СКРЭБ (англ. scrub),

зараснікі невысокіх (1—2 м) пераважна вечназялёных цвердалістых засухаўстойлівых кустоў са слабаразвітым травяністым покрывам. Пашыраны ў субтрапічных і часткова трапічных абласцях Паўд.-Зах. і Усх. Аўстраліі, Паўд. Афрыцы і на Пд ЗША. У складзе С. ў асн. акацыі, нізкарослыя эўкаліпты, казуарыны, рэдкія невысокія дрэвы, кусцікі з сям. бабовых і міртавых; у разрэджаным травяным покрыве — дзернавінныя злакі, аднагадовыя сухацветы, салянкі, некат. сукуленты.

т. 14, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)