абавязкаў і знаходжаннем на месцы служэння. У пераносным сэнсе абазначае пасаду, якая добра аплачваецца, але не патрабуе асаблівых намаганняў.

т. 14, с. 399

СІНЕ́ЛЬНІКАВА (Людміла Мікалаеўна) (н. 24.7.1950, г. Варонеж, Расія),

бел. і рас. балерына. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыла Варонежскае харэагр. вучылішча (1968). Працавала ў т-рах оперы і балета Варонежа і Казані. У 1972—82 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яе творчая індывідуальнасць найб. ярка выявілася ў партыях лірычнага плана. Сярод партый на бел. сцэне: Папялушка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Ева («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Ліза («Ліза і Кален» Л.​Герольда), Радысачка («Чыпаліна» К.​Хачатурана). Выконвала мазурку і прэлюд у балеце «Шапэніяна» на музыку Ф.​Шапэна і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Варна, 1970).

т. 14, с. 399

СІНЕ́ЛЬНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (12.2.1855, г. Харкаў, Украіна — 19.4.1939),

расійскі і ўкраінскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. Украіны (1934). Нар. арт. Расіі (1934). З 1873 акцёр, пазней і рэжысёр у т-рах Харкава, Мікалаева, Казані і інш. У 1900—09 гал. рэжысёр Т-ра Корша ў Маскве, у 1910—13 трымаў антрэпрызу ў Харкаве і Кіеве. Рэфарматар правінцыяльнай сцэны, вял. ўвагу аддаваў акцёрскаму ансамблю. Увёў сістэму абанементаў і спектакляў для моладзі па зніжаных цэнах. Пасля 1917 у т-рах Саратава, Растова-на-Доне, з 1933 у Харкаўскім рус. драм. т-ры. Сярод лепшых пастановак: «Плады асветы» Л.​Талстога (1893), «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава (1897), «Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава (1901), «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (1934), «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага (1935) і інш. Выкладаў у Харкаўскім тэатр. вучылішчы.

Тв.:

Шестьдесят лет на сцене. Харьков, 1935.

Літ.:

Слонова Н. Н.​Н.​Синельников. М., 1956.

т. 14, с. 399

СІНЕ́НКА (Георгій Дзмітрыевіч) (н. 9.11.1923, с. Сватава Луганскай вобл., Украіна),

бел. літаратуразнавец, крытык. Канд. філал. н. (1970). Скончыў Харкаўскі ун-т (1950). Настаўнічаў, працаваў на ніве нар. асветы ў Беларусі. У 1970—94 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1960. Даследуе рус.-бел., бел.-балгарскія літ. ўзаемасувязі, праблемы развіцця сучаснай бел. прозы і паэзіі, жанры і стылі бел. л-ры. Аўтар манаграфій «Іван Навуменка», «Ніл Гілевіч» (абедзве 1981), «Ф.​В.​Гладкоў. Семінарый» (1982), «Насуперак канону» (1997, пра А.​А.​Лойку), арт. пра А.​Адамовіча, М.​Арочку, Гладкова, М.​Даніленку, В.​Карамазава, М.​Лынькова і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 399

СІНЕРГЕ́ТЫКА (ад грэч. synergētikos супольны, які дзейнічае ўзгоднена),

навуковы кірунак, які вывучае агульныя прынцыпы эвалюцыі і самаарганізацыі макраскапічных сістэм. Тэрмін прапанаваны ням. фізікам Г.​Хакенам у 1970-я г. Макраскапічныя сістэмы складаюцца з многіх элементаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і могуць фарміраваць прасторавыя, часавыя ці функцыянальныя структуры без знешняга ўздзеяння; працэсы ўпарадкавання ў такіх сістэмах узнікаюць у выніку ўзаемадзеяння вял. колькасці элементарных падсістэм. С. грунтуецца на тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў, тэорыях выпадковых працэсаў, інфармацыі і нелінейных ваганняў і хваль.

Асн. паняцці С. — устойлівасць, няўстойлівасць, парадак, хаос (найб. неўпарадкаваны стан), лінейнасць, нелінейнасць, параметр парадку, прынцып падпарадкавання і інш Цэнтр. праблема — узаемаадносіны парадку і хаосу (гл. Энтрапія). С. тлумачыць, як парадак (прасторавая ці часавая ўпарадкаваная структура) узнікае з канструктыўнага хаосу. Ідэі і метады С. выкарыстоўваюцца для аналізу прасторава-часавых структур у паняццях параметраў парадку і прынцыпу падпарадкавання, прадказання паводзін складаных сістэм, змяншэння размернасці дынамічнай сістэмы, а таксама ў тэорыі распазнавання вобразаў і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах С. вядуцца ў Ін-тах тэхн. кібернетыкі і фізікі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Бел. эканамічным ун-це.

Літ.:

Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ. М., 1991;

Цымбал Л.А. Синергетика информационных процессов: Закон информативности и его следствия. М., 1995;

Капица С.П., Курдюмов С.П., Малинецкий Г.Г. Синергетика и прогнозы будущего. М., 1997;

Василькова В.В. Порядок и хаос в развитии социальных систем. Синергетика и теория социальной самоорганизации. СПб., 1999.

А.​А.​Барыскевіч.

т. 14, с. 399

СІНЕРГІ́ЗМ, сінергія (ад грэч. synergeia супрацоўніцтва, садружнасць),

камбінаванае ўздзеянне 2 або некалькіх рэчываў на арганізм (сістэму), агульны эфект якога большы за сумарны эфект уздзеяння кожнага з кампанентаў паасобку.

Рэчывы, што праяўляюць С., наз. сінергістамі, напр., лек. рэчывы — адрэналін і атрапін, якія выклікаюць расшырэнне зрэнак, праяўляльныя рэчывы ў фатаграфіі — метол і гідрахінон. У некат. выпадках С. назіраецца пры дзеянні сумесі актыўнага рэчыва з практычна неактыўным, напр., неактыўная аскарбінавая кіслата ўзмацняе антыакісляльнае дзеянне многіх фармацэўтычных антыаксідантаў, у хіміі яе сумесь з аксідам жалеза Fe2O3 выкарыстоўваюць для стабілізацыі палімераў.

т. 14, с. 399

СІНЕРЭ́ЗІС (ад грэч. synairesis сцісканне, памяншэнне),

самаадвольнае вылучэнне вадкасці са студзянёў і геляў; адна з праяў старэння розных відаў дысперсных структур, палімерных і біял. сістэм. С. прыводзіць да памяншэння аб’ёму студзеню або гелю за кошт ушчыльнення структурнай сеткі. Выкарыстоўваюць пры фармаванні хім. валокнаў з прадзільных раствораў, у тэхналогіі палімерных матэрыялаў, вытв-сці харч. прадуктаў (напр., сыру, тварагу).

т. 14, с. 400

СІНЕСТЭЗІ́Я (ад грэч. synaisthesis адначасовае адчуванне),

адзін з відаў тропа. Засн. на своеасаблівым спалучэнні розных асацыяцый: зрокавых, слыхавых, дотыкавых.

Пад полазам белым,
з’інелай падковай
Галінкай азяблаю
крохне
хрусь,
Як яблык, крамянае і
хрупаткое
Слова марознае: «Беларусь».
(Р.​Барадулін. «Заінелая Ушаччына»).

Паэт. вобраз ствараецца тут спалучэннем зрокавых і слыхавых асацыяцый.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 400