Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕНЗУРА́ЛЬНАЯ НАТА́ЦЫЯ,

гл. ў арт. Нотнае пісьмо.

т. 10, с. 287

МЕ́НІНГ ((Menning) Карл) (11.5.1874, г. Тарту, Эстонія — 5.3.1941),

эстонскі рэжысёр; заснавальнік прафес. рэжысуры ў эст. т-ры. У 1883—1901 вучыўся ў Тартускім ун-це. У 1904—06 вывучаў маст. практыку т-раў Парыжа, Вены, Берліна. У 1906—14 узначальваў т-р «Ванемуйне» (Тарту). У 1918—37 на дыпламат. рабоце. Сярод пастановак: «Стаўпы грамадства» (1907), «Вораг народа» (1908) Г.​Ібсена, «Возчык Геншэль» Г.​Гаўптмана (1907), «На дне» М.​Горкага (1909), «Ваўкалак» (1911), «Бог каліты» (1912) Кітцберга.

т. 10, с. 287

МЕНІНГАКО́КІ,

парныя, шарападобныя, грамадмоўныя, аэробныя бактэрыі роду Neisseria; узбуджальнікі інфекц. хвароб, напр. менінгіту чалавека (асабліва ў дзяцей). Апісаў ням. вучоны А.​Вейксельбаум (1887). Выдзяляюць эндатаксін і алергізуючую субстанцыю. Размяшчаюцца паза- і ўнутрыклетачна. З арганізма хворых выдзяляюцца з насаглоткі, ліквору, крыві, скурных высыпак, сінавіяльнай вадкасці. Гінуць у вонкавым асяроддзі пры 20 °C праз 30 мін, пры 50 °C праз 5 мін.

А.​А.​Астапаў.

т. 10, с. 287

МЕНІНГАЭНЦЭФАЛІ́Т (ад грэч. mēninx мазгавая абалонка + enkephalos галаўны мозг),

запаленне мазгавых абалонак і галаўнога мозга чалавека і жывёл. Узбуджальнікі: пнеўмакокі, гемафільная палачка, вірус простага герпеса, амёба і інш. Этыялогія, як пры менінгіце. Прыкметы: узбуджэнне, парушэнне прытомнасці, сутаргі, пашкоджанне чарапных нерваў з развіццём парэзаў і паралічоў, паталаг. рэфлексы і інш. Пры М. бывае высокая смяротнасць. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 10, с. 287

МЕНІНГІ́Т (ад грэч. mēninx мазгавая абалонка),

запаленне абалонак галаўнога і спіннога мозга ў чалавека і жывёл. Паміж людзей найчасцей хварэюць дзеці, сярод жывёл — сабакі і коні. М. адрозніваюць па ўзбуджальніку (вірусны, бактэрыяльны, грыбковы, сіфілітычны і інш.), цячэнні (востры, падвостры, хранічны), характары змен спіннамазгавой вадкасці (гнойны і серозны). Гнойны М. часцей выклікаюць менінгакокі (60—70%), серозны — вірусы паратытнай інфекцыі, энтэравірусы і інш. Адрозніваюць першасны М. (самастойная хвароба) і другасны — ускладненні туберкулёзу, атыту і інш. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам, таксама водным, аліментарным, праз укусы насякомых (залежыць ад віду ўзбуджальніка). Прыкметы: т-ра цела 39—40 ℃, моцны галаўны боль, ірвота, уразлівасць да гукаў, святла, характэрная поза хворых (адкінутая назад галава), парушэнне прытомнасці (да беспрытомнасці), сутаргі; пры гнойным М. — гемарагічная высыпка на скуры. Лячэнне тэрапеўтычнае. На Беларусі вял. ўклад у вывучэнне М. зрабілі В.А.Лявонаў, П.Л.Новікаў, І.​А.​Карпаў.

А.​А.​Астапаў.

т. 10, с. 287

МЕНІ́СК (ад грэч. mēniskos паўмесяц),

1) скрыўленая паверхня вадкасці ўнутры вузкай (капілярнай) трубкі або паміж дзвюма блізка размешчанымі цвёрдымі сценкамі. Вадкасць, якая змочвае сценкі (напр., вада—шкло), утварае увагнуты М., а вадкасць, якая не змочвае сценкі (напр., ртуць—шкло), — выпуклы М.

2) Лінза, абмежаваная дзвюма сферычнымі паверхнямі, якія маюць аднолькавы напрамак крывізны. М. змяншае аберацыі аптычных сістэм (гл. Меніскавыя сістэмы).

т. 10, с. 287

МЕНІ́СК у медыцыне,

унутраны і вонкавы серпападобныя храсткі каленнага сустава. Размешчаны паміж сустаўнымі паверхнямі сцегнавой і вял. галёначнай касцей. Мае выгляд трохграннай пласцінкі з перыферычным патоўшчаным краем, зрослым з сустаўнай капсулай і вольным краем. Канцы абодвух М. прымацаваны да міжмышчалкавага ўзвышша вялікагалёначнай косці. Прымае на сябе значную ч. нагрузкі, якая перадаецца праз сустаў, удзельнічае ў жыўленні і змазцы сустава.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 287

МЕНІ́СКАВЫЯ СІСТЭ́МЫ люстрана-лінзавыя сістэмы, у якіх перад сферычным (радзей эліптычным) люстэркам ці перад сістэмай люстэркаў і лінзаў або пасля іх знаходзіцца 1 ці некалькі ахраматычных меніскаў. Вынайдзены ў 1941 Дз.​Дз.Максутавым і Д.Габарам, незалежна адзін ад аднаго. Меніскавыя лінзы, радыусы крывізны паверхняў якіх мала адрозніваюцца, не ўплываюць на агульны ход прамянёў, але істотна змяншаюць аберацыі аптычных сістэм, у якія яны ўваходзяць. М.с. маюць малы астыгматызм, у іх можна скампенсаваць сферычную аберацыю, пазбавіцца ад комы. Выкарыстоўваюцца ў астраноміі, фатаграфіі і інш. Гл. таксама Максутава тэлескоп.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Меніскавыя сістэмы тыпу: а — Ньютана; б — Мерсена; 1 — меніск; 2, 3 — галоўнае і дапаможнае люстэркі.

т. 10, с. 287

МЕНО́Н (Крышна) (3.5.1896, г. Калікут, Індыя — 6.10.1974),

індыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Лонданскую школу эканомікі. У 1929—47 сакратар інд. лігі ў Лондане — мясц. аддзялення Індыйскага нацыянальнага кангрэса ў Вялікабрытаніі. У 1947—52 вярх. камісар (пасол) Індыі ў Вялікабрытаніі. З 1953 чл. інд. парламента. У 1952—62 прадстаўляў Індыю на ген. асамблеях ААН. Разам з Дж.​Нэру адзін са стваральнікаў знешнепаліт. курсу Індыі і ініцыятараў палітыкі недалучэння. З 1957 міністр абароны, пасля кіт.-інд. ўзбр. канфлікту 1962 у адстаўцы.

т. 10, с. 287

МЕНО́РКА (Menorca),

востраў у зах. ч. Міжземнага м., у складзе Балеарскіх а-воў. Тэр. Іспаніі. Пл. 754 км². Пераважаюць вапняковыя плато выш. да 357 м, якія ўступамі абрываюцца да мора. Развіты карст. Клімат міжземнаморскі, ападкаў 500—600 мм за год. Міжземнаморскія хмызнякі і лясы. Вырошчванне вінаграду, аліў, цытрусавых, міндалю. Авечкагадоўля, рыбалоўства. Марскія курорты, турызм. Порт Маон.

т. 10, с. 288