Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭЙХСКА́НЦЛЕР (ням. Reichskanzler),

1) у Германскай імперыі 1871—1918 адзіны агульнагерманскі міністр і старшыня бундэсрата, які прызначаўся імператарам. Узначальваў выканаўчую ўладу імперыі.

2) У Веймарскай рэспубліцы (1919—33) кіраўнік урада, які назначаўся прэзідэнтам з ухвалення рэйхстага. З 1933 пачалі стварацца т.зв. прэзідэнцкія кабінеты, якія ў абыход канстытуцыі не абапіраліся на давер парламента. У 1933—45 Р. быў А.​Гітлер, які ў 1934 аб’яднаў паўнамоцтвы кіраўніка ўрада і дзяржавы, скасаваўшы пасаду прэзідэнта.

т. 13, с. 567

РЭЙХСТА́Г (ням. Reichstag),

1) у «Свяшчэннай Рымскай імперыі» з 12 ст. — орган саслоўнага прадстаўніцтва пры герм. імператару, наз. таксама імперскім сеймам.

2) У Герм. імперыі — устаноўчы сход, потым ніжняя палата Паўн.-Герм. саюза (1867—71); у 1871—1918 — выбарны орган, які ўдзельнічаў у прыняцці законаў, бюджэту і кантролі за выканаўчай уладай (вышэйшым прадстаўнічым органам лічыўся бундэсрат).

3) У Веймарскай рэспубліцы (1919—33) — ніжняя палата парламента, якая выбіралася насельніцтвам паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва.

4) У фаш. Германіі (з 1933) Р. захоўваўся толькі фармальна. 27.2.1933 адбыўся справакаваны нацыстамі падпал будынка Р. (гл. Лейпцыгскі працэс 1933). У Вял. Айч. вайну 29.4—2.5.1945, сав. войскі 1-га Бел. фронту (Маршал Сав. Саюза Г.​К.​Жукаў) у ходзе Берлінскай аперацыі 1945 авалодалі будынкам Р. (размешчаны ў парку Тыргартэн у Берліне), на яго даху быў узняты Сцяг Перамогі.

5) У сучаснай ФРГ месца знаходжання федэральнага парламента.

С.​М.​Абрамаў.

т. 13, с. 568

РЭ́ЙХШТЭЙН ((Reichstein) Тадэвуш) (20.7.1897, г. Улацлавак, Польшча — 1996),

швейцарскі хімік і біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Вышэйшую політэхн. школу ў Цюрыху (1921). З 1934 праф., з 1938 заг. кафедры Базельскага ун-та. Навук. працы па пытаннях будовы і ўласцівасцей гетэрацыклічных рэчываў, цукроў, вітамінаў (аскарбінавай і пантатэнавай к-т), стэроідаў (гармонаў кары наднырачнікаў), сардэчных (расл.) гліказідаў. Сінтэзаваў аскарбінавую к-ту (вітамін С), вылучыў картызон і высветліў яго хім. будову. Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Ф.​Хенчам, Э.​К.​Кендалам).

А.​Ю.​Маніна.

Т.Рэйхштэйн.

т. 13, с. 568

РЭКАГНАСЦЫРО́ЎКА (ням Rekognoszierung ад лац. recoqnosco аглядваю, абследую),

1) візуальнае вывучэнне праціўніка і мясцовасці. Праводзіцца перад прыняццем камандзірам рашэння на бой (аперацыю), у ходзе перамяшчэння і размяшчэння войск і інш.; у мірны час — пры падрыхтоўцы і правядзенні вучэнняў, манеўраў. На Р. вызначаюцца маршруты і сродкі перамяшчэння, пункты прыпынкаў, арганізацыя аховы і інш. 2) Папярэдняе абследаванне мясцовасці для геадэзічных (топагеадэзічных) работ.

У.​І.​Грынюк.

т. 13, с. 568

РЭКАМБІНА́ЦЫЯ (рэ... + камбінацыя) у генетыцы, пераразмеркаванне генет. матэрыялу бацькоў у патомкаў, якое прыводзіць да спадчыннай камбінацыйнай зменлівасці жывых арганізмаў. Універсальны біял. механізм, уласцівы ўсім жывым сістэмам — ад вірусаў да вышэйшых раслін, жывёл і чалавека, важны пры эвалюцыйных ператварэннях. Адбываецца шляхам разыходжання гамалагічных храмасом у меёзе ці ўзаемадзеяннем малекул ДНК, вынікам якога з’яўляецца перанос участкаў ДНК з адной малекулы на другую (Р. ў вузкім сэнсе). Перанос бывае ў саматычных і палавых клетках, узаемным (рэцыпрокная Р.) і аднабаковым (нерэцыпрокная Р.). Для здзяйснення Р. ў эўкарыётаў існуе палавы працэс, у пракарыётаўкан’югацыя, трансфармацыя і трансдукцыя, у вірусаў — сумесная інфекцыя. Мэтанакіраванае атрыманне рэкамбінатных (гібрыдных) ДНК — аснова генетычнай інжынерыі.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 568

