РЭЖЫСЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА.
рэжысура, мастацтва ствараць гарманічна цэласнае відовішча, якое вызначаецца пэўным маст. адзінствам (спектакль, кінафільм, тэлефільм і інш.).
У тэатры рэжысёр паводле сваёй творчай задумы кіруе работай усіх удзельнікаў пастаноўкі (акцёраў, сцэнографа, кампазітара і інш), знітоўвае ўсе элементы спектакля і падпарадкоўвае іх раскрыццю ідэйна-маст. сутнасці драм. твора. Рэжысёрская задума ўключае ідэйнае вытлумачэнне (інтэрпрэтацыю) п’есы, вызначэнне яе жанру, стылю і адпаведна манеру акцёрскага выканання, характарыстыку персанажаў, вырашэнне спектакля ў часе і прасторы (тэмп, рытм, мізансцэны, арганізацыя сцэнічнай пляцоўкі), а таксама прынцыпы маст. афармлення спектакля (з мастаком і кампазітарам). У залежнасці ад асаблівасцей п’есы, яе тэмы, ідэі, жанру, стылю і інш. вынікае форма спектакля. Гал. сфера дзейнасці ў Р.м. — работа рэжысёра з акцёрам на рэпетыцыі над увасабленнем пастановачнай задумы спектакля. Адносіны паміж рэжысёрам і акцёрам у працэсе работы маюць характар творчага ўзаемадзеяння. Р.м. прайшло шлях ад спалучэння ў адной асобе драматурга, выканаўцы і рэжысёра да трансфармацыі рэжысёра як асн. творчага інтэрпрэтатара і арганізатара сцэн. твора.
Р.м. ў сучасным разуменні ўзнікла ў канцы 19 ст. і звязана з дзейнасцю рэжысёраў Л.Кронека, О.Брама, М.Райнгарта (Германія), А.Антуана (Францыя), Г.Крэга (Вялікабрытанія) і інш., якія імкнуліся да ўзнаўлення на сцэне «кавалка жыцця», ансамбля. Дынамічнаму развіццю Р.м. садзейнічалі вял. рус. рэжысёры К.Станіслаўскі (гл. Станіслаўскага сістэма), У.Неміровіч-Данчанка (стваральнік школы рэжысёрскага і акцёрскага майстэрства), У.Меерхольд (прынцыпы ўмоўнага т-ра, біямеханіка, адкрытая паліт. тэндэнцыёзнасць тэндэнцыйнасць*, эксперыменты ў форме спектакля і г.д.), Я.Вахтангаў (сінтэз рэжысёрскіх пошукаў Станіслаўскага і Меерхольда), А.Таіраў (імкненне да арган. суіснавання ўсіх элементаў сцэн. мастацтва: слова, спеваў, пантамімы, танца і г.д.). Пад уплывам іх творчых ідэй працавалі рэжысёры Ж.Капо, Ш.Дзюлен, Л.Жувэ (Францыя), М.Валенцін (Германія), Ю.Астэрва, Л.Шылер (Польшча), Э.Бурыян (Чэхія), Е. Ле Гальен (ЗША) і інш. Новы творчы імпульс Р.м. дала творчасць Б.Брэхта, які стварыў тэорыю эпічнага т-ра. Рэжысёрскім пазіцыям Брэхта блізкія Ж.Вілар, Ж.Баро (Францыя), П.Брук (Вялікабрытанія), Дж.Стрэлер (Італія) і інш. Прынцыпы Р.м. ў рас. т-ры 2-й пал. 20 ст. развівалі і развіваюць М.Акімаў, М.Ахлопкаў, А.Васільеў, А.Дзікі, Л Додзін, Ю.Завадскі, Б.Захава, М.Захараў, М.Кнебель. А.Лабанаў, Ю.Любімаў, А.Папоў, Р.Сіманаў, Г.Таўстаногаў, Л.Хейфіц, А.Эфрас, А.Яфрэмаў і інш.
