Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКРЫТАЖА́БРАВЫЯ, гіганцкія саламандры (Cryptobranchidae),

сямейства хвастатых земнаводных. Вядомы з міяцэну (25—7 млн. г. назад). 2 роды, 3 віды. Пашыраны ва Усх. Кітаі, Японіі і паўд.-ўсх. ч. Паўн. Амерыкі. Жывуць у рэках, горных ручаях. Кітайская (Andrias davidianus) і японская (A. japonicus) гіганцкія саламандры занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 1,8 м, маса да 70 кг. Цела пляскатае, галава вял., плазаватая, рот шырокі. На пярэдніх нагах па 4 пальцы, на задніх па 5. Хвост доўгі, сціснуты з бакоў. У дарослых захоўваюцца 2—4 жабравыя дугі. Кормяцца рыбай, земнаводнымі і воднымі беспазваночнымі. Азіяцкія віды амаль вынішчаны.

Да арт. Скрытажабравыя. Кітайская гіганцкая саламандра.

т. 14, с. 475

СКРЫТАШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Cryptodira),

падатрад паўзуноў атр. чарапах. 8 сям., каля 50 родаў, 148 відаў. Вядомы з трыясу, паходзяць ад катылазаўраў. Пашыраны амаль усюды, акрамя Антарктыды. Большасць вядуць паўводны спосаб жыцця. На Беларусі 1 від — балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу.

Даўж. панцыра ад 10 да 150 см, маса да 400 кг (слановыя чарапахі). Цела ўкрыта панцырам, які складаецца са спіннога (карапакс) і брушнога (пластрон) шчытоў. Здольныя ўцягваць шыю (адсюль назва) і галаву пад панцыр, пры гэтым выгінаюць шыю S-падобна ў верт. плоскасці. Тазавыя косці не зрошчаныя з панцырам. Пластрон укрыты 11—12 рагавымі шчыткамі. Адкладваюць яйцы на сушы. Кормяцца расл. і жывёльным кормам. Жывуць зрэдку да 150 гадоў. Некат. віды ў Чырв. кнізе МСАП. Асобныя віды — аб’екты развядзення і промыслу (выкарыстоўваюць мяса, тлушч, яйцы, рагавыя шчыткі. Іл. гл. да арт. Чарапахі.

т. 14, с. 475

СКРЫЎЛЕ́ННЕ ПАЗВАНО́ЧНІКА, скаліёз,

бакавое скрыўленне пазваночніка (у франтальнай плоскасці). Бывае прыроджанае і набытае. Развіваецца ў выніку парушэнняў структуры пазваночніка, змяшчэння цэнтра цяжару цела ў бок ад падоўжнай восі. Бывае пры рахіце, траўмах, пухлінах, запаленнях пазваночніка і інш. У 90% выпадкаў назіраецца ідыяпатычнае С.п. (парушэнне абмену ў злучальнай тканцы, што вядзе да аслаблення сувязі міжпазванковых дыскаў з пазванкамі). Пры С.п. адзначаецца дэфармацыя грудной клеткі, змяншэнне яе аб’ёму і ўтварэнне рэбернага гарба, парушэнне функцый лёгкіх і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Лячэнне: лячэбная фізкультура, масаж, хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 475

СКРЭБ (англ. scrub),

зараснікі невысокіх (1—2 м) пераважна вечназялёных цвердалістых засухаўстойлівых кустоў са слабаразвітым травяністым покрывам. Пашыраны ў субтрапічных і часткова трапічных абласцях Паўд.-Зах. і Усх. Аўстраліі, Паўд. Афрыцы і на Пд ЗША. У складзе С. ў асн. акацыі, нізкарослыя эўкаліпты, казуарыны, рэдкія невысокія дрэвы, кусцікі з сям. бабовых і міртавых; у разрэджаным травяным покрыве — дзернавінныя злакі, аднагадовыя сухацветы, салянкі, некат. сукуленты.

т. 14, с. 475

СКРЭ́БЛА,

каменная прылада працы, якая служыла для апрацоўкі скур і вырабаў з дрэва. Былі пашыраны ў палеаліце, асабліва ў эпоху мусцье. С. выраблялі пераважна з масіўных авальных, падпрамавугольных і няправільных абрысаў адшчэпаў ці пласцін; арыентацыя лёзаў падоўжаная ці папярочная. Вылучаюцца адзінарныя і двайныя тыпы С. На Беларусі найб. стараж. С. знойдзены ў Абідавічах, Клеявічах і Свяцілавічах.

т. 14, с. 475

СКРЭ́БНІ, скрэбені, калючагаловыя чэрві,

акантацэфалы (Acanthocephala),

клас паразітычных першаснаполасцевых чарвей (існуюць інш. класіфікацыі). Каля 1500 відаў. На Беларусі 11 відаў, найб. вядомыя акантацэфалус гусіны (Acanthocephalus anguillae), макракантарынхус п’яўкавы (Macracanthorhynchns hirudinaceus), паліморфус вялікі (Polymorphus magnus) і інш. Паразіты кішэчніка пазваночных жывёл (канчатковыя гаспадары), узбуджальнікі акантацэфалёзаў.

