ВЕРАШЧА́ГІН Віктар Рыгоравіч
(н. 6. 9.1936, в. Пятруніна Валгаградскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне фізічнай оптыкі. Д-р фіз.-матэм. н. (1983), праф. (1985). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1959). З 1961 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1984 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па оптыцы рассейвальных асяроддзяў. Удзельнічаў у стварэнні новага класа аптычных фільтраў для інфрачырвонай вобласці спектра. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Тв.:
Инфракрасные фильтры. Мн., 1971 (разам з М.А.Барысевічам, М.А.Валідавым);
Рассеяние излучения в средах с высокой объемной концентрацией // Распространение света в дисперсной среде. Мн., 1982.
т. 4, с. 99
ВЕРАШЧА́ГІН Глеб Юр’евіч
(14.4.1889, в. Гасцееўка Тамбоўскай вобл., Расія — 5.2.1944),
савецкі гідрабіёлаг, азёразнавец. Д-р геагр. н., прафесар. Скончыў Варшаўскі ун-т (1913). З 1914 у Заал. музеі Пецярбургскай АН, з 1925 узначальваў Байкальскую экспедыцыю АН СССР, з 1930 дырэктар Байкальскай лімналагічнай станцыі. Навук. працы па планктоне і прэснаводных ракападобных, ледавіковым рэжыме, дынаміцы і марфалогіі берагоў, гідрабіялогіі Байкала. Аўтар тэорыі марскога паходжання байкальскай фауны і флоры.
т. 4, с. 99
ВЕРАШЧА́ГІН Леанід Фёдаравіч (29.4.1909, г. Херсон, Украіна — 20.2.1977, савецкі фізік. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1960). Герой Сац. Працы (1963). Скончыў Адэскі ін-т нар. адукацыі (1928). Арганізатар і з 1958 дырэктар Ін-та фізікі высокага ціску АН СССР. Навук. працы па фізіцы і тэхніцы звышвысокіх ціскаў, фіз. уласцівасцях цвёрдых цел і метадах вымярэння фіз. велічынь пры гэтых цісках, хіміі высокіх ціскаў. Пад кіраўніцтвам Верашчагіна ў СССР сінтэзаваны штучныя алмазы (1960). Дзярж. прэмія СССР 1952, Ленінская прэмія 1961.
Тв.:
Твердое тело при высоких давлениях: Избр. тр. М., 1981.
т. 4, с. 99
ВЕРАШЧА́КА,
традыцыйная бел. страва — мачанне для бліноў. Падсмажаныя кавалачкі сала, каўбасы, свіныя рабрынкі з вострымі прыправамі падкалочваюць мукой і тушаць у печы. У наш час верашчака пашырана на ўсёй Беларусі пад назвай мачанка.
т. 4, с. 99
ВЕРАШЧА́КІ,
шляхецкі род герба «Касцеша» ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Кобрыншчыны. У пач. 16 ст. згадваюцца Богуш і Мішка Верашчакі. У 1524 вял. князь ВКЛ Жыгімонт І Стары выдаў прывілей Богушу, Мішку, Стэцку, Івану і Сеньку Верашчакам на маёнтак Камень у Кобрынскім пав. У 1582 Шчэнсны, Міхаіл і Іван Верашчакі атрымалі пацвярджэнне на валоданне гэтым маёнткам ад Стафана Баторыя. У 18 ст. казначэй брэсцкі Піліп і яго сын Францішак (?—1762) сталі ўладальнікамі маёнткаў у Навагрудскім пав. Сын Францішка Антон (?—1806) быў маршалкам Навагрудскага пав. У 1-й чвэрці 19 ст. двор Верашчакаў у Туганавічах быў адным з гал. месцаў сустрэчы павятовай шляхты. У час канікул у 1820—21 сюды да тагачасных уладальнікаў Туганавіч Міхала і Юзафа Верашчакаў прыязджаў А.Міцкевіч. Тут ён сустрэў сваё вял. каханне — дачку Антона Марыю (у шлюбе Путкамер, 1799—1863), якой прысвяціў значную частку сваёй паэтычнай спадчыны.
В.У.Шаблюк.
т. 4, с. 99
«ВЕ́РА І ЖЫЦЦЁ»,
каталіцкі часопіс. Выходзіць з 1993 у Мінску на бел. мове (некаторыя матэрыялы друкуе на рус. і польск. мовах). Змяшчае матэрыялы рымска- і грэка-каталіцкіх канфесій. Друкуе рэліг. артыкулы гіст. і культурнай тэматыкі, урыўкі з рэліг. кніг, успаміны вернікаў аб наведванні святых мясцін і інш. Расказвае пра святых беларускай зямлі, храмавыя архітэктурныя помнікі. Мае рубрыкі: «На пытанні моладзі адказваюць святары», «Школа пеўчых» і інш.
т. 4, с. 92
ВЕ́РБАВІЧЫ,
вёска ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на Пд ад г. Нароўля, 187 км ад Гомеля, 43 км ад чыг. ст. Ельск. 355 ж., 144 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква 18 ст.
т. 4, с. 99