На Беларусі ў нар. т-ры (паказах скамарохаў, батлейкі, нар. драмы) своеасаблівым рэжысёрам была нар. традыцыя, якой прытрымліваліся ўсе ўдзельнікі прадстаўленняў. Станаўленне Р.м. звязана з тэатр. дзейнасцю ў 1840—50-я г. В.Дуніна-Марцінкевіча (гл. Дуніна-Марцінкевіча тэатр), у 1-й пал. 20 ст. з творчасцю І.Буйніцкага, А.Бурбіса, Ф.Ждановіча, У.Фальскага. Яны апіраліся на нар. тэатр. традыцыі: стваралі сінт. па характары паказы, у якіх шырока выкарыстоўвалі муз. і харэагр. нар. творчасць; іх спектаклі вызначаліся моцным нац. каларытам, жыццёвай верагоднасцю, дакладнасцю нар. характараў і побыту. Традыцыі бел. нар. т-ра, Першай бел. трупы Буйніцкага прадаўжалі Ждановіч і У.Галубок. Параўнальна вял. ўвагу яны аддавалі раскрыццю сац. зместу твора, яго ідэйна-маст. гучанню, імкнуліся да больш глыбокай псіхал. распрацоўкі вобразаў. Прыкметна паўплывала на развіццё бел. Р.м. сістэма Станіслаўскага. Традыцыі рус. рэаліст. школы з прынцыпамі бел. нар. т-ра спалучаў у сваёй творчасці Е.Міровіч, які ўмела садзейнічаў раскрыццю творчай індывідуальнасці акцёра. Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся акцёрскім ансамблем, пластычнай выразнасцю і рэжысёрскім вынаходніцтвам, стыліст. своеасаблівасцю і адзінствам, дакладна распрацаванымі масавымі сцэнамі. У канцы 1920—30-я г. паявіліся рэжысёры, творчасць якіх вызначыла асаблівасці бел. Р.м. наступных гадоў. Глыбіня думкі, вострая форма, лаканізм выразных сродкаў, лірызм уласцівы рэжысуры М.Міцкевіча. Адчуванне сучаснасці, эмацыянальнасць і рамантычная афарбоўка — адметныя рысы рэжысуры К.Саннікава. Яркая відовішчнасць, тэатральнасць, майстэрства сцэн. кампазіцыі характэрны рэжысуры Л.Літвінава. Уклад у развіццё Р.м. зрабілі А.Аркадзьеў, Дз.Арлоў, Ю Арынянскі, Г.Волкаў, В.Галаўчынер, М.Зораў, М.Кавязін, С.Казіміроўскі, У.Кумельскі, Н.Лойтар, Л.Мазалеўская, У.Маланкін, А.Міронскі, І.Папоў, В.Пацехін, М.Рафальскі, Л.Рахленка, В.Рэдліх, А.Скібнеўскі, М.Співак, А.Струнін, С.Уладычанскі, В.Фёдараў, Ю.Шчарбакоў, Б.Эрын. Р.м. 1970—90-х г. характарызуецца ў пэўнай ступені абнаўленнем тэатр. выразных сродкаў, імкненнем да філасофска-абагульненай задумы спектакля і трактоўкі характараў, да сцэн. метафарычнасці, асацыятыўнасці. Пераемнасць творчых традыцый, пошукі сучаснага стылю характэрны для лепшых спектакляў Р.Баравіка (акрэсленасць грамадскай пазіцыі і глыбокая распрацоўка сцэн. характараў), У.Караткевіча (сацыяльна-паліт. распрацоўка матэрыялу п’есы, удумлівая работа з акцёрам), Б.Луцэнкі (пошук новых выразных магчымасцей драматургічнага матэрыялу п’есы і імкненне іх спалучыць з сучаснымі эксперыментальнымі пошукамі Р.м.), В.Раеўскага (канцэптуальныя падыходы да з’яў сучаснасці і выяўленне іх у яркай сцэн. форме), В.Мазынскага (імкненне ўзнавіць прынцыпы нар. т-ра з улікам сучасных тэатр. навацый), В.Баркоўскага (эксперыменты ў галіне формы і зместу спектакля), А.Андросіка (наследаванне традыцый рус. Р.м.), В.Катавіцка, Р.Таліпава (імкненне асвоіць прынцыпы сучаснага зах.-еўрап. Р.м.) і інш. Рэжысёрскія кадры рыхтуюць Бел. дзярж. АМ і Бел. ун-т культуры.
У кіно рэжысёр узначальвае творчы і вытворчы працэс па стварэнні фільма. Ён вызначае паводле сцэнарыя ідэйна-маст. задуму фільма і даводзіць яго да цэласнага ўвасаблення, кіруе сумеснай работай акцёраў, аператара, мастака, кампазітара і інш. удзельнікаў пастаноўкі.