Даўж. да 68 см, цела двухбаковасіметрычнае, верацёнападобнае, укрыта кутыкулай, у некат. відаў з шыпікамі. Пярэдні канец цела ператвораны ў орган прымацавання — хабаток з хіцінавымі кручкамі Крывяносная, дыхальная і стрававальная сістэмы адсутнічаюць, нерв. складаецца з галаўнога нерв. вузла і парных прадаўгаватых тулаўных ствалоў. Жыўленне асматычным шляхам Раздзельнаполыя Развіццё з метамарфозам і зменай гаспадароў. Прамежкавыя гаспадары — ракападобныя, малюскі і насякомыя.

т. 14, с. 475

СКРЭ́ПЕР (англ. scraper ад scrape скрэбці),

землярыйна-транспартная машына цыклічнага дзеяння для паслойнага зразання, транспартавання, адсыпкі ў насып ці адвал і разраўноўвання грунту. Рабочы орган С. — коўш з нажом, які загружаецца свабодна пад дзеяннем цягавага намагання пры руху машыны або прымусова канвеерам (напр., элеватарам) з аўтаматызаваным кіраваннем.

Бываюць прычапныя да трактара (2- або 1восевай канструкцыі), паўпрычапныя на базе 2-восевых трактароў і цягачоў, самаходныя на базе аднавосевых цягачоў, у т. л. з дызель-эл. прыводам і матор-коламі. Умяшчальнасць каўша да 40 м³ і больш, адлегласць транспартавання грунту да 2,5 км і больш. С. наз. таксама рабочы орган (коўш) канатна-скрэперных установак, якія выкарыстоўваюцца на экскавацыйных, трансп. і інш. земляных работах на паверхні, пад зямлёй і пад вадой. Прывод каўша — ад лябёдкі праз сістэму канатаў і блокаў. На Беларусі С. выпускае Магілёўскі аўтамаб. з-д.

І.​І.​Леановіч.

Скрэпер самаходны МаАЗ-6014 (Магілёўскі аўтамабільны завод).

т. 14, с. 475

СКУАРЦЫ́НА ((Squarzina) Луіджы) (н. 18.2.1922, г. Ліворна, Італія),

італьянскі рэжысёр і драматург. Скончыў Нац. акадэмію драм. мастацтва ў Рыме (1946). У 1952 арганізаваў і ўзначаліў (сумесна з В.​Гасманам) «Тэатр італьянскага мастацтва» ў Рыме, з 1962 кіраўнік (з І.​К’езай) «Тэатра стабіле» ў Генуі, у 1977—84 — «Тэатра стабіле» ў Рыме. Паставіў спектаклі ў драм. і оперных т-рах («Ла Скала» ў Мілане, Рымскай оперы): «Гамлет» У.​Шэкспіра (1952, сумесна з Гасманам), «Дачка Іорыо» Г. Д’Анунцыо (1957), «Федра» І.​Піцэці (1959), «Фальстаф» Дж.​Вердзі (1960), «Чалавек і звышчалавек» Б.​Шоу і «Кожны па-свойму» Л.​Пірандэла (1961), п’есы К.​Гальдоні, Ф.​Дастаеўскага і інш. Аўтар п’ес «Тры чвэрці месяца» (1953), «Сусветная выстаўка» (1955), «Дзяўчына з Раманьі» («Раманьёла», 1957), «Пяць дзён у порце» (1968, сумесна з В.​Фаджы). «8 верасня» (1972, сумесна з Э. дэ Бернартам і Р.​Дзанграндзі) і інш.

т. 14, с. 476

СКУ́ГАР (Уладзімір Антонавіч) (н. 15.7.1914, в. Жабыкі Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ейскае ваенна-марское авіявучылішча (1938), Ваенна-марскую акадэмію (1955). У ВМФ з 1935. У Вял. Айч. вайну з 1941 лётчык ВПС Чарнаморскага флоту. Удзельнік абароны Адэсы, Севастопаля, Паўн. Каўказа. Нам. камандзіра эскадрыллі капітан С. да студз. 1944 зрабіў 295 баявых вылетаў на далёкую паветр. разведку партоў, аэрадромаў, марскіх камунікацый праціўніка. У 1961—77 у грамадз. авіяцыі.

У.А.Скугар.

т. 14, с. 476

СКУГАРЭ́ЎСКАЯ (Алена Іванаўна) (н. 13.12.1938, г. Краснадар, Расія),

бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі і наркалогіі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1993). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1962), дзе і працуе. Асн. навук. працы па праблемах наркалогіі, сацыяльна-псіхалагічных пытаннях.

Тв.:

Эмоции и алкоголизм. Мн., 1987;

Экологический аспект в оценке алкогольной зависимости // Экологическая антропология. Мн., 1999;

Медико-социальный аспект агрессии неокультов (разам з А.​А.​Скугарэўскім) // Беларусь: вчера, сегодня, завтра. Мн., 2001.

т. 14, с. 476