РЭКАМБІНА́ЦЫЯ ў фізіцы,

звязванне свабодных носьбітаў зараду процілеглага знака; працэс, адваротны іанізацыі. Напр., у выніку Р. электронаў і дадатна зараджаных іонаў (катыёнаў) у газавай плазме ўтвараюцца нейтральныя атамы ў асноўным ці ўзбуджаным стане (гл. Узроўні энергіі). У крышт. паўправадніках Р. дэлакалізаваных электрона і дзіркі (электроннай вакансіі) адбываецца ў выніку пераходу электрона з зоны праводнасці ў валентную зону (гл. Зонная тэорыя). Пры гэтым лішак энергіі можа вылучацца ў выглядзе выпрамянення фатонаў (выпрамяняльная Р.; вызначае механізм дзеяння паўправадніковых лазераў і святловыпраменьвальных дыёдаў) ці безвыпрамяняльна перадавацца ваганням крышт. рашоткі, дамешкавым атамам і інш.

М.​А.​Паклонскі.

т. 13, с. 568

РЭКАМЕНДА́ЦЫЯ (ад позналац. recommendatio даручэнне),

1) пісьмовы ці вусны спрыяльны водзыў для паступлення ў якую-н. арганізацыю.

2) Станоўчая характарыстыка каго-н. з прапановай выкарыстаць яго ў пэўнай справе.

3) Парада, прапанова (напр., Р. навуковая, урача, рэкламнага характару).

т. 13, с. 568

РЭКАНВЕ́РСІЯ (ад рэ... + лац. conversio змяненне, ператварэнне),

перавод нар. гаспадаркі краіны пасля заканчэння вайны на вытв-сць прадукцыі мірнага часу.

т. 13, с. 568

РЭКАНКІ́СТА (ісп. Reconquista ад reconquistar адваёўваць),

адваяванне карэнным насельніцтвам Пірэнейскага п-ва зямель, захопленых у пач. 8 ст. арабамі і паўночнаафрыканскімі плямёнамі бербераў; працягвалася з 718 да канца 15 ст. Першай была перамога над арабамі ў 718 каля Кавадонгі. Да 11. ст. ўзніклі ісп. дзяржавы Леон, Кастылія, Арагон, Навара. Вырашальным этапам Р. былі 11—13 ст. У 1085 адваяваны Таледа, у 1212 аб’яднаныя сілы іспанцаў нанеслі маўрам канчатковае паражэнне ў бітве каля Лас-Навас-дэ-Талосы. У 1229—35 адваяваны Балеарскія а-вы, у 1236 — Кордава, у 1238 — Валенсія, у 1248 — Севілья, у 1492 — Гранадскі эмірат. Адваяванне суправаджалася засяленнем і эканам. асваеннем спустошаных вайною зямель. Гал. рухальнай сілай Р. было сялянства, якое ў пач. Р. атрымлівала зямлю і асабістую свабоду. Каралеўская ўлада падтрымлівала ўтварэнне сялянскіх і гар. абшчын (найб. іх росквіт у 11—13 ст.). З пашырэннем Р. феад. ўціск узмацніўся. Актыўна ўдзельнічалі ў Р. гараджане (гарады атрымлівалі самакіраванне), рыцарства (колькасць рыцараў павялічвалася за кошт сялян і гараджан). Р., якая вялася пад сцягам барацьбы хрысціян супраць «няверных», абумовіла рост ідэалаг. ўплыву і эканам. магутнасці каталіцкай царквы ў Іспаніі і Партугаліі. З Р. звязаны працэс фарміравання ісп. і партуг. народнасцей. У аснову ісп. літ. мовы лёг кастыльскі дыялект, што тлумачыцца пераважнай роляй Кастыліі ў Р. Эпоха Р. адлюстравана ў нар. эпасе (гераічны эпас пра Сіда Кампеадора, «Рамансера» і інш.).

т. 13, с. 568

РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ (ад рэ... + лац. constructio пабудова),

поўная (карэнная) або частковая (малая) перабудова з мэтай палепшыць ці ўдасканаліць што-небудзь. У працэсе Р. вытв-сці, напр., узнаўляюцца ці абнаўляюцца наяўныя асноўныя вытворчыя фонды і вытв. магутнасці на новай тэхн. аснове з мэтай павелічэння аб’ёмаў вырабу прадукцыі, павышэння яе тэхн. ўзроўню і якасці, паляпшэння ўмоў працы.

Пры частковай Р. абнаўляюцца і мадэрнізуюцца некат. прылады працы, абсталяванне, часткова перабудоўваюцца асобныя цэхі без значнага пашырэння іх вытв. плошчаў; пры поўнай Р. — абнаўляецца пераважная частка абсталявання, комплексна механізуюцца і аўтаматызуюцца вытв. працэсы, мяняюцца тэхналогія і арганізацыя вытв-сці, будуюцца новыя, расшыраюцца старыя цэхі і ўчасткі асн. і дапаможнай вытв-сці. Робіцца таксама з мэтай змены профілю прадпрыемства ці вырабу новай прадукцыі на існуючых вытв. плошчах. Эканам. перавагі перад новым буд-вам: меншыя капітальныя затраты на адзінку прадукцыі, карацейшы тэрмін перабудовы, што дае магчымасць хутчэй і з меншымі выдаткамі атрымаць прырост прадукцыі.

т. 13, с. 568