У кіно Р.м. зарадзілася ў пач. 20 ст. У зах. кінематографе ў розныя часы высокім узроўнем вызначалася Р.м. Л.Буньюэля (Іспанія), Ж.Л.Гадара, Л.Дэлюка, Р.Клера, Ф.Лежэ. Ж.Мельеса, А.Рэне, Ж.Рэнуара, Ф.Труфо (Францыя); Д.Грыфіта, Т.Інса, Ф.Капры, Ф.Ф.Копалы. С.Крамера, С.Кубрыка, Дж.Лукаса, Э.Портэра, М.Скарсезе, С.Спілберга, Дж.Форда, Ч.Чапліна (ЗША); Р.Віне, Ф.Ланга, Ф.В.Мурнаў, Р.В.Фасбіндэра (Германія); Л.Андэрсана, Т.Рычардсана (Вялікабрытанія); М.Антаніёні, Л.Вісконці, П.П.Пазаліні, Р.Раселіні, В.Дэ Сікі. Ф.Феліні (Італія); І.Бергмана (Швецыя); А.Курасавы (Японія); А.Вайды, Е.Гофмана, К.Занусі (Польшча). У Расіі Р.м. звязана з дзейнасцю В.Абдрашытава, Р.Аляксандрава. бр. Васільевых, С.Бандарчука, Дз.Вертава, У.Гардзіна, С.Герасімава, А.Германа, М.Губенкі, Г.Данеліі, М.Калатозава, Р.Кармэна, Р.Козінцава, Л.Куляшова, М.Міхалкова, А.Міхалкова-Канчалоўскага, Г.Панфілава, Я.Пратазанава, У.Пудоўкіна, І.Пыр’ева, Э.Разанава, М.Рома, А.Сакурава, А.Таркоўскага, В.Шукшына, С.Эйзенштэйна, Ф.Эрмлера, С.Юткевіча.
Станаўленне Р.м. ў бел. кіно адбывалася ў 1920—30-я г. і звязана з дзейнасцю Э.Аршанскага, Я.Дзігана, У.Корш-Сабліна, Ю.Тарыча, з пошукамі рэжысуры ў адлюстраванні героікі рэвалюцыі і сучаснай праблематыкі, у распрацоўцы тэмы перавыхавання чалавека ва ўмовах новага грамадства. Р.м. Тарыча ўласцівы рамант. ўзнёсласць з даследаваннем жыццёвага асяроддзя, дакладнасць у перадачы каларыту эпохі і гіст. падзей. Фільмы Корш-Сабліна вызначаюцца экспрэсіўнасцю буйных планаў, выразнымі дэталямі, плакатна-гратэскавай абмалёўкай адмоўных персанажаў, увагай да псіхалогіі чалавека-працаўніка, да рэаліст. быт. падрабязнасцей. Традыцыі героіка-рамант. вырашэння тэмы прадоўжаны ў фільмах 1940—50-х г., прысвечаных Вял. Айч. вайне (Л.Голуб, М.Фігуроўскі) і гіст.-рэв. падзеям (Корш-Саблін). Адметнасць Р.м. 1960—1-й пал. 1970-х г. звязана з новым пакаленнем бел. кінематаграфістаў, сцвярджэннем імі дакумент. стылістыкі як дамінуючага маст. прынцыпу адлюстравання рэчаіснасці. Свабоднае, раскаванае апавяданне, будзённая плынь жыцця, адмаўленне ад знешняга пафасу, патэтыкі, здымкі «пад хроніку» выразна выявіліся ў фільмах пра Вял. Айч. вайну П.Арманда, Р.Віктарава, І.Дабралюбава, В.Турава, А.Спешнева, Б.Сцяпанава. Рэжысёры імкнуліся да маст. рэканструкцыі гіст. фактаў, уключалі ў ігравыя фільмы кінахроніку, фотаздымкі і інш., прынцыпы дакументалізму часам спалучаліся з вобразна-паэт. абагульненнямі і сімволікай. У 2-й пал. 1970-х — 1990-я г. з пашырэннем жанравай і стылявой палітры Р.м. пераважнае развіццё атрымалі эпічныя і публіцыст. кінастужкі. Для Р.м. гэтага часу характэрны пошукі сац. і філасофскіх абагульненняў, увага да маст. даследавання стыхіі нар. жыцця, паглыбленая цікавасць да паўсядзённага побыту, імкненне ствараць каларытныя нар. характары (Тураў, В.Рыбараў). Прыкметнымі сталі публіцыст. прынцыпы вырашэння творчай задумы, што выявілася ў падкрэслена вострых характарыстыках драм. канфліктаў і герояў у фільмах В.Нікіфарава, М.Пташука, Турава. Схільнасць да яркай відовішчна-выяўл. формы вылучае рэжысуру В.Рубінчыка. Высокім майстэрствам у даследаванні трагічных падзей Вял. Айч. вайны на Беларусі, сінтэзам стылявых прыёмаў ігравога і дакумент. кіно, арганічным спалучэннем эпасу і публіцыстыкі вылучаецца Р.м. Э.Клімава. У 1960—90-я г. значна вырасла Р.м. і ў бел. дакумент. кіно (І.Вейняровіч, М.Гарбуноў, М.Жданоўскі, Ю.Лысятаў, Дз.Міхлееў, І.Пікман, В.Сукманаў, М.Хубаў, У.П.Цяслюк, У.У.Цяслюк, Р.Ясінскі і інш.), асабліва ў цыклах В.Дашука.
На тэлебачанні рэжысёр увасабляе ідэйна-маст. задуму ў цэласную структуру тэлевізійнага твора (тэлефільма, тэлеспектакля, тэлеперадачы); стварае гукапластычнае экраннае відовішча, у якім сінтэтычна аб’яднаны выяўл. сродкі тэлевізійнага мастацтва: тэледраматургія, акцёрскае мастацтва, пластыка экраннай мовы, гукарытмічны строй дзеяння (музыка, мова і шумы). Станаўленне бел. тэлерэжысуры пачалося ў 2-й пал. 1960-х г. і звязана з выпускам кароткаметражных маст. стужак. Псіхалагічнай дакладнасцю, лірыка-паэт. бачаннем свету, мяккім гумарам вызначаюцца тэленавелы В.Басава, Ю.Дубровіна, М.Кожына, Нікіфарава, В.Панамарова, Рубінчыка, В.Урагава. Р.м. 1970—90-х г. наследавала і творча пераасэнсоўвала вопыт, набыты ў кіно. Значнае месца занялі шматсерыйныя тэлетворы, засн. на дакумент.-маст. трактоўцы падзей гісторыі. Арганічнае ўвядзенне ў маст. палатно ўрыўкаў з дакумент. стужак, фатаграфій, дакументаў, дыктарскага тэксту як прынцыпова важнага структураўтваральнага элемента, што пашырыла рамкі дзеяння, наблізіла гіст. час экранных падзей да рэальнага часу (творы А.Гутковіча, Дубровіна, В.Карпілава, Сцяпанава). Асабліва прыкметны рост Р.м. ў экранізацыях твораў бел. і рус. класічнай л-ры: з дапамогай багатых выяўл. сродкаў відэатэхнікі пластычна, выразна прачытана паэт. спадчына Я.Купалы; рысы эпічнасці, паэтычна-метафарычная, пластычная вобразнасць, паглыбленае даследаванне псіхалогіі герояў у часы драм. і трагічных выпрабаванняў, дакумент. выразнасць у перадачы атмасферы вайны вылучаюць экранізацыі твораў В.Быкава і В.Казько; сугучнасцю інтанацыі аўтарскага апавядання і рэжысёрскай, выяўл., акцёрскай культуры адзначана экраннае ўвасабленне твораў І.Тургенева, І.Мележа, У.Караткевіча. Плённа працавалі і працуюць рэжысёры-тэледакументалісты С.Агеенка, Г.Адамовіч, У.Арлоў, В.Аслюк, Басаў, У.Бокун, І.Волах, С.Гайдук, Н.Гаркунова, Ю.Гарулёў, Л.Гедравічус, Ф.Грыцкова, В.Жыгалка, І.Калоўскі, А.Карпаў, М.Князеў, В.Шавялевіч, М.Якжэн і інш. Гл. таксама Кінамастацтва, Тэлевізійнае мастацтва.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн., 1983—87;
История белорусского кино. [Кн. 1—2]. Мн., 1969—70;
Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Сабалеўскі А. Ад п’есы — да спектакля. Мн., 1965;
Яго ж. Жыццё тэатра. Мн., 1980;
Яго ж: Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт. Мн., 1985;
Слова пра майстроў сцэны Мн., 1967;
Майстры беларускай сцэны. Кн. 3. Мн., 1978;
Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;
Яго ж. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Уладзіслава Галубка. Мн., 1979;
Пятровіч С. Еўсцігней Міровіч 2 выд. Мн., 1978;
Смольскі Р. Пазначана часам: Пошукі сучаснай бел. рэжысуры. Мн., 1984;
Баравік Р.І. Рэжысура Беларусі: прабл. канцэптуальнасці спектакляў. Мн., 2000;
Красинский А.В. Юрий Тарич. Мн, 1971;
Кино Советской Белоруссии М., 1975;
Современное белорусское кино. Мн., 1985;
Бондарева Е.Л. Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980;
Павлючик Л. От исповеди к эпосу: Судьбы и фильмы Виктора Турова. М., 1985;
Нечай О.Ф. Большой мир малого экрана. Мн., 1979;
Яе ж. Телевидение как художественная система. Мн., 1981.
А.К.Саннікаў, Р.І.Баравік (рэжысёрскае мастацтва ў тэатры), А.В.Красінскі (у кіно), В.Ф.Нячай (на тэлебачанні).
т. 13, с